Экскурсия по «революционным улицам Шумилино и Оболи

Край шумілінскі

Прайдуся я па Ленінскай, звярну на Луначарскага…

 Экскурсія па «рэвалюцыйных» вуліцах Шуміліна і Обалі

Уплыў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі на грамадска-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае жыццё большасці краін свету быў вельмі моцным, асабліва на тэрыторыі былой Расійскай імперыі.  Пасля перамогі рэвалюцыі новая ўлада дзейнічае так, як спявалі ў рэвалюцыйным гімне «Рабочая Марсельеза»:

«Отречёмся от старого мира,

Отряхнём его прах с наших ног…».

Разбурэнне старога свету тычылася ўсяго, у тым ліку адмаўляліся і ад старых назваў населеных пунктаў і вуліц. Згодна з ленінскім планам прапаганды рэвалюцыйных ідэй замест старых назваў з’яўляліся новыя, звязаныя з рэвалюцыяй і ператварэннямі жыцця. Давайце пройдзем па Шуміліне і Обалі і паспрабуем знайсці вуліцы, назвы якіх нагадваюць пра Кастрычніцкую рэвалюцыю.

У 1917 годзе мястэчка Шуміліна, што прылягала да чыгуначнай      станцыі Сіроціна, было невялікім, у ім налічвалася літаральна пара вуліц, з якіх, напэўна, назву захавала толькі Вакзальная. Другое дыханне мястэчка атрымала ў 1924 годзе, калі стала цэнтрам Сіроцінскага раёна. Напэўна, тады і пачалі з’яўляцца «рэвалюцыйныя» вуліцы.

Цэнтральныя вуліцы райцэнтра атрымалі назвы ў гонар заснавальніка ідэй камунізму Карла Маркса (нямецкі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, грамадскі дзеяч), арганізатара Кастрычніцкай рэвалюцыі Уладзіміра Ульянава (Леніна) (вуліца Ленінская) і рэвалюцыянера В. Валадарскага (сапраўднае імя Маісей Гальдштэйн, забіты ў Петраградзе ў 1918 годзе ў выніку замаху). Калі верыць старым картам, вуліца Карла Маркса – гэта якраз былая вёска Шуміліна. Ленінская была галоўнай вуліцай раённага цэнтра да канца 1960-х гадоў, на ёй размяшчаліся райкам КПБ(б), райвыканкам, іншыя дзяржаўныя ўстановы. Пазней, па меры пашырэння райцэнтра, дадаліся вуліцы 1-я і 2-я Энгельса (Фрыдрых Энгельс – нямецкі палітычны дзеяч, філосаф, прадпрымальнік, сябар К. Маркса). У гонар савецкіх партыйных і дзяржаўных дзеячаў носяць назвы вуліцы Дзяржынскага (Ф. Э. Дзяржынскі – польскі і расійскі рэвалюцыянер, кіраўнік шэрагу народных камісарыятаў, заснавальнік ЧК), Кірава (С. М. Кіраў (Кострыкаў) – рэвалюцыянер, савецкі дзяржаўны і партыйны дзеяч, забіты ў 1934 г. у Ленінгра-дзе ў выніку замаху), Луначарскага (А. В. Луначарскі – рэвалюцыянер, першы наркам асветы РСФСР у 1917-1929 гадах, публіцыст), Калініна (М. І. Калінін – рэвалюцыйны, дзяржаўны і партыйны дзеяч, з 1919 па 1946 год займаў пасаду намінальнага кіраўніка савецкай дзяржавы (РСФСР, з 1922 года – СССР).

У гонар савецкіх ваенных дзеячаў названы вуліцы Шчорса (М. А. Шчорс – у гады Першай сусветнай вайны афіцэр царскай арміі, з 1918 года адзін з арганізатараў і каман-дзіраў часцей Чырвонай Арміі ва Украіне, загінуў у баі з войскамі генерала Дзянікіна) і Фрунзе (М. В. Фрунзе – рэвалюцыйны, дзяржаўны і ваенны дзеяч, военачальнік Чырвонай Арміі ў гады Грамадзянскай вайны, ваенны тэарэтык).

Назва Кастрычніцкая – у савецкія часы практычна сінонім «рэвалюцыйная». А калі ў 1957 годзе святкаваўся чарговы юбілей Кастрычніцкай рэвалюцыі, у Шуміліне з’явілася вуліца 40 год Кастрыч-ніка. Пра ўсталяванне ўлады Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў нагадвае вуліца Савецкая.

У гонар новых грамадскіх арганізацый – дзіцячай і маладзёжнай – носяць назвы вуліцы Піянерская і Камсамольская. Пра пераўтварэнні ў сельскай гаспадарцы нагадвае вуліца Калгасная, а пра часы індустрыялізацыі – Тарфяная, 1-я і 2-я Прамысловыя. З вытворчым спаборніцтвам перадавікоў-ударнікаў звязана назва вуліцы Ударная. Першамайская названа ў гонар Дня міжнароднай салідарнасці працоўных (зараз Дзень працы).

У Обалі таксама ёсць вуліцы Леніна, Кірава, Камсамольская, Першамайская, Савецкая. А вуліца Даўмана названа ў гонар латышскага рэвалюцыянера, савецкага военачальніка, удзельніка Грамадзянскай вайны А. Э. Даўмана, які загінуў у 1920 годзе ў баях пад Брэстам падчас савецка-польскай вайны.

Вось такая экскурсія ў гісторыю атрымалася падчас прагулкі па вуліцах гарадскіх пасёлкаў Шумілін-шчыны. Дарэчы, наша краіна засталася адзінай, дзе Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі захаваў статус дзяржаўнага святочнага дня.

Са святам!

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *