Вопросы реализации Декрета №18 рассмотрены на очередном заседании Шумилинского райисполкома

Главное Общество Президент

Дзеці павінны выхоўвацца ў сям’і

Механізм міжведамаснага ўзаемадзеяння дзяржорганаў і іншых структур у пытаннях правядзення сацыяльнага расследавання і арганізацыі работы з сем’ямі, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, разгледжаны на адкрытым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Сяргея Галынчыка. Удзел у пасяджэнні брала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкама Анастасія Пракоф’ева.

 Злоўжыванне бацькамі спіртнымі напоямі, скандалы, працяглае беспрацоўе – прычын сямейнага няшчасця шмат, а наступстваў у выглядзе неналежнага выканання бацькамі абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, пакідання іх без нагляду яшчэ больш. Менавіта таму ў дадзенай рабоце задзейнічана мноства структур і ведамстваў, зазначыла ў сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава. Пры райвыканкаме створаны Каардынацыйны савет па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях», які зяўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным органам па выпрацоўцы і ажыццяўленні ўзгодненых мерапрыемстваў, накіраваных на абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у нядобранадзейных сем’ях.

Выяўленнем сямейнай нядобранадзейнасці займаюцца шматлікія арганізацыі і структуры, на гэта накіраваны міжведамасныя прафілактычныя рэйды «Дом без насілля» і «Сям’я без насілля», работа аглядных камісій і г.д.

Асобная тэма – сацыяльнае расследаванне. Па словах Ірыны Шалахавай, па кожным паведамленні, атрыманым ад суб’ектаў прафілактыкі, у раёне напрацаваны пэўны вопыт міжведамаснага ўзаемадзеяння па вывучэнні  фактаў, накіраваных на размежаванне выпадкаў цяжкай жыццёвай сітуацыі ў сям’і і сацыяльна небяспечнага становішча дзяцей. Тым не менш, сёлета мелі месца факты несвоечасовага прадастаўлення, няякаснага вывучэння адказнымі асобамі СШ №1, СШ №2, Мікіціхінскай СШ, Сацыяльна-педагагічнага цэнтра матэрыялаў аб прызнанні дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Спецыялісты ўстаноў адукацыі не заўсёды дакладна дыягнастуюць праблемы сям’і, ацэньваюць наяўнасць сацыяльна небяспечных умоў для пражывання дзяцей.

 

Па стане на 1 лістапада 2022 года 73 непаўналетнія з 31 сям’і прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы (у 2021 г. – 78 з 35 сямей). У 26 сямей (84%) асноўнай прычынай такога незайздроснага становішча з’яўляецца бацькоўскае непрабуднае п’янства. 43 бацькі стаіць на ўліку ў нарколага ЦРБ. 

 

Намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Анастасію Пракоф’еву насцярожваюць нулявыя выпадкі выяўлення праблем у некаторых установах дашкольнай адукацыі, што хутчэй за ўсё сведчыць пра недастатковую работу па раннім выяўленні сямейнага недабрабыту і з боку медыцынскіх работнікаў, якія не заўсёды пры патранажы маленькіх дзяцей сігналізуюць пра выпадкі сямейнай нядобранадзейнасці, і з боку выхавальнікаў. «А гэта мае вельмі важнае значэнне, – падкрэсліла Анастасія Адамаўна. – Бо чым раней выявіць праблему, чым раней страсянуць бацькоў, пакуль сітуацыя не выйшла з-пад кантролю, тым больш шансаў пры належнай прафілактычнай рабоце пакінуць дзіця ў сям’і».

Старшыню райвыканкама Сяргея Галынчыка не вельмі задавальняе, як у раёне наладжана работа з бацькамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. «Як з імі працуюць кіраўнікі і калегі? Няўжо нельга 31 сям’ю ўзяць на асаблівы кантроль? Як атрымліваецца, што дзеці да 3-х год трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча, і іх выяўляюць не медыкі, а РАУС? – гэтыя і іншыя пытанні былі ўзняты кіраўніком раёна перад адказнымі службамі.

Па словах І. І. Шалахавай, работа па ўхіленні прычын і ўмоў сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх будуецца на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння. Падключаюцца ўсе: адукацыя, ро-дзічы, сельвыканкамы, РАУС, РАНС, ЦРБ, ТЦСАН і іншыя службы. Дапамагаюць нядбайным бацькам працаўладкоўвацца, лячыцца ад алкагалізму, наладжваць адносіны ў сям’і. Актыўна працуюць з праблемнымі сем’ямі ў ПМК-70, УП ЖКГ, Шумілінскім лясгасе. І ўзаемная работа суб’ектаў прафілактыкі прыносіць пэўны вынік. Так, за бягучы перыяд года 85% сямей былі зняты з уліку ў сувязі з аздараўленнем абстаноўкі і нармалізацыяй сітуацыі.

У апошнія гады орган апекі і папячыцельства райвыканкама не прымаў рашэнне аб неадкладным адабранні дзяцей ў бацькоў. Пры выяўленні пагрозы жыццю і здароўю дзеці на пэўны тэрмін перадаюцца родным, змяшчаюцца ў дзіцячае аддзяленне бальніцы ці ў Обальскі прытулак. Адпаведныя службы падключаюцца да работы з бацькамі. Калі работа не прыносіць вынік, і бацькі не прымаюць ніякіх мер па вяртанні дзяцей у сем’і, дзеці прызнаюцца маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 14 дзяцей з 7 сямей атрымалі сёлета такі статус.

Заканадаўчыя акты, якія ляжаць у аснове сацыяльнай палітыкі дзяржавы ў адносінах да дзяцей, накіраваны на захаванне сям’і для дзіцяці. Яны дазваляюць не толькі на ранніх стадыях умешвацца ў нядобранадзейныя сітуацыі ў сем’ях, але і задзейнічаць усе наяўныя ў раёне рэсурсы ў рамках розных ведамстваў для вывядзення сям’і з сацыяльна небяспечнага становішча. А тут неабходна ўсім зацікаўленым службам забяспечыць дыферэнцыраваную і якасную дапамогу сем’ям згодна са сваёй кампетэнцыяй. Ні ў якім разе нельга быць раўнадушнымі. Хаця тут не заўсёды атрымліваецца быць усясільнымі.

Алена КАРПУШЭНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *