От «дегустации» наркотиков лучше отказаться, предупреждают сотрудники милиции

Закон

Ад «дэгустацыі» лепш адмовіцца

Сёлета ў вобласці выяўлена 369 нарказлачынстваў, што на 3,6% больш, чым у мінулым годзе, паведаміў Ілья Савінаў. У нашым раёне зарэгістраваны два выпадкі.

Старшы оперупаўнаважаны групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі РАУС Ілья Савінаў праводзіць  прафілактычныя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі раёна, расказвае, што такое наркотыкі і чаму яны шкодныя, чаму трэба адмовіцца ад «дэгустацыі» шкодных рэчываў, калі іх прапаноўваюць сябры ці знаёмыя.

Агульная дэградацыя асобы ў выніку прыёму наркотыкаў наступае ў 10-15 разоў хутчэй, чым ад алкаголю, і да сярэдняга ўзросту наркаманы часцей за ўсё не дажываюць. Яны паміраюць ад перадазіроўкі, розных хвароб або заканчваюць жыццё самагубствам. І такія шакіруючыя прыклады не рэдкасць.

  У ліпені бягучага года трое дзесяцікласнікаў г. Мінска, жадаючы паспрабаваць вострыя адчуванні, набылі метадон. Толькі адзін з хлопцаў, думаючы пра наступствы, адмовіўся ад «дэгустацыі». Двое сяброў не стрымаліся  і ўдыхнулі небяспечны парашок, ад чаго літаральна праз дзве хвіліны ўжо не маглі стаяць на нагах. Цвярозы хлопец давёў аднаго сябра дадому, другога пасадзіў на лаўку ля пад’езда. Бацькі першага старшакласніка раніцай не змаглі разбудзіць сына і выклікалі «хуткую дапамогу», медыкі былі катэгарычнымі: толькі шпіталізацыя.

  Як потым высветлілася, другі хлопец, які пакаштаваў метадон, так і праляжаў у забыцці цэлую ноч на лаўцы, бо не змог падняцца, а прахожым і бацькам не было справы… Абодва дзесяцікласнікі доўгі час знаходзіліся ў рэанімацыі. Адзін з іх так і не прыйшоў у свядомасць і памёр у бальніцы.

  Супрацоўнікі міліцыі г. Мінска затрымалі  збытчыка смяротнага метадона, яму пагражае пазбаўленне волі да 25 гадоў.

Рост колькасці маладых людзей, якія ўжываюць наркотыкі або ўцягнуты ў незаконную дзейнасць па іх распаўсюджванні, выклікае занепакоенасць праваахоўных органаў. «Важна не дапусціць, каб у гэтым спісе апынуліся нашы дзеці, – кажа Ілья Савінаў. – Таму мы папярэджваем моладзь: не варта спрабаваць наркотыкі, у іх няма нічога смачнага. Не варта верыць у лёгкія грошы, якія абяцаюць за распаўсюджванне рэчываў, што нясуць смерць. Лепш свой час і сваю энергію накіраваць на добрыя справы, дапамогу людзям, на спорт і здаровы лад жыцця.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *