Этот экзотический спорт — вавинам вьет во дао

Мир увлечений Молодёжь Спорт, туризм

Светлана Барановская

Мастацтва бою – філасофія душы
Можна па-рознаму адносіцца да новых неалімпійскіх відаў спорту, якіх зараз нямала, у сваёй большасці гэта байцоўскія кантактныя віды спорту. Але бясспрэчны той факт, што ў іх дастаткова паклоннікаў, чэмпіянаты і турніры збіраюць поўныя залы, нават узнікаюць спецыяльныя тэлевізійныя праграмы (найбольш вядомы ў нас тэлеканал “Баец”).
Сярод гэтага мноства спартыўнай экзотыкі асаблівае месца займаюць усходнія адзінаборствы, можна сказаць, што амаль кожная краіна Азіі можа пахваліцца сваім адзінаборствам, а некаторыя і некалькімі. Найбольш вядомае – ушу.
Адным з самых маладых усходніх адзінаборстваў лічыцца вавінам вьет во дао. Гэты накірунак узнік у 30-ыя гады XX стагоддзя ў В’етнаме, а як від спорту пачаў актыўна развівацца з 60-х гадоў. У Беларусі вавінам вьет во дао стаў папулярным з 90-х гадоў.
Усе ўсходнія адзінаборствы – гэта асаблівая філасофія дасягнення гармоніі душы і цела. Існуе строгая іерархія дасягненняў. Праўда, ва ўсіх тонкасцях можа разабрацца хіба толькі спецыяліст, а для шырокай публікі – паядынкі і паказальныя выступленні з атрыбутыкай школ. Прычым паядынкі атрымліваюцца вельмі відовішчнымі, хаця і жорсткімі.
Ёсць прыхільнікі вавінам вьет во дао і ў нашым раёне. Святлана Бараноўская (на здымку) з вёскі Баёўка, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, дасягнула высокіх вынікаў. Яна – трохразовы чэмпіён вобласці, трохразовы чэмпіён Беларусі, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы. Усе свае званні атрымала ў катэгорыі “Паядынак”, мае I разрад па вавінам вьет во дао і таксама I разрад па ушу.
“Святлана яшчэ ў школе была сапраўдным лідарам, удзельнічала ва ўсіх раённых спаборніцтвах па ўсіх відах спорту, — расказвае настаўнік фізкультуры СШ №2 А. В. Навуменка, — яна таленавітая і перспектыўная спартсменка”.
Знайшла Святлана Бараноўская свой від спорту выпадкова. “Неяк 13-га, у пятніцу, разам з сяброўкай ішлі з вучобы. Так проста вырашылі зайсці ў спартыўную залу, — успамінае Святлана, — трапілі на трэніроўку вавінам вьет во дао. Спадабалася”.
Першыя трэніроўкі не былі складанымі для дзяўчыны, сёння яна кажа дзякуй Аляксандру Віктаравічу не толькі за асновы фізічнай падрыхтоўкі, а і за тое, што выхаваў у яе характар байца.
На яе адразу звярнуў увагу трэнер Сяргей Шарэнда, які ўбачыў у Бараноўскай перспектыўнага байца вавінам вьет во дао. Тэхніка тэхнікай, а Святлана адразу сканцэнтравалася на паядынках.
Плённыя трэніроўкі прынеслі вынікі: Святлана Бараноўская пачала перамагаць на нацыянальных турнірах, чэмпіянатах. Яна трапіла ў нацыянальную зборную Беларусі. Найбольшага поспеху Святлана дасягнула сёлета: у сакавіку на чэмпіянаце Еўропы па вавінам вьет во дао, які праходзіў у італьянскай Лігнано Саб’ядора, у вагавой катэгорыі 65 кілаграмаў яна стала сярэбраным прызёрам.
Сёння Святлана Бараноўская ставіць перад сабой задачу: выйграць чэмпіянат свету па вавінам вьет во дао, які пройдзе ў наступным годзе.
Для даведкі.
Паядынак у вавінам вьет во дао – гэта тры раўнды па тры хвіліны, дазволены амаль усе удары рукамі,  локцямі, нагамі (за выключэннем удараў у пах, паты-ліцу). У Беларусі толькі пяць жанчын выходзяць на рынг на паядынак па вавінам вьет во дао.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №25 ад 27.03.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *