Найдёт ли инвестора Обольский керамический завод

Актуалии Экономика

Інвестар дасць грошай? Або Пра былую славу, сённяшнія рэаліі і мары Обальскага керамічнага завода
Обальскі керамічны завод у свой час зведаў пік свайго росквіту і славы. Некалі адно з буйнейшых прадпрыемстваў рэспублікі па вытворчасці цэглы — яго прадукцыя у мурах Іверскіх варот на Чырвонай плошчы,  сотнях і тысячах будынкаў Масквы і Санкт-Пецярбурга, многіх гарадоў, пасёлкаў і вёсак Расіі і Беларусі. На жаль, гэта ўсё ў мінулым.
Цяпер завод у зацяжным крызісе і выйсці з яго будзе непроста. Састарэлыя тэхналогіі не адпавядаюць сучасным патрабаванням да якасці прадукцыі, высокія энергазатраты і рост цэн на энерганосьбіты робяць прадукцыю неканкурэнтаздольнай па цане. Змяніліся тэхналогіі будаўніцтва — маналітны жалезабетон, газасілікат прыйшлі на замену цэглы. Ды і да цэглы змяняюцца патрабаванні – неабходна парызаваная, буйнапамерная, а гэта іншае абсталяванне, іншыя вытворчыя працэсы.
Калі і хто дапусціў памылку, чаму не правялі рэканструкцыю своечасова, калі прадукцыя была нарасхват і былі свае грошы, чаму не перайшлі на выраб іншай, больш запатрабаванай прадукцыі. Напэў-на, няма сэнсу высвятляць цяпер, калі стаіць пытанне наогул пра існаванне завода. Цяпер неабходна думаць і рабіць тое, што дапаможа захаваць прадпрыемства, захаваць калектыў, і наогул, захаваць Обаль як гарадскі пасёлак. Бо завод для Обалі – гэта, як кажуць, усё.
Сёння завод працуе толькі дзякуючы падтрымцы дзяржавы, абласных і раённых уладаў. Яны дазваляюць заводу браць газ, нягледзячы на запазычанасць, дапамагаюць фінансамі, шукаюць шляхі выхаду з існуючага становішча. А пытанне стаіць востра і ўскладняецца з кожным днём. Нават тая цэгла, што вырабляецца, рэалізуецца з цяжкасцю. Усе спадзяванні на тое, што з наступленнем цяпла пачнецца ажыўленне на будоўлях і цэгла знойдзе свайго спажыўца. Вось толькі сама цэгла пакупніка не знойдзе, тут неабходна працаваць маркетынгавай службе, усёй адміністрацыі завода.
Пачала працаваць кагенерацыйная ўстаноўка, якая забяспечвае завод электраэнергіяй і дае цяпло для вытворчасці, ацяплення, заводскіх цяпліц. Але гэта ўжо не выратоўвае сітуацыю. Стаіць пытанне аб закрыцці першага цэха завода. А гэта цэлае кола праблем, у першую чаргу з працаўладкаваннем людзей.
Выхады з сітуацыі, што склалася на прадпрыемстве, шукаюцца па розных напрамках.
Як расказаў кіраўнік прадпрыемства В. А. Старыковіч, заводскія спецыялісты распрацавалі праграму рэканструкцыі цэха №1, якая дазволіць захаваць вытворчасць. Першы этап прадугледжвае капітальны рамонт і мадэрнізацыю абсталявання. Гэта дазволіць палепшыць якасць прадукцыі (павялічыць марку да 175 МПа, пустотнасць да 32-36%), эканомія сыравіны да 7%, паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР) да 3-4%).
Другі этап прадугледжвае больш глыбокую мадэрнізацыю тэхналагічных ліній, што істотна павысіць якасць цэглы (марка 175-200 МПа, марозатрываласць да 35 цыклаў, пустотнасць 45-48%, зніжэнне расходу сыравіны на 15%, ПЭР – на 10-13%). Гэта дазволіць задзейнічаць вытворчыя магутнасці ў поўным аб’ёме.
На свабодных плошчах плануецца вытворчасць тратуарнай пліткі і бардзюрнага каменю. Запланавана рэнтабельнасць на ўзроўні 20%, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі – 619 мільёнаў рублёў.
Праграма прадугледжвае аптымізацыю колькасці работнікаў і працаўладкаванне вызваленых людзей на іншыя прадпрыемствы. У гэтым напрамку працуе і адміністрацыя прадпрыемства, і раённыя ўлады. Скарачэнне непазбежнае. Праўда, пакуль абальчане спадзяюцца на стабілізацыю сітуацыі і не надта імкнуцца шукаць новую работу. Як варыянт разглядаецца пытанне аб далучэнні завода ў якасці філіяла да больш паспяховага прадпрыемства, напрыклад, віцебскай “Керамікі”. Зразумела, што стратны “падарунак” нікога не абрадуе, і новае кіраўніцтва будзе імкнуцца пазбавіцца ад такой нагрузкі, як абальчане пазбаўляюцца ад расонскага філіяла.
На заводзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва сучаснай тэхналагічнай лініі, па сутнасці новага завода, разведаных запасаў гліны хопіць на многія дзесяцігоддзі работы. Для будаўніцтва патрэбны вялізныя фінансы, трэба шукаць сур’ёзнага інвестара, які ўкладзе свае грошы ў завод. У такім выпадку прадпрыемства атрымае “другое дыханне”. Але пакуль што гэта толькі мары.
Магчыма, паспрыяе пошуку інвестара працэс акцыяніравання, які сёння ідзе на заводзе. Не кожны чалавек ці прыватная кампанія будзе ўкладаць свае грошы ў чужое прадпрыемства, а вось калі стане акцыянерам ОКЗ, то будзе мець інтарэс ў развіцці сваёй уласнасці.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №27 ад 03.04.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *