Дамоў  вярнуліся толькі трое. 11  красавіка  –  Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў

2023 – Год мира и созидания 85 лет Витебской области Людзі і лёсы Общество

На тэрыторыі Шумілінскага раёна пражывае 12 вязняў фашысцкіх канцлагераў.

Дамоў  вярнуліся толькі трое

Таварны вагон цягніка, у які шчыльна пагрузілі людзей, ніякаваты смак бручкі, якую елі, каб толькі выжыць, хваробы, боль, смерць блізкіх – такія сны іншы раз і сёння прыходзяць ноччу да Марыі Лапавухавай. Гэта сны з апаленага вайной дзяцінства. Калі Марыі было ўсяго сем гадоў, яе разам з бацькамі забралі ў фашысцкі канцлагер ва Усходнюю Прусію.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я Марыі жыла ў вёсцы Катляны Полацкага раёна. У 1943 годзе практычна ўсіх жыхароў вёскі пагрузілі на грузавыя машыны і вывезлі ў Гараны да чыгуначнай станцыі. Адтуль на таварняках павезлі ў Нямеччыну. У вагоне была Марыя, яе сястра Малання, маленькі брацік Іван, маці Наталля Сямёнаўна, бацька Рыгор Арцёмавіч, дзядуля Арцём Восіпавіч, бацькава сястра Фяціння Арцёмаўна. Тады сям’я не ведала, што туды даедуць сямёра, а вернецца назад толькі трое.

«Мы трапілі ў рассыльны лагер, адкуль немцы бралі сабе дадому работнікаў-рабоў, – згадвае Марыя Рыгораўна. – Але наша сям’я была вялікая, з дзецьмі, са знямоглым дзядулем – каму ж патрэбны такія работнікі. Таму нас перавялі ў другі лагер для палонных ля горада Брандэнбурга. Жылі мы ў бараках, спалі на двухпавярховых драўляных палацях. Маці расказвала, што ўмовы жыцця былі невыносныя: антысанітарыя, холад і голад. Мы, як і многія палонныя, захварэлі на тыф. На дванаццаты дзень хваробы памёр бацька, не выжылі дзядуля і цёця. Тыф даў многа ўскладненняў на здароўе, ад якіх праз некаторы час памерла і мая сястра. Я крыху помню сваю хваробу: маці абгортвала мяне мокрым пакрывалам, напэўна таму, каб спадала тэмпература. У такія дні есці зусім не хацелася, але маці прымушала паспытаць хоць некалькі лыжак баланды з варанай бручкі, якой нас увесь час кармілі і якая не мела ніякага смаку. Давалі яшчэ па маленькім кавалачку хлеба і маргарыну – гэткую смакату маці аддавала нам, дзецям. Маці працавала на кухні ў двух лагерах для палонных. Іншы раз ёй удавалася прынесці для нас кавалачак капусты. Якая яна была смачная! Не тое што вараная бручка, якой немцы кармілі жывёлу».

Марыю, яе маці і брата вызвалілі з фашысцкага лагера ў 1945 годзе. Праз два гады пакут, нястач і голаду яны вярнуліся ў в. Юрава на Шуміліншчыну, на радзіму маці. Спачатку жылі ў хлеўчуку, бо большасць хат былі разабраныя на бункеры.

У Юраве М. Р. Лапавухава і пражыла ўсё жыццё, тут выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей, больш за трыццаць гадоў адпрацавала на ферме даяркай. Зараз з мужам знаходзяцца на заслужаным адпачынку, чакаюць у госці чацвярых унукаў і дваіх праўнукаў.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *