Покупаем мясо в Шумилино: есть выбор по цене и качеству

Экономика

Свініна — хадавая, а што ялавічына?..
Не пойдзем  на повадзе ў вегетарыянцаў (вучоныя сцвярджаюць: шкодна адмаўляцца ад мяснога), будзем арыентавацца на звычайнага, радавога спажыўца, якому хочацца, каб на стале было мяса. Тым больш, закончыўся Вялікі пост і можна разгавецца на скаромнае.
З мясам птушкі ў раёне даўно праблем няма: гадуюць на тэрыторыі раёна   курэй, ёсць  свой забойны цэх. І тушкі, і паўфабрыкаты,  і розная “драбяза” — усё фасуецца, усё ідзе на прылавак. Праўда, адна кураціна  хутка надакучвае. Як сказаў жартам адзін з пакупнікоў: “Так нядоўга і закукарэкаць!”. А калі ўсур’ёз, хочацца парой свініны ці ялавічыны. Не кажу пра бараніну: сёння яна для раёна — далікатэс. Як і індычына, мяса качкі ці гусяціна, не кажучы пра  экзатычную птушку. Дык вось “прыйшла” свініна і ялавічына, так сказаць, у паўсядзённае наша жыццё (маю на ўвазе прылаўкі райспажыўтаварыства, і ў прыватнасці, цэнтральны ўніверсам) не так даўно. Трэба сказаць, асаблівым попытам карыстаецца свініна.
— У Віцебску, калі гандлюем, — прызнаецца в. а. старшыні райспажыўтаварыства Л. С. Дзегцярэнка, — больш ахвотна бяруць ялавічыну, тут жа яна залежваецца. Людзей, мусіць, бянтэжыць цёмны колер мяса. Таму пераходзім на выраб з ялавічыны фаршу, галубцоў, іншых паўфабрыкатаў.
Дарэчы, нядаўна Прэзідэнт Беларусі даручыў ураду  адпрацаваць схему вырошчвання ў краіне так званага мармуровага мяса. Зазірнуў у Інтэрнэт, даведаўся, што гэта за мяса. Тая ж самая ялавічына, але жывёла гадуецца па зусім  іншай тэхналагічнай схеме. Што ж, дажывём, напэўна, і да таго часу, калі пакаштуем і такога далікатэсу. А пакуль даводзіцца гаварыць пра больш “празаічныя” рэчы, якія, тым не менш, хвалююць нашага спажыўца. Хочацца, каб мяса было шмат, рознага і  больш таннага па цане. Ці можна так зрабіць?
— Мы прытрымліваемся кан’юнктуры рынку, — гаворыць Л. С. Дзегцярэнка. — Самі разумееце, і задарма аддаць не можам, і не дазваляем, каб мяса залежвалася. Нам патрэбны тавараабарот. Ды і ахалоджаная свініна — тавар вельмі далікатны: яго  трэба рэалізаваць за суткі. А пасля ён ідзе на замарозку, трохі аддаляецца ад спажыўца.
На 12 красавіка ў цэнтральным універсаме ў халадзільнай вітрыне ляжала свініна па цане 42 тыс. за кг, быў фарш, галубцы, ялавічына па 52 тыс., замарожаная свініна.
— Завозяць мяса кожны дзень, — гавораць прадаўцы. — Бяруць. Бачыце, апетытна выглядае свініна…
Заглянулі на калгасны рынак. Ёсць у продажы свініна на прылаўку ІП “Бруснічка”. Прадавец С. В. Епіфанава расказвае:
— Ялавічыны ў нас няма, затое свініна — на любы густ. Ёсць у разруб, рулька, рагу мясное, кумпяк…
І што важна: цэны ніжэйшыя. Свініну ў разруб можна купіць за 36700, рагу (ці свіныя скабкі) — па 16700, рулька — 26400, кумпяк — 51600 рублёў за кг.
Завіталі на калгасны рынак назаўтра, 13 красавіка. На крытым рынку, акрамя “Бруснічкі”, гандлявалі на гэты раз і гаспадары — райпо. Тавар у іх розны — і па асартыменце, і па якасці, а значыць, па цане. Свініна ў разруб (сапраўды апетытная) прадавалася па цане 43250 рублёў, была ялавічына, у “Бруснічцы” не такая самавітая на выгляд свініна, затое па цане 36700. Праўда, прыватнікі тут былі манапалістамі на продаж пячонкі, таго ж рагу (яго бяруць у фірме, што арандуе памяшканні былога каўбаснага цэха райпо), у той дзень яшчэ і рулькі, і кумпячка…
— На заработкі не скарджуся, — прызнаецца С. В. Епіфанава. — Зарабляю ўдвая больш за мужа. А ён працуе на “Вітконпрадукце”.  У нас два прадаўцы і гаспадар. Працуем самі на сябе…
Добра, што спажывец не пазбаўлены права выбару.  А ісці на рынак ці ў магазін – справа кожнага.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №31 ад 17.04.2012 г



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *