Тайна гибели комбрига Короткина. Где похоронен прославленный комбриг Сиротинской партизанской бригады?

85 лет Витебской области Беларусь помніць Край шумілінскі Общество

Тайна гібелі камбрыга Кароткіна

Дэлегацыя Шумілінскага раёна на воінскім пахаванні ў вёсцы Карпава Нялідаўскага раёна Цвярской вобласці ўстанавіла таблічку з імем С. М. Кароткіна на месцы перапахавання 2004 года.

На брацкіх могілках у гарадскім парку Шуміліна ёсць пліта з надпісам «Кароткін Сямён Міхайлавіч, камандзір партызанскай брыгады, 1902-1942», але не ўсе ведаюць, што гэта сімвалічная магіла славутага шумілінскага камбрыга. Сёлета адзначаецца 120-годдзе з дня нараджэння С. М. Кароткіна і вельмі хочацца ведаць, дзе на самой справе пахаваны наш земляк.

Мемарыяльная пліта з імем С. М. Кароткіна на брацкіх могілках у Шуміліне (сімвалічная магіла камбрыга).

Афіцыйная біяграфія С. М. Кароткіна сціпла паведамляе «Загінуў у авіякатастрофе 6 кастрычніка 1942 года». З успамінаў яго саратнікаў-партызан было вядома, што катастрофа адбылася ў раёне Нялідава Калінінскай (цяпер Цвярской) вобласці Расіі. Толькі ў апошнія гады, калі былі рассакрэчаны дакументы Міністэрства абароны і КДБ, стала магчыма даведацца пра абставіны гібелі і месца пахавання легендарнага шумілінскага партызанскага камандзіра.

Вялікую  работу  па высвятленні месца пахавання Сямёна Міхайлавіча Кароткіна зрабіла дырэктар Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Маргарыта Скуратава. Шэраг дакументаў, якія высвятляюць падрабязнасці гэтых падзей, апублікаваныя на сайце «Партызаны Беларусі» (www.partizany.by), «Памяць народа» (www.pamyat-naroda.ru).

Уклад Сямёна Міхайлавіча Кароткіна ў арганізацыю партызанскага руху на Шуміліншчыне апісаны падрабязна. Па накіраванні Беларускага штаба партызанскага руху Сямёна Кароткіна адпраўляюць у тыл ворага на Віцебшчыну сакратаром Сіроцінскага падпольнага райкама партыі. Пад яго кіраўніцтвам 20 чэрвеня 1942 года партызанскія атрады на тэрыторыі раёна аб’ядналіся ў Сіроцінскую партызанскую брыгаду. Галоўным аб’ектам дыверсій партызан стала чыгунка Полацк-Віцебск: нападзенні на станцыі, знішчэнне варожых гарнізонаў. С. М. Кароткін лічыцца адным з ініцыятараў разборкі чыгуначнага палатна ва ўмовах недахопу ўзрыўчаткі. Метад аказаўся эфектыўным, і чыгунка была паралізаваная працяглы час.

Партызаны разбіраюць чыгунку.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 верасня 1942 года вялікая група партызан, “якія дзейнічалі на тэрыторыі Украінскай ССР, Беларускай ССР, Арлоўскай і Смаленскай абласцей РСФСР і якія вызначыліся ў партызанскай барацьбе ў тыле супраць нямецкіх захопнікаў”, была ўзнагароджана ордэнамі і медалямі. С. М. Кароткін быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Апошняе фота з С. М. Кароткіным. Масква, зроблена пасля ўзнагароджання. Справа налева: сядзяць А. Я. Марчанка, Я. А. Казлоў, стаяць Я. Х. Сташкевіч, С. М. Кароткін.

У верасні 1942 года ў Маскву для ўзнагароджання вылецелі камандзір Сіроцінскай партызанскай брыгады С. М. Кароткін, камандзір 4-й Беларускай партызанскай брыгады Я. Х. Сташкевіч, камандзір і камісар 3-й Беларускай партызанскай брыгады А. Я. Марчанка і Я. А. Казлоў, камісар Расонскай партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна В. Я. Лапенка і разведчыца-радыстка Н. І. Фільчанок. Вялікую групу партызан (каля 800 чалавек) запрасілі ў Крэмль, перад імі выступіў І. В. Сталін, былі заслуханы справаздачы аб зробленым, атрыманы баявыя заданні для далейшых дзеянняў у тыле ворага.

6 кастрычніка 1942 года экіпаж самалёта  Р-5 (пілот лейтэнант Кліменка, штурман старшы лейтэнант Шчацікін) павінен быў даставіць камандзіраў і камісараў партызанскіх брыгад Полацкай зоны праз лінію фронту. Як тлумачылі пасля катастрофы лётчыкі начальніку спецаддзела НКУС 362 стралковай дывізіі палкавому камісару Панамарову, які праводзіў расследаванне, у 3.45 самалёт вылецеў з аэрадрома Старая Таропа і па кантрольных арыенцірах у 5.15 быў на месцы пасадкі. У тумане не змаглі знайсці пасадачную пляцоўку, і экіпаж прыняў рашэнне вярнуцца на аэрадром. З-за дымкі і туману праскочылі Старую Таропу. Праз некаторы час было вырашана  ўзяць на поўнач, каб выйсці на чыгунку Ржэў – Вялікія Лукі.

На самалётах Р‑5 з прымацаванымі гандоламі праз лінію фронту перавозілі людзей і грузы.

 

Фрагмент аператыўнай карты з лініяй фронту ў кастрычніку 1942 года на месцы гібелі С. М. Кароткіна.

Пры здзяйсненні гэтага манеўру ў раёне чыгуначнага раз’езда Панікля апынуліся над пазіцыямі праціўніка (Вязаўка – Кубышка), дзе самалёт быў абстраляны зеніткамі і атрымаў пашкоджанні рулёў кіравання. Лётчык са зніжэннем пайшоў да пазіцый нашый войскаў – на захад па лініі чыгункі. У гэты час праціўнік працягваў абстрэл самалёта з адначасовым мінамётна – артылерыйскім абстрэлам пазіцый 1-га стралковага батальёна 1210 стралковага палка, у размяшчэнні якога ляцеў самалёт. Пры абстрэле самалёт атрымаў дадатковыя пашкоджанні. Лётчык прыняў рашэнне аб вымушанай пасадцы, развярнуў самалёт на 90 градусаў. Пераляцеўшы чыгуначнае палатно, самалёт зачапіўся за тэлеграфныя правады. Адначасова левай паўкаробкай зачапіў тэлеграфны слуп і ў 40-50 метрах ад чыгункі ўдарыўся аб зямлю на паўночны захад ад платформы каля хутара Стручча. Пры ўдары аб зямлю левая паўкаробка з гандолай для пасажыраў разбілася, фюзеляж і хваставое апярэнне паламаліся, правая паўкаробка з гандолай для пасажыраў пры ўдары адарвалася і разламалася.

Падчас катастрофы Кароткін, Лапенка і Казлоў загінулі на месцы. Фільчанок была цяжка паранена і пры перавозцы ў медсанбат памерла. Сташкевіч і Марчанка былі цяжка паранены і адпраўлены ў шпіталь. Загінуўшыя партызаны – С. М. Кароткін, В. Я. Лапенка і Я. А. Казлоў былі пахаваны на месцы катастрофы. На магіле быў усталяваны сціплы абеліск з імёнамі.

Ніна Фільчанок была пахавана ў в. Нівіцы каля Нялідава, а ў 1970-х перапахавана на брацкіх могілках у в. Вялікая Каменка Нялідаўскага раёна Цвярской (былой Калінінскай) вобласці Расіі. Яе імя ёсць на мемарыяльных плітах могілак. Я. Х. Сташкевіч доўгі час лячыўся ў шпіталях, перанёс некалькі аперацый, памёр у шпіталі ў Маскве ў кастрычніку 1943 года, па некаторых звестках пахаваны на Новадзявочых могілках. А. Я. Марчанка вылечыўся, камандаваў 3-й Беларускай партызанскай брыгадай, якая 15 лістапада 1943 года злучылася з савецкімі войскамі, пасля вайны быў на савецкай, партыйнай і гаспадарчай рабоце.

Воінскае пахаванне ў в. Карпава Нялідаўскага раёна Цвярской вобласці.

Калі стала вядома пра месца гібелі, Маргарыта Скуратава напісала ў Нялідаўскую раённую бібліятэку і расказала пра нашага земляка. Як высветлілася з перапіскі, штогод у Нялідаўскім раёне пошуковыя атрады з Сургута вядуць раскопкі на месцах баёў (гэта раён Ржэўскай бітвы, дзе з 5 студзеня 1942 па 21 сакавіка 1943 года вяліся надзвычай жорсткія баявыя дзеянні). У пачатку 2000-х каля раз’езда Панікля была знойдзена магіла, вакол якой трапляліся абломкі самалёта. У 2004 годзе знойдзеныя ў магіле астанкі былі перапахаваны на брацкіх могілках ў вёсцы Карпава. Паколькі на магіле не захаваўся абеліск, астанкі былі перапахаваны як безыменныя. Зараз вядзецца работа па афармленні і ўвекавечанні імён беларускі партызан на мемарыяльных плітах.

5 мая 2023 года, напярэдадні Дня Перамогі, дэлегацыя Шумілінскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Шалахавай наведала Нялідаўскі раён Цвярской вобласці і пабыла на брацкіх могілках у в. Карпава. Там, на пахаванні 2004 года, была ўсталявана мемарыяльная дошка з імем Сямёна Міхайлавіча Кароткіна.

Мы ганарымся сваімі героямі і будзем помніць іх імёны заўжды.

Маргарыта СКУРАТАВА, Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *