День Победы. Воспоминания участников Великой Отечественной войны

Актуалии

І праклінаю я цябе, вайна!
Заўтра 9 мая: зноў успаміны ўсплылі, зноў зашчымела ў сэрцы і прыпомніўся баявы камандзір. Прыгожы такі, дужа строгі, але справядлівы. Загінуў…
Не спіцца. Душы неспакойна, моташна. Занылі раны. І заўжды так перад гэтым днём, Днём Перамогі. З году ў год — 67 маяў запар. Хоць бы дажыць…
Дзеткі прыходзілі, мясцовыя школьнікі. Віншавалі, чыталі вершы, падарылі кветкі і паштоўку. Не забываюць. Хоць бы раслі шчаслівымі. Дай ім Бог.
Усё было недарэмна…
***
Беларусь ніколі больш не будзе пакутаваць. Гэта немагчыма, такое не прадугледжана ніводным законам сусвету. Яна вынесла сваё, выцерпела і жыве. Тыя чатыры гады сканцэнтравалі ў сабе столькі чалавечага гора, што наступным пакаленням можна спакойна жыць, гадаваць дзяцей, марыць, кахаць. І быць упэўненымі — такое не паўторыцца, не можа паўтарыцца, так не бывае.
За нас адпакутавалі, адплакалі, за нас адпаміралі… І мы абавязаны жыць. Не, не проста жыць – мы абавязаны быць шчаслівымі. Ім абавязаны – тым, хто загінуў маладым, тым, хто ўсё жыццё бачыць у сне толькі вайну. А інакш – мы проста здраднікі, няўдзячныя, нявартыя міру і свабоды.
Іх імёны ў граніце, пра іх спяваюць песні, складаюць вершы. Мы не забудземся на брацкія могілкі, не пройдзем міма  магілы невядомага салдата, абавязкова азірнёмся на дом, пазначаны чырвонай зоркай, на ссівелага мужчыну з ордэнам на грудзях. У кожным з нас цячэ кроў тых, хто ратаваў нашу зямлю ад гора. І няхай гэта гучыць крыху пафасна, але менавіта гэта ніколі не дазволіць нам пераацаніць мір і свабоду, згубіць у часе подзвіг цэлага народа.

В. Д. Петров

Я помню ўсё, я стаў дарослым рана
Калі пачалася вайна, Уладзіміру Дзмітрыевічу Пятрову да 18 было яшчэ далёка. Але ён, лічы, адразу ж трапіў на фронт. Ды і многа там было такіх, як ён, яшчэ падлеткаў. Тым больш рослы быў, не па гадах дарослы. Такі павінен ваяваць – не сумняваліся ў ваенкамаце.
І ваяваў. Вінтоўка, карабін, аўтамат – перадавая. Адкрыты бой са словамі: ”За Радзіму, за Сталіна”, франтавыя 100 грамаў гарэлкі – ўсё, пра што сучаснікі ведаюць з фільмаў і кніжак, было на самой справе. Людзі жылі на вайне.
І цяжка было, і страшна. Вайну прайшоў пехацінцам, закончыў – на Дальнім Усходзе. Добра памятае, што дадому ехаў 46 сутак. Прыехаў, а там папялішча – ні родных, ні хаты. І сёння былы салдат не можа гаварыць па тое без слёз, дужа балючыя гэтыя ўспаміны.
Уладзімір Дзмітрыевіч з жонкай жывуць у Обалі. Тут разам будавалі сабе дом, нарадзілі і выгадавалі трох дзяцей.
Вайна, гады, цяжкое, няпростае жыццё падкасілі здароўе. І ўсё, чаго ім хочацца зараз – пажыць яшчэ хаця б крыху разам.
Былі яны проста дзяўчатамі, што там ні гавары
Сумясціць жаноцкасць і вайну, здаецца, немагчыма. Але яны сумяшчалі. Ваявалі на роўных з мужчынамі, рызыкавалі жыццём, разам перамаглі ў вайне. І пры гэтым заставаліся жанчынамі.
Ганна Лук’янаўна Цвяткова ў Вялікую Айчынную была радыётэлеграфісткай. На фронт пайшла дабравольна: а як жа не пайсці.
Вайна на чатыры гады разлучыла з мужам, і за гэтыя чатыры гады – ніводнай сустрэчы, ніводнага ліста. Толькі аперацыі, заданні, разведка, баі. Рызыкавала жыццём, як і ўсе, не задумваючыся. Была дысцыплінаванай: адказна выконвала ўсе распараджэнні камандзіра.
Ганну Лук’янаўну з Днём Перамогі віншуе звычайна ўся вуліца, тэлефон напярэдадні і ў свята, літаральна, не змаўкае. Такая ўвага, безумоўна, прыемная ветэрану. Прызнаецца, што вайну ўспамінае часта, дзеліцца ўспамінамі са сваімі дзецьмі і ўнукамі, школьнікамі.
Сама Ганна Лук’янаўна жанчына светлага розуму, інтэлігентная, з пачуццём гумару. Ёй выпала пражыць цяжкое, але шчаслівае жыццё. Сёння яна ганарыцца дачкой, заслужаным доктарам, любіць людзей, радзіму, дзякуе жыццю за ўсё.
Жанчына яшчэ ў вайну ўступіла ў партыю. Калі наступіла мірнае жыццё, працавала ў райкаме партыі, у райвыканкаме, на заслужаны адпачынак пайшла з чыгункі, дзе рупілася загадчыцай буфету.
Лёгка ніколі не было: трое дзяцей, адказная праца. Успамінае, як пасля вайны  бралі з мужам крэдыт і будавалі дом. Там жа, на вуліцы  Ленінскай у Шуміліне, жыве і зараз. Туды ж з Расіі прыязджаюць родныя. Не забываюць, любяць сваю матулю, бабулю, ва ўсім дапамагаюць. Гэтыя клопат і любоў дапамагаюць жанчыне і ў амаль 92 гады быць аптымісткай, моцнай духам.
Той смех спапялiлi, той спеў расстралялi,
А плач — уцалеў: ён у сэрцы маiм

Сямейны альбом з фотаздымкамі. Васіль Фёдаравіч Баталка з трапятаннем перагортвае старонкі. Вось сыны, гэта дачка, унукі, праўнукі. Гэта сам – яшчэ такі малады, прыгожы, высокі і статны. Дарэчы, ветэрану і да 88 гадоў удалося захаваць мужчынскую прывабнасць, нават, гарэзлівасць. На пару з жонкай жартуюць, успамінаюць маладосць. Яна прызнаецца, што пакахала будучага мужа з першага погляду і на ўсё жыццё. Нельга было не закахацца ў такога прыгажуна.
Вайну Васіль Фёдаравіч успамінае скрозь слёзы, паказвае раненні, перабірае ўзнагароды. Вось Ордэн Чырвонай Зоркі, гэта – Ордэн Вялікай Айчыннай вайны 1 ступені, ёсць 16 медалёў. Праўда, калі запыталіся пра ўзнагароды, сціпла адмахнуўся, маўляў, “ёсць там нейкія”. Наогул, такая сціпласць характэрная для ўсіх герояў вайны. Яны як быццам саромеюцца гэтай сваёй славы, не хочуць залішне пільнай увагі.
Вайна вызначыла лёсы тысяч лю-дзей, не пацікавіўшыся іх планамі на жыццё. Хацеў ты вучыцца, кахаць, нараджаць, вырошчваць хлеб, пісаць вершы, лічыць зоркі. Ніяк не планаваў бамбёжак, варожых самалётаў у небе, спаленай бацькоўскай хаты… Ніяк не планаваў паміраць. Бо быў моцны жыць і праслаўляць жыццё. І  наша армія, увабраўшы вось гэтую моц кожнага асобнага яе салдата, стала ў выніку непераможнай.
Калі тысячы людзей адначасова мараць аб адным і тым жа, калі ўсе намаганні, старанні цэлага народа падпарадкаваныя адной мэце, стваральнай, жыццесцвярджальнай – то ў выніку ўсё атрымаецца, якімі б неверагоднымі ні  былі планы.
Сёння ў нашым раёне жывуць 56 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – і рота не назбіраецца. Так устроена жыццё: жывуць маладыя, старыя паміраюць. Напэўна, гэта лагічна, так павінна быць. Але ж… Пажывіце яшчэ крыху, дарагія ветэраны, пажывіце.
Надрукавана ў №36 ад 08.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *