Доска почёта Шумилинского района. Александр Сафончик

Общество Экономика

«Радзіма пакліча – прыйду»

Калі на Обальскім керамічным заводзе выбіралі дастойных работнікаў на раённую Дошку гонару, прыпыніліся на кандыдатуры вадзіцеля пагрузчыка Аляксандра Адамавіча Сафончыка.

Адказны і сумленны, прафесіянал сваёй справы. Так сталася ў жыцці, што нядаўна Аляксандр пайшоў на заслужаны адпачынак, але кіраўніцтва ОКЗ адзначыла, што пра іх ветэрана працы абавязкова трэба напісаць у газеце. Ён ўсё жыццё быў першым на вытворчасці, дастойны быць і на першай старонцы.

–  Добры дзень, дзе пажадаеце сфатаграфавацца? – тэлефаную Аляксандру Сафончыку, дамаўля-ючыся аб сустрэчы.
–  Пад’язджайце да завода, я туды падыду, – чую ў адказ.

Прызнацца, іншага адказу мы і не чакалі, бо Обальскі керамічны завод для яго за амаль сорак гадоў ра-боты стаў другім домам. Аляксандр Сафончык добра памятае, як у пачатку 80-х прыйшоў працаваць на ОКЗ. Ад прадпрыемства адправілі вучыцца на курсы ў Мінск, каб кіраваць дызельным, а потым і электрычным экскаватарамі. Доўгі час працаваў у кар’еры ў Грудзінаве плячо ў плячо з бацькам, які рупіўся на бульдозеры. Гэта ён і прапанаваў сыну ўладкавацца на керамічны завод, які на той час працвітаў – обальская цэгла разыходзілася “на ўра” па ўсім Савецкім Саюзе.

У 2017 годзе Аляксандр Сафончык стаў кіраваць каўшовым пагрузчыкам. Тады ў цэху працавалі кругласутачна, у чатыры змены. «Аляксандр Адамавіч грузіў гліну ў прыёмнае аддзяленне, засыпаў розныя дабаўкі для вырабу цэглы, дзякуючы якім эканоміцца паліва пры абпале цэглы, – расказала галоўны тэхнолаг завода Таццяна Аляксеева. – Ад хуткасці яго ра-боты залежаў увесь працэс на вытворчасці. Заўсёды працаваў хутка, зладжана, аператыўна. Змена ніколі не прастойвала, аб’ём работы выконвалі, за дзень выраблялі па сто тысяч штук цэглы».

Акрамя гэтага, Аляксандра Сафончыка іншы раз прасілі папрацаваць і на лініі прасявання. Ніколі не адмаўляў, хаця іншы раз і трэба было затрымацца пасля рабочага часу. Кажа, што яму было без розніцы, у дзённую змену працаваць, ці ў начную – усюды ж трэба выконваць даведзенае заданне. А грузіў вадзіцель за змену да паўсотні каўшоў гліны і даба-вак. Адзін коўш – каля шасці тон, вось і лічыце важкасць грузу.

Зараз Аляксандр Сафончык адпачывае на рыбалцы, рамантуе ўласныя легкавушку і кватэру. Чэсна прызнаўся, што рукі сумуюць на рабоце на заводзе. Але ж пайшоў на адпачынак сам, бо вырашыў, «перадаць новы пагрузчык маладзейшым». Ну а калі на заводзе не будуць спраўляцца? «Радзіма пакліча – прыйду, – усміхаецца Аляксандр. – Я ж чалавек савецкай загартоўкі, і нікому не магу адмовіць у дапамозе».

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *