В хозяйствах Шумилинского района идёт уборка кукурузы

Сельское хозяйство

Убіраем кукурузу, чакае проса

Сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да ўборкі кукурузы. Яе здрабняюць і закладваюць на сілас,  і закладваюць на сілас, папаўняючы тым самым кармавую базу.

«Прызнацца, сёлета і не чакалі, што кукуруза на нашых палетках у такое засушлівае лета вырасце, – расказала начальнік участка ААТ «АграБаравінка» Аляксандра Міраненка. – Зараз каралева палёў дае па 250 цэнтнераў з гектара, летась было толькі 200 ц/га».

Разам з маладым аграномам гаспадаркі Паўлам Голубевым едзем на кукурузныя палеткі за Язвіна. Тут на КВК рупіцца Сяргей Гоманаў, за дзень здрабняе да 400 тон зялёнай масы. На адвозцы ў яго тры механізатары – Ігар Бегуноў, Вячаслаў Дубінін і Радзівон Стральцоў.

«У прычэпе МТЗ змяшчаецца прыкладна дзевяць тон зялёнай масы, – кажа Ігар Бегуноў. Ён не навічок у справе нарыхтоўкі кармоў, і для яго адвезці па паўтара дзясятка прычэпаў да траншэі, якую закладваюць ля комплексу – прывычная справа. Механізатар расказаў, што ўжо гатова траншэя ля фермы Язвіна на 1362 тоны, пасля закладкі ля комплексу пераедуць у Башні.

Калі ў чэрвені травы былі зусім слабыя і траншэі закладваліся марудна, то цяпер на кукурузных палетках (іх у гаспадарцы 335 га) работа спорыцца. Да таго ж, у сельгаспрадпрыемстве засеялі яшчэ 300 гектараў проса і 45 гектараў люцэрны – гэтыя культуры таксама плануюць закладваць у траншэі. Так што работы яшчэ непачаты край. Механізатары настроены па-баявому, згодныя працаваць без выхадных да самых маразоў.

Нарыхтаваць кармы – справа гонару, бо ад іх залежаць надоі і прывагі, а таксама дабрабыт гаспадаркі ў цэлым.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *