В Шумилинской районной гимназии провели он-лайн конференцию с коллегами из Польши

Образование

Першы крок па “Мосце дружбы”
З прыходам камп’ютара жыццё змянілася непазнавальна. Не кажам пра камп’ютарны набор тэксту, размова пра больш глабальнае — пра інтэрнэт. Магчымасці яго проста фантастычныя. Гэта лішні раз пацвердзіла канферэнцыя он-лайн, праведзеная сумеснымі намаганнямі гімназістаў з Лескавіч і іх калег з польскага горада  Вандова. А  прапанова на такі кантакт зыходзіла ад былой выкладчыцы англійскай мовы СШ № 1 Шуміліна Юліі Георгіеўны Віеру.  Яна выехала ў Польшу, каб выкладаць англійскую мову ў гімназіі. Яе калега па “цэху” з Шумілінскай гімназіі Наталля Іванаўна Собалева за ідэю ўхапілася з імпэтам. Канферэнцыя мела на мэце павысіць у гімназістаў матывацыю да вывучэння замежнай мовы, іншых варыянтаў Н. І. Собалева не прымала. Ды і, чаго граха таіць, гімназістам было надзвычай цікава “ўжывую” пагаварыць з польскімі равеснікамі.
Нашы гімназісты да канферэнцыі рыхтаваліся грунтоўна, і па-англійску некаторыя з іх гаварылі, як рэпу грызлі. Праўда, не ўсе.
Цікава, на адным дыханні была праведзена прэзентацыя гімназій. Польская — больш шыкоўная па “апартаментах” (сабраліся яны ў вялікай зале з калонамі), тут у спартыўнай зале дзеці з азартам гулялі ў хакей з мячом, паказалі фрагменты ўрокаў па матэматыцы і хіміі.
Прыстойна прэзентавалі сваю гімназію нашы вучні. Пасля быў канцэрт з удзелам і беларусаў, і палякаў, затым завязаўся дыялог у форме пытанняў-адказаў. Тут дзяцей цікавіла ўсё: і як плануюць правесці летнія канікулы, якая любімая футбольная каманда (Польшча рыхтуецца сустрэць чэмпіянат Еўропы па футболе) і што ведаюць беларускія гімназісты пра Польшчу, а польскія — пра Беларусь. Словам, ішла жывая, зацікаўленая гаворка,  нягледзячы на збоі камп’ютарнай тэхнікі, а можа, і няўзгодненасць у калег па англійскаму “цэху”.
І першы блін, як кажуць, усмак. Нашы гімназісты былі ўсцешаны невыказна, нярэдка гучалі ўсплёскі эмоцый. Пасля канферэнцыі мне перадалі ліст ад вучня 11 класа Аляксандра Сядзельнікава, у якім юнкор дзеліцца ўражаннямі ад імпрэзы. “Наша гімназія даўно рыхтавалася да мерапрыемства, — піша юнак. — І плён нашых намаганняў не аказаўся марным. Абедзве гімназіі падрыхтавалі для візітоўкі выдатныя прэзентацыі. Асаблівая падзяка нашай выкладчыцы англійскай мовы Наталлі Іванаўне Собалевай. Вучні паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі…Усё прайшло настолькі займальна і цікава, што пакідаць сустрэчу не хацелася”.
Аляксандр у прызнаннях шчыры. Верыш яму, як і ўсім “англічанам”, якім было цікава і святочна ў той дзень у камп’ютарным класе гімназіі. Няхай жа будзе працяг у праекта “Мост дружбы”, няхай канферэнцыя перарасце ва ўзаемныя вандроўкі па Польшчы і Беларусі, у іншыя захапляльныя мерапрыемствы.
Дададзім, што ў рабоце канферэнцыі прымалі ўдзел дырэктар раённай гімназіі Л. У. Маладзечкіна і метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама А. У. Бабічава.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №42 ад 29.05.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *