Кто уберёт за забором? Специалист разъясняет правила благоустройства для владельцев земельных участков

Закон Общество

Хто прыбярэ за агароджай?

Вясна заклікае нас наводзіць парадак, прыводзіць прыдамавыя тэрыторыі ў належны стан. Сапраўдныя гаспадары, чые падворкі падсохлі, узялі ўжо ў рукі граблі і мётлы. Прыбіраюць і за межамі свайго ўчастка, не чакаючы напамінаў. Іншыя марудзяць, разбіраюцца, хто павінен прыбіраць за агароджай. Мы вырашылі разабрацца з гэтым пытаннем і звярнуліся за каментарыямі да спецыялістаў, якія адказваюць за гэтую работу.

Правіла першае і галоўнае. Згодна з “Правіламі добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” работы ў межах выдзеленых зямельных участкаў ажыццяўляюць землекарыстальнікі за кошт уласных сродкаў. Гэта зразумела. Але ж ёсць яшчэ тэрыторыя за агароджай, дзе таксама трэба наводзіць парадак.

«28 верасня 2020 года было прынята рашэнне райвыканкама № 653 “Аб прыцягненні да выканання работ па падтрыманні належнага санітар-нага стану адпаведных тэрыторый”, — расказала намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірына Карпава. — Падстава для такога рашэння — пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2020 года № 430. Згодна з пунктам 3 названага рашэння ўстаноўлены межы тэрыторый па падтрыманні належнага санітарнага стану ад мяжы прадастаўленага грамадзяніну зямельнага ўчастка да тратуара. У выпадку яго адсутнасці — да мяжы праезнай часткі вуліцы, дарогі. Па астатніх баках зямельнага ўчастка пастаянна пражываючы жыхар дома ці прыязджаючы на сезон дачнік павінны прыбіраць 10 метраў ад мяжы зямельнага ўчастка (або да паловы адлегласці разрыву да суседняга зямельнага ўчастка, але не больш за 10 метраў)».

Такія патрабаванні і да жыхароў раёна, і да дачнікаў. Як кажуць, у чужы манастыр са сваімі малітвамі не ходзяць. Набылі дом на тэрыторыі Шуміліншчыны, прыязджаеце сюды на сезон — калі ласка, прыбярыцеся не толькі на падворку, але і за агароджай, як таго патрабуе заканадаўства. Гэта тычыцца не толькі ўборкі смецця, але і пакосу травы.

Важна ведаць! Па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, падворкаў пастаянна праводзяцца рэйды спецыялістаў аддзела па землеўпарадкаванні райвыканкама, сельвыканка-маў, УП ЖКГ, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Спачатку яны настойліва рэкамендуюць навесці парадак каля дома, пішуць прадпісанні, а потым караюць рублём. Згодна з ч. 2 арт. 22.10 КаАП за парушэнне правілаў добраўпарадкавання фізічным асобам пагражае штраф да 25 БВ, індывідуальным прадпрымальнікам — ад 10 да 50 БВ.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

Што неабходна рабіць з тэрыторыяй за агароджай?

– расчышчаць ад снегу,
– абкошваць расліннасць,
– прыбіраць смецце,
– выконваць іншыя работы.

Што НЕЛЬГА рабіць за агароджай?

– складзіраваць і захоўваць больш за 3 сутак смецце, будаўнічыя матэрыялы, торф, дровы, пясок і інш.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *