Что нас ждёт в старости? Размышления

Людзі і лёсы Общество

Ці ўдзячнай будзе старасць?
Заўважыў: чалавек з гадамі ўсё менш  любіць крытыку. Чаму так, не ведаю. Можа, уся справа ў расхістаных нервах (адкуль тады ў старых плаксівасць?), у той ацэнцы, якую ён сабе дае і які жыццёвы досвед займеў. А маладым, перш чым лезці да бацькоў ці бабулі з крытыкай, трэба падумаць: а ці да месца рабіць старому заўвагу, нешта раіць, словам, вучыць жыццю.
У Сярэдняй Азіі ёсць асаблівая каста старых – аксакалы. Паважаныя і шаноўныя людзі. Іхнюю думку цэняць, да яе прыслухоўваюцца. Так і ў казакоў. Не ведаю, як зараз, а ў пару казацтва Шолахава (маю на ўвазе сцэну з фільма “Ціхі Дон”) такое было – раіліся.
Ці раяцца ў нас? Пакладзём руку на сэрца – мала хто. Для многіх стары чалавек, даруйце, не аўтарытэт. Для іх шукаюць будынкі для  дамоў састарэлых, для многіх старыя – у цяжар. Чалавек забывае, што ён   не вечны, што неўзабаве, міне дваццаць гадоў ці крыху больш, і ён станеш такой жа “развалюхай”. Значыць, старасць трэба шанаваць, часцей раіцца з бацькам ці дзедам. Паверце, умудроныя жыццёвым вопытам, яны не параяць благога. А між тым часта бачыш такую сцэну: сын бярэ загрудкі старога, нямоглага бацьку і вытрасае з яго апошнія грошы.  Дачка пакідае бацьку ці матулю без кавалка хлеба, трацячы ягоную пенсію на брыдкае чарніла. Унук-акселерат здзекуецца з бабулі, запірае яе пад замком, хаця ведае, што тая баіцца адна ў хаце. Можна прывесці і больш жорсткія, прама скажам, садысцкія ўчынкі родных між сабою людзей, у якіх  цалкам знік родавы інстынкт…
Многія апраўдваюць сваю дзіўную пазіцыю збегам абставін ці тлумачэннем, што прыйшоў іншы век, больш жорсткі. Не да сопляў, даруйце, не да таго, каб раіцца з нашымі старымі. І які, маўляў, толк з гэтага: яны ўсё роўна грашамі не дапамогуць, бо  “пенсіён” і без таго вельмі скупы. Ледзь не хрэстаматыйным стаў довад аб тым, як паступаюць на Захадзе. Там вывучылі сваё дзіця, далі яму адукацыю і “гуд бай”. Дзеці (а па сутнасці дарослыя ўжо людзі) самі сябе павінны забяспечыць, сябе і сваю сям’ю. У бацькоў калі і бяруць грошы, то ў пазыку, а не так, як у нас, калі свайму дзіцяці гатовы аддаць усё, аж да апошняй кашулі. А сын ці ўнук і сам не супраць пасля адабраць у сваяка апошнюю капейку…
Вядома, усё гэта не стала яшчэ правілам нашага жыцця. Але ж “гніенне” ідзе хутка, і дзе гарантыя, што праз пяцьдзесят гадоў старасць наогул спішуць “у архіў”. Нібыта яе і наогул няма, нібы чалавек дажывае да пенсіі і – ўсё, далей наступае смерць.
Але ж гэта не так. Раней нікому з нас і ў галаву не прыходзіла задумвацца аб тым, колькі гадоў жыцця аддасі  працы. Сёння ў самога працоўны стаж ужо звыш сарака гадоў.  Сорак гадоў плаціў падаткі, сорак гадоў цябе выціскалі, як лімон, а пасля дадуць табе два мільёны пенсіі і “гуд бай”. Хаця чаму “гуд бай” – можаш працаваць і на пенсіі, калі, вядома, дазволіць здароўе і будзе месца. А тут успомніў анекдот-пажаданне: вось добра было б, каб пенсію давалі ў 30 гадоў, а працаваць ты пачынаў з 60. Гэта жарт,  але ў кожным жарце ёсць доля здаровага сэнсу.
Аднак моладзь сёння прагне грошай. Многа і адразу. Мусіць, у такія рамкі паставіла яе жыццё. Кажуць, можна і ў раёне зарабіць 13 мільёнаў за месяц. Можна, але толькі ў фірме “Іск-Поіск”, і то піларамшчыкам. Але ж піларамшчыкаў не трэба нам сотні (у раёне няма столькі піларам), нам патрэбны тынкоўшчыкі, а тут хаця і нядрэнна маюць, але ж не расійскія заробкі. Кідае муж сваю маладую жонку і едзе. Думаеце, хочацца яму зрывацца, сядзець на сухпайку ці гатаваць сабе нешта і размаўляць з сям’ёй па скайпу? Не ўпэўнены. Але муж – гэта заўсёды кармілец. І нярэдка працуе той-сёй без сацыяльных адлічэнняў, для сваёй будучай пенсіі, без падаходнага падатку. Зарплата ў канвертах. А прыйдзе час афармляць пенсію, ён звернецца ў райсабес з пятнаццаццю гадамі стажу і будзе мець паўтара мільёна “пенсіёна”. А той, каго за тры мільёны выціснулі, як лімон – тысяч на шэсцьсот болей. Справядліва? Не думаю.
Ці ўдзячная будзе старасць у таго, хто жыццё адматаўся па расійскіх бязмежных прасторах? Ці скажуць “дзякуй” яму за тое, што дапамагаў будаваць кааператыў, даваў грошай на машыну, дзеці яго, унукі? Гэта для старэйшага пакалення надзвычай важна, бо гэта голас яго роднай крыві, голас ягоных сваякоў. І калі тыя ацэняць бацькавы-дзедавы патугі, ён будзе адчуваць сябе самым шчаслівым чалавекам на свеце.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *