Стихия разгулялась и в Шумилинском районе

Актуалии Безопасность

Аўтобусны прыпынак аднесла  на некалькі метраў
Буран, які на мінулым тыдні пранёсся над некаторымі населенымі пунктамі нашага раёна, нарабіў нямала бяды і ў нашым раёне таксама.  Напрыклад, на ферме Лявонава, што ў “Ульскім”, сарвала з даху канёк і каля двух дзесяткаў лістоў шыферу.
Пацярпеў ад бурану і льнозавод: на даху шахі зеўраюць дзіркі. Шыфер сарвала не толькі з даху, але і з бакавін шахі. Спецыялісты падлічылі, што прадпрыемству нанесены ўрон каля трох  мільёнаў рублёў, трэба мяняць больш за сотню лістоў шыферу.
Але больш за ўсіх ад урагану пацярпеў Мішневіцкі сельсавет. Не вытрымаў моцнага парыву ветру дах на ферме Валатоўкі. Кроквы паламаліся, шыфер месцамі пашкоджаны, “лёг “ на паддашак. “Прыбавіў буран работы, –  уздыхае кіраўнік КУСГП “Мішневічы” М. Г. Цікавенка . – На ферме ў Валатоўках трэба мяняць больш за дзвесце лістоў шыферу. Урон, прычынены гаспадарцы, складае каля дваццаці мільёнаў рублёў”.
Вецер палажыў агароджу на цэнтральных вуліцах у Мішневічах, пашкодзіў дах на саўгаснай заправачнай станцыі, паламаў дрэвы і некалькі пралётаў агароджы ля грамадскіх могілках у Заобалі.
Непадалёк, у Заўсысцы  буран прайшоў паласой якраз ля рэчкі Обаль, што працякае тут.
“Мы былі дома, калі пачаўся дождж, – расказала мясцовая жыхарка Святлана Кандраценка. – Пасля спякоты нават абрадаваліся першым кроплям, але раптам узняўся моцны вецер. Ад моцнага грукату стала не па сабе. Убачыла, як з даху нашага дома і суседніх злятаў адарваны шыфер. Віхура раскрыла поўнасцю гараж”.
Мы праехаліся па вуліцах Заўсыскі. Шмат пашкоджаных гаспадарчых пабудоў, паламаных парнікоў, пабітых акон. Добра, што хоць людзі не пацярпелі.
Вецер незвычайнай сілы гаспадарыў і насупраць саўгаснай канторы. У скверы, дзе знаходзіцца воінскае пахаванне, павалены магутныя дрэвы. Адно з іх упала якраз на мемарыяльную пліту з надпісамі імёнаў загінуўшых у часы Вялікай Айчыннай вайны. Пліта дала трэшчыну.
На тэрыторыі Мішневіцкага сельсавета пачаліся  работы па аднаўленню наступстваў урагану. Саўгас выдзеліў шыфер, адрамантавалі дахі дамоў у Заўсысцы. Паставілі на месца аўтобусны прыпынак (ветрам яго аднесла на некалькі метраў),  электрыкі ліквідавалі парывы правадоў. На дапамогу паспяшаліся і работнікі лясгасу – разрэзалі паваленыя дрэвы, вывезлі іх. Працуюць і рабочыя ля школы – на трактары вывозяць зламанае вецце, а распілаваныя пашкоджаныя дрэвы складваюць ля качагаркі. Не адзін дзень яшчэ прыйдзецца працаваць мішнеўцам, каб усё прыбраць і адрамантаваць.
Лариса ЗАЙЦЕВА.
Опубликовано в №65 от 24.08.2010



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *