Все учреждения образования Шумилинского района готовы к началу учебного года

Актуалии Образование

Заместитель председателя райисполкома А. Н. Зайцев, начальник отдела образования П. В. Спиридонов и заведующая Башнёвским детским садом Е. Л. Савченко

Пра старанні педагогаў і скрупулёзнасць камісіі
Увесь мінулы тыдзень дзяржаўная камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А. М. Зайцавым наведвала школы і дзіцячыя сады. На што ў першую чаргу звярталася ўвага? Калі глабальна, то камісія павінна была вынесці вердыкт: гатова ці не тая або іншая ўстанова прыняць дзяцей 1 верасня і нармальна функцыянаваць увесь навучальны год.

"Жар-птица" из Льнозаводской детский сад-начальной школы

Прынята лічыць, што лепшыя кіраўнікі мужчыны (з чым, пэўна, спрачацца – няўдзячная справа). Але ж у прадстаўнічай кагорце дырэктараў школ (пра загадчыкаў дзіцячых садкоў не гаворым) верхаводзяць менавіта прадстаўніцы слабага полу. І ў іх, да слова, выдатна атрымліваецца весці гаспадарку, рашаць любыя пытанні, не заўжды жаночыя. Як пабудаваць адмостку, дзе дастаць цэмент, якога дыяметру трубы закупіць і дзе — усё гэта не бянтэжыць нашых дырэктрыс. Гэта я магу сцвярджаць, бо сёлета прыйшлося паўдзельнічаць у звычайным для жніўня мерапрыемстве – аб’ездзе ўстаноў адукацыі з мэтай праверкі іх на гатоўнасць да новага навучальнага года.
Можна адзначыць, што ўсюды быў праведзены касметычны рамонт, адрамантавана мэбля, вырашчана агародніна. Амаль не было пытанняў па цепла-, энергазабеспячэнні, усе ўстановы у стане забяспечыць сябе садавіной-гароднінай, створаны нядрэнныя санітарныя ўмовы.
Праўда, калі быць да канца шчырымі, то ў Сіроцінскай школе-садзе ды і ў Мішневіцкім садзе прадстаўнікі санітарыі зрабілі вымову за бруд і павуцінне пад столлю. Так і не стала ясна, чаму да прыезду камісіі там не паклапаціліся пра элементарны парадак: гэта ж не патрабуе ніякіх матэрыяльных укладанняў. Канешне, дзяцей мала, як і перспектыў, адтуль, магчыма, і апатыя.

Новая горка в Шумилинском ясли-сад №1

Наогул, здаецца, што менавіта недахоп дзяцей і ёсць самая галоўная праблема навучальных устаноў, ды бадай, і грамадства ў цэлым.  Мікіціха, Слабада, Кардон, Мішневічы (калі не браць гарады)  —  дэманструюць адносна (!?) стабільную станоўчую дэмаграфічную карціну. У іншых жа вёсках і вёсачках колькасць дзяцей вагаецца ад 5 да 30 чалавек. І перспектыва “свеціць” са знакам мінус. Толькі трыццаццю вучнямі можа пахваліцца Навікоўская СШ. Там наогул няма 10 класа, пачатковай школы. Пытанне: ці патрэбны дзяржаве такія ўстановы, ці рацыянальна іх сёння ўтрымліваць – рытарычнае (у вялізнай двухпавярховай Сіроцінскай школе, да прыкладу, за парты 1 верасня сядуць усяго 29 чалавек) Пакуль жа яны функцыянуюць, там абавязаны падтрымлівацца ўмовы для гэтага.
Кожная ўстанова вядзе сур’ёзную гаспадарчую дзейнасць, каб мець сродкі на спецрахунку, папаўняць і аднаўляць базу. Платныя паслугі, адукацыйныя і не толькі, збор і здача другаснай сыравіны, спонсарская дапамога – у многіх ёсць чым пахваліцца. Больш за тры мільёны зарабіла Мішневіцкая школа на клубніцах, ды і ўраджай гародніны там добры, членаў камісіі асабліва ўразіла цыбуля – такіх гігантаў мы не сустрэлі больш ні на адным участку. Капустай, як заўжды, могуць пахваліцца ў Навіках. Там, наогул, умеюць зарабляць грошы. Калі школе, дапусцім, патрэбны камп’ютар, яго не просяць у аддзеле, а бяруць і купляюць. Дужа прыгожы не толькі з пункту гледжання ўраджайнасці, але і  эстэтычных прэтэнзій агарод Льнозаводскай школы-сада.
Сёлета на фарбу для школ і садоў было выдзелена 150 мільёнаў рублёў, заўважыў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў. А на мінулым тыдні губернатар вобласці А. М. Косінец заявіў, што на падрыхтоўку устаноў адукацыі вобласці дадаткова будзе выдзелена 20 мільярдаў рублёў.  А гэта значыць, што ўдасца хаця б часткова аднавіць ва ўстановах халадзільнае абсталяванне, вырашыць некаторыя іншыя вострыя праблемы.

На территории районной гимназии

Школы ў Мішневічах і Мішкавічах былі прыняты камісіяй, але займацца ў спартыўных залах дзеці там пакуль не змогуць. Гэта дужа праблемныя, самыя балючыя кропкі. Праўда, пры сустрэчы з настаўнікамі ў Мішневічах начальнік РАА паабяцаў, што восенню сіламі ПМК-70 рамонт будзе зроблены. У Мішкавічах стаіць задача закончыць рамонт да 25 жніўня. Там жа ёсць праблема з камп’ютарамі (толькі палова машын працуе). А. М. Зайцаў выказаў меркаванне, што мэтазгодна было б аб’яднаць Мішкавіцкія школу і сад, тым больш, што кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі гатова ўзяць на сябе клопат па замене ў школе старых вокнаў на шклопакеты.
Як заўжды, на вышыні аказалася Обальская СШ. Ствараецца ўражанне, што там неяк лягчэй, чым дзе, вырашаюцца матэрыяльныя пытанні,  бадай, таму, што ўзначальвае калектыў ініцыятыўны, апантаны справай мужчына. Там выпрацаваўся свой стыль работы: ніякіх штыляў і аўралаў. “Работу па падрыхтоўцы школы пачынаем яшчэ ў студзені”, — дзеліцца сакрэтамі А. М. Штокін, дырэктар.
Адзначылі, як прыклад, сістэму работы, што склалася ў Мікіціхінскай СШ: узорная тэрыторыя, сакавітыя кветнікі, парадак ва ўсім. Калегам-суседзям у дзіцячым садку раілі пераймаць іх вопыт.
А наогул, члены камісіі адзначылі, што сёлета падаўляючая большасць устаноў адукацыі падрыхтавана да прыёму вучняў лепш, чым ў мінулым годзе. Выпраўлены многія недахопы, што адзначаліся ў 2011 годзе, набываецца новае тэхналагічнае абсталяванне, абнаўляецца мэбля, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторый. Ну, а цяпер пра навучальныя ўстановы.
Дзіцячыя сады. Аднадушнай была думка членаў камісіі: у Башнёўскім дзіцячым садзе самая прыгожая сёлета з усіх дашкольных устаноў тэрыторыя, тут дагледжаны газон, выкашана прылеглая тэрыторыя, пафарбаваная агароджа, з выдумкай і густам аформленыя кветнікі. Значна палепшыў сваю тэрыторыю і Шумілінскі дзіцячы яслі-сад № 1: з’явіліся брукаваныя дарожкі, адрамантавана асфальтавае пакрыццё, устаноўлены новы гульнявы комплекс. У дзіцячым саду № 2 таксама працуюць над добраўпарадкаваннем тэрыторыі, сёлета навялі парадак на гаспадарчым двары. Заслугоўвае ўвагі работа з бацькамі ў дзіцячым саду № 3. Апякунскі савет і адміністрацыя ўстановы адукацыі працуюць ва ўзаемадзеянні і ўзаемаразуменні.  За кошт бацькоўскіх сродкаў мацуецца матэрыяльная база ўстановы, вядзецца рамонт пакояў у групах. Пачалі у саду доўгачаканы рамонт даху, які плануюць завяршыць хуткімі тэмпамі. Дзіцячы сад № 4, самы стары з усіх шумілінскіх садоў, атрымаў другое дыханне з будаўніцтвам жылля ў гэтым мікрараёне. Цяпер ён перапоўнены і частку дзяцей вымушаны адпраўляць у д/с № 3, а першы клас з новага навучальнага года будзе месціцца ў СШ № 2. Намаганнямі калектыву падтрымліваецца ў добрым стане тэрыторыя, ствараюцца ўмовы для паўнавартаснай работы чатырох груп. Светласельскі дзіцячы сад атрымаў добрую стартавую пазіцыю, калі ўладкоўваўся аграгарадок. Калектыў сада не толькі не згубіў набытага, але штогод прыбаўляе, а дзякуючы цудоўна размаляваным сценам, дзеці прыходзячы ў сад, нібы трапляюць у свет казачных і “мульцяшных” герояў.  Больш сціпла, але дагледжана і акуратна выглядае Язвінскі сад, які дажывае апошнія дні ў якасці самастойнай установы адукацыі. З 1 верасня  ў Язвіне ствараецца дзіцячы сад-базавая школа.
Шумілінская СШ №1 сустрэла камісію рамонтам фасадаў і некаторых унутраных памяшканняў, але класы ўсе гатовы да прыёму дзяцей, адрамантаваныя і падрыхтаваныя.  Будаўнікі абяцаюць да 1 верасня навесці і галоўны фасад школы. Пасля рамонту фасадаў будынак школы ператворыцца, напэўна, у самы прыгожы будынак райцэнтра.  Тэрыторыя школы – узор для іншых.
У Шумілінскай СШ № 2 таксама знайшлі чым здзівіць – школьныя кабінеты і памяшканні атрымалі сучаснае прыгожае афармленне. Стэнды ў вучэбных кабінетах, калідорах, памяшканнях школы выкананы з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій і каштуюуць у разы танней, чым калі б іх заказвалі ў спецыялізаваных фірмах.  З вопытам школы пазнаёмяцца кіраўнікі ўстаноў адукацыі на жнівеньскіх нарадах.
Добра падрыхтаваліся да новага
навучальнага года ў Язвінскай базавай школе. Тут ідэальны агарод – вялікі па плошчы, ён даледжаны, вырашчаны добрый ўраджай гародніны, якога хопіць не толькі для харчавання дзяцей, але і для продажы лішкаў. Нядрэнна падрыхтаваліся да новага навучальнага года ў Амбросавіцкай дзіцячы сад-СШ, Башнёўскай СШ. У раённай гімназіі гатовы прыняць дзяцей спальны корпус, а вось у вучэбным корпусе вёўся рамонт двух класаў – на базе гімназіі да апошняга часу працаваў аздараўленчы лагер і рамантаваць пакоі не было магчымасці. Пачалі ў гімназіі работы па ўдасканаленню ландшафтнага дызайну: прыбіраюць старыя кусты, разбіваюць кветнікі. Пахваліліся і прадукцыяй ад уласнай каровы – малако, масла, тварог, смятана – усё ахвотна купляюць мясцовыя жыхары, папаўняючы гімназічны рахунак.
Раённая камісія пацвердзіла гатоўнасць да новага навучальнага года ўсіх устаноў. Тым не менш застаецца шмат пытанняў, якія вырашаюцца марудна, бо патрабуюць значных фінансавых выдаткаў, выканання вялікага аб’ёму будаўнічых работ – рамонт спартыўных залаў, дахаў, замена вокнаў, неабходнасць набыцця каля дваццаці халадзільнікаў і маразільнікаў, воданагравальнікаў, каля 1000 лямпаў і іншае.  Гэтыя пытанні будуць вырашацца ў рабочым парадку і ў залежнасці ад фінансавання.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА, Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №64 ад 14.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *