Вяртанне забытых герояў
Салдат у баі пра подзвігі не думае. Але, каб выжыць, імкнецца ваяваць умела, вынаходліва і з рызыкай, якая на вайне нярэдка з’яўляецца адзіным выйсцем у безвыходнай, здавалася б, сітуацыі і даўно адлюстравалася ў салдацкім фальклоры: “Альбо галава ў кустах, або грудзі ў крыжах”. Георгіеўскі крыж для ўзнагароджання салдат і унтэр-афіцэраў царскай арміі быў уведзены ў 1807 годзе. З 1855 года меў чатыры ступені, і воін, які іх атрымаў, лічыўся поўным Георгіеўскім кавалерам. У салдацкім асяродку існаваў міф, што такі воін меў права сядзець у прысутнасці самога гасудара імператара. І нібыта яму за казённы кошт пісаўся парадны партрэт, які выстаўляўся потым у Георгіеўскай зале Крамля. Узнагарода гэта вельмі шанавалася. У сувязі са 110-годдзем з пачатку першай сусветнай вайны варта ўспомніць землякоў – поўных Георгіеўскіх кавалераў, аддаць належнае іх светлай памяці.
Фамін Ісаак Фаміч
Нарадзіўся ў вёсцы Заўсыска. І тое, што імя яго не згубілася для нашчадкаў, дзякаваць трэба Дзіяне Маркаўне Нікіфаравай, якая напісала пра героя артыкул для 2 кнігі 6 тома “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”.
На самым пачатку першай сусветнай вайны сялянскі юнак быў прызваны ў дзеючую армію. Ваяваў разведчыкам. Георгіеўскім крыжам 4-й ступені быў узнагароджаны 8 студзеня 1915 года. Яго рота вяла бой за важны тактычны апорны пункт немцаў. Пад моцным агнём воіны залеглі. Як было адзначана ва ўзнагародным пасведчанні, Ісаак Фамін “прыкладам асабістай храбрасці падбадзёрыў сваіх таварышаў і павёў у атаку, якая прывяла да захопу варожай пазіцыі”.
У верасні 1915 года наш зямляк ваяваў паблізу ад малой радзімы на Вілейшчыне. Ісаак Фамін, ужо ротны фельдфебель і кавалер двух Георгіеўскіх крыжаў, вызначыўся ва ўпорным трохдзённым баі каля засценка Такавішча, камандуючы ротай на яе самымнебяспечным левым фланзе.
А поўным кавалерам ён стаў у сакавіку 1916 года ў ходзе вельмі кравапралітнай Нарачанскай наступальнай аперацыі, якую рускае войска разгарнула шырокім фронтам, каб дапамагчы саюзнікам, якіх нямецкая армія прыціснула да крэпасці Вердэн, пагражаючым захопам французскай сталіцы. У ходзе аперацыі рускія воіны прымусілі немцаў перакінуць на Усходні фронт некалькі сваіх самых баяздольных корпусаў, у выніку чаго спыніліся масіраваныя атакі на Парыж. За мужнасць і гераізм Ісаак Фамін атрымаў Георгіеўскі крыж 1-й ступені па хадайніцтве Вялікага князя Георгія Міхайлавіча.
Ісаак Фамін вярнуўся ў родную вёску толькі пасля грамадзянскай вайны. Арганізаваў камуну, а затым і першы калгас. У гады Вялікай Айчыннай вайны трымаў сувязь з партызанамі. У пасляваенны час быў ушанаваны пачэсным званнем “Ганаровы член саўгаса “Мішневічы”. Не стала мужнага патрыёта і воіна ў 1970 годзе.
Ізафаценка Мікалай Мацвеевіч
Нарадзіўся ў 1882 годзе. Скончыў Жаробіцкую царкоўнапрыходскую школу. Існавала да рэвалюцыі ў Віцебскім павеце Жаробіцкая воласць, цэнтрам якой з’яўлялася мястэчка Слабада-Жаробічы (цяпер аграгарадок Слабада Шумілінскага раёна). На службу ў царскую армію Мікалай Мацвеевіч быў прызваны ў 1905 годзе.
Выявіў здольнасці выдатнага стралка. За прызавыя месцы ў спаборніцтвах па стральбе з вінтоўкі ўзнагароджваўся фінскімі маркамі (відавочна, службу нёс ў Вялікім Княстве Фінляндскім, якое, знаходзячыся ў складзе Расійскай імперыі, мела адносную самастойнасць). Неўзабаве ў чыне старшага ўнтэр-афіцэра звольніўся ў запас. Але пачалася першая сусветная вайна, і ён вярнуўся ў войска.
Георгіеўскі крыж 4-й ступені атрымаў у тым жа 1914 годзе. Вызваўся пайсці ў разведку, здабыў каштоўныя звесткі.
26 студзеня 1915 года прапаршчык Мікалай Ізафаценка са сваім узводам ва ўмовах кругавой абароны ўтрымаў важную ў тактычных адносінах перадавую пазіцыю. У жніўні 1915 года прызначаны камандзірам 4-й роты 1-га Фінляндскага стралковага палка, што займаў пазіцыю на рацэ Стрыпа ў Галіцыі, якая на працягу двух гадоў з’яўлялася лініяй фронту. У верасні рускія фарсіравалі раку, захапілі плацдарм на правым беразе ракі. У баях каля вёскі Сямікоўцы загінуў камандзір батальёна. Мікалай Ізафаценка ўзяў камандаванне на сябе. Яго энергія перадалася салдатам. Батальён адбіў усе атакі ворага, затым сам пайшоў у контратаку. У палон трапілі каля 400 аўстрыйскіх салдат і афіцэраў. Камандзір здолеў арганізавана пераправіць і батальён, і палонных на левы бераг ракі.
Амаль усю вайну Галіцыя заставалася зонай вельмі жорсткіх баёў. Восенню 1914 года рускае войска заняло практычна ўсю ўсходнюю Галіцыю і значную частку заходняй, узяўшы з аблогу крэпасць Перамышль, асада якой працягвалася пяць месяцаў. Вясной 1915 года вымушана было пакінуць Галіцыю пад націскам кайзераўскай арміі, зноў вярнуўшыся сюды ў 1916 годзе ў выніку Брусілаўскага прарыву. Тут, у Галіцыі, і нарадзілася ў салдацкім асяродку стаўшая шырока вядомай горкамаркотная песня з выразным пратэстам супраць бязглуздай вайны.
Брала русская бригада
Галицийские поля,
И остались мне в награду
Два железных костыля.
Из села мы трое вышли,
Трое первых на селе.
И остались в Перемышле
Двое гнить в сырой земле.
Я вернусь в село родное,
Дом срублю на стороне,
Ветер воет, ноги ноют –
Будто вновь они при мне.
Буду жить один на свете,
Всем не нужен, всем ничей.
Вы скажите: кто ответит
За погибших трех людей?
20 лістапада 1915 года прапаршчык Ізафаценка, ужо поўны Георгіеўскі кавалер, на два тыдні быў камандзіраваны ў горад Магілёў, дзе знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага імператара Мікалая ІІ. 26 лістапада тут адбы-ося Свята Георгіеўскіх Кавалераў, выкліканых да цара з усіх франтоў. Пасля святочнага малебну кавалеры прайшлі цырыманіяльным маршам Дняпроўскім праспектам. А 12 гадзіне ў зале акружнога суда быў дадзены ўрачысты абед для ніжных чыноў, праз паўгадзіны – для афіцэраў у будынку гарадской управы. Мікалай ІІ пакінуў у дзённіку сціслы запіс: “Прыемна было бачыць 170 маладых герояў разам. Паразмаўляў з кожным”.
У гэты ж дзень Гасудар асабіста “произвёл” Мікалая Ізафаценку ў падпаручнікі. У 1916 годзе ён ужо штабс-капітан. Відавочна, быў не толькі мужным воінам, але і таленавітым камандзірам, бо ўзнагароджаны, акрамя чатырох салдацкіх Георгіеўскіх крыжаў, яшчэ і афіцэрскім ордэнам Святога Георгія 4-й ступені і Георгіеўскай зброяй.
Дакладна невядома, які бок заняў Мікалай Мацвеевіч Ізафаценка ў грамадзянскай вайне. Але ў 1921 годзе ён далучыўся да антысавецкага ўзброенага паўстання на Тамбоўшчыне – так званай Антонаўшчыны. І быў прызначаны памочнікам кіраўніка паўстання Пятра Міхайлавіча Такмакова, таксама поўнага Георгіеўскага кавалера. На выключна жорсткае задушэнне сялянскага мецяжу Савецкі ўрад кінуў значную вайсковую групоўку, якой камандаваў Міхаіл Тухачэўскі. Пётр Такмакоў загінуў у баі. А што сталася з нашым земляком, можна толькі здагадвацца…
Анатоль БРУЦКІ, г. Віцебск.

