В Обольской школе провели акцию-концерт за здоровый образ жизни

Актуалии Здоровье Образование

После концерта - по оболянке на катамаранах

Беражы тое, чаго не купіш ні за якія грошы
З пэўнай доляй скепсісу стаўлюся да розных акцый. Акцыя – гэта нешта разавае, а значыць, часовае,  ад выпадку да выпадку.  Хаця ўсё ж трэба згадзіцца: хоць нейкі нюанс, нейкая, можа, не вельмі істотная  дэталь свята  ў душы, у памяці чалавека застанецца, а значыць,  ён лішні раз задумаецца, пачне разважаць і ўзважваць.
На пляцоўцы ля Обальскай СШ праводзілі акцыю-канцэрт пад назваю “Жыві сам і дай жыць іншым”. Арганізатары – раённы аддзел культуры, Обальскі керамічны завод, мясцовая школа і райкам ГА БРСМ. Ставілася на мэце нагадаць дзецям пра шкоду наркотыкаў, гарэлкі і цыгарэт,  расказаць пра  ВІЧ-інфекцыю. Ля ганка школы ставіцца музычная апаратура,  тут жа рыхтуецца да канцэрта група “Гарэзнікі” (Обальская школа мастацтваў), ладзіцца выстава літаратуры па тэматыцы, дзецям раздаецца папера і фарбы з тым, каб малявалі плакаты пад назваю “Здаровым быць – модна”. Знаходзіцца месца і для дзіўнага “рэквізіта” – мясарубкі, а побач надпіс: “Кінь цыгарэту – атрымаеш цукерку” (значыць, будуць пераціраць цыгарэты) – акцыя, якую праводзіць райкам БРСМ. На лаўках ля   школьнага ганка расселіся гледачы. Словам, усё традыцыйна і звыкла. Нязвыклай чакалася адна дэталь свята – водная вандроўка на катамаранах, якую ладзіла Обальская школа. У сваім вітальным слове дырэктар установы А. М. Штокін закрануў тэму вандровак у тым кантэксце, што яны адцягваюць дзяцей ад шкодных звычак, мацуюць жаданне весці здаровы лад жыцця. Вандроўка на катамаранах па рацэ Обаль стала традыцыйнай, яна дазволіць дзецям лепш зведаць свой родны край, мацней любіць яго. Вытокі гэтай любові – ад таго пакалення выпускнікоў школы, якое апаліла вайна, – ад камсамольска-маладзёжнай падпольнай арганізацыі “Юныя мсціўцы”.
Падарожжа па рацэ   павяла Анастасія Мулькова з ОКЗ. Яна правяла інструктаж з вандроўнікамі, расказала пра тое, як кіраваць катамаранам (у гурце было шмат навічкоў), і вандроўка пачалася.  Дарэчы, адзін катамаран, чырвоны па колеры, атрымаў назву Асоль” – як гераіня кнігі А. Грына “Пунсовыя ветразі”, другому нададзена імя Ул. Караткевіча. Чаму менавіта яго – адказ атрымалі ад Анастасіі: так захацеў Анатоль Бычкоў з Мішневіч,  дзякуючы якому школа і мае два “барты” (так гучна называюць у школе плаўсродкі). Па-мойму, вельмі ўдала: славуты беларускі пісьменнік таксама вельмі любіў вандроўкі, нярэдка нават на плытах…
А тым часам свята   ля школы працягвалася. Мясцовы ўрач А. В. Арлова расказала і  пра ВІЧ-інфекцыю, а найбольш – пра культуру харчавання, пра шкоду, якую тояць у сабе прадукты, да якіх, на жаль,  прыахвоціліся многія дзеці. Адсюль і атлусценне, і лішняя вага. Акрамя гэтага, свята нагадала гледачам пра тое, што “СНІД –  чума 21-га стагоддзя”, што “хвароба не шкадуе ні бедных, ні багатых, ні дзяцей, ні старых”, што “ў тытуню ўтрымліваецца нікацін, які вельмі ядавіты, што ад яго чалавек рана старэе і памірае”, што “алкаголь – шкодная звычка, якая перарастае ў хваробу”. Усё гэта – азбучныя ісціны, якія, на жаль, набілі аскому і не заўсёды даходзяць да нашай свядомасці. Вось і мясарубка засталася некранутай. Чаму? Ніхто з тых, хто курыць, не захацеў узамен цукерку? Магчыма. А хутчэй за ўсё дзеці калі і кураць, то ўціхую, а значыць, не хочуць выходзіць з “падполля”.  Цукеркі ж, зэканомленыя на акцыі, пайшлі для заахвочвання  дзецям, якія малявалі плакаты па тэматыцы.
Акцыя закончылася, а жыццё працягваецца. Важна, каб пасля гэтай акцыі той-сёй з дзяцей задумаўся: а ці не пакончыць з заганнай звычкай, ці не пакончыць з ёю раз і назаўсёды?..
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №67 ад 24.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *