29 августа в Шумилино прошла районная педагогическая конференция

Актуалии Образование

На Шуміліншчыне за парты сядуць 2038 вучняў
Заўтра 1 верасня – Дзень ведаў. Да кожнай школы, нібы імклівыя светлыя ручайкі, памкнуцца дзеці, уліваючыся ў агульную магутную плынь – плынь ведаў.
У Шумілінскім раёне 1 верасня за парты сядуць 2038 вучняў, 930 дзетак прыйдуць у дзіцячыя сады.
Педагагічны калектыў і ўстановы адукацыі раёна гатовы да новага навучальнага года. Гэта пацвердзіла і раённая камісія пры праверцы ў жніўні школ і дзіцячых садоў, і самі педагогі на сваёй традыцыйнай канферэнцыі.
29 жніўня ў зале гарадскога Дома культуры на настаўніцкую канферэнцыю сабраўся педага-гічны актыў раёна. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта А. М. Зайцаў, начальнік цэнтра дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі дарослых “Віцебскі абласны інстытут развіцця адукацыі” Ю. С. Кардычка, дырэктар Віцебскага кадэцкага вучылішча кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, старшыні сельвыканкамаў.
На пачатку мерапрыемства – словы павагі і кветкі ветэранам педагагічнай працы, прывітанне ўзельнікам канферэнцыі ад дашкольнікаў.
Жнівеньская канферэнцыя – гэта грунтоўны аналіз работы педагагічнага калектыву раёна ў папярэднім навучальным годзе, задачы на новы. Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама П. У. Спірыдонаў адзначае, што ў 2011-2012 вучэбным годзе ў агульнаадукацыйных школах раёна навучалася 2055 вучняў (на 107 менш, чым у папярэднім годзе), дашкольныя ўстановы наведвалі 900 выхаванцаў (на 33 больш). Пётр Уладзіміравіч падрабязна спыняецца на рабоце дашкольных устаноў, дасягненнях і праблемах агульнаадукацыйнай школы, задачах выхаваўчай работы.  Ён адзначае, што дзяржаўныя сацыяльныя стандарты ў галіне адукацыі выкананы на 100%, што дзеці Шумі-ліншчыны маюць магчымасць атрымліваць і атрымліваюць высокі ўзровень ведаў і на працягу апошніх чатырох гадоў Шумілінскі раён трымае 5-6 месца сярод сельскіх раёнаў вобласці па колькасці дыпломаў абласнога ўзроўню.
Педагогі гатовы і надалей трымаць высокую планку, тым не менш яны адзначалі, што сённяшняя матэрыяльна-тэхнічная база (асабліва камп’ютарная) не садзейнічае гэтаму, як і недахоп кадраў.
Што датычыць кадраў, дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін прапанаваў, напрыклад, зрабіць больш жорсткі адсеў абітурыентаў, бо калі чалавек не ўмее наладжваць кантакт з іншымі людзьмі, які з яго будзе настаўнік? Аляксандр Мікалаевіч перакананы і ў тым, што маладым настаўнікам трэба даваць льготныя крэдыты на набыццё і ўладкаванне жылля, ствараць іншыя прэферэнцыі, каб не толькі наталіць кадравы голад, але і прыцягнуць у школу мужчын. “Пры ўсіх вялікіх дастоінствах жанчын нехта ж павінен ураўнаважваць іх маленькія недахопы”, – пажартаваў прамоўца.
Пра інавацыйную накіраванасць у навучанні, самавызначэнне вучняў і адладжаную ў школе сістэму работ па прафарыентацыі расказала намеснік дырэктара Мікіціхінскай СШ Г. В. Скрыпкіна.
Было што сказаць на канферэнцыі дырэктару Шумілінскай раённай гімназіі-інтэрната Л. У. Маладзечкінай – 88% выпускнікоў гімназіі сталі сёлета студэнтамі ВНУ (у мінулым годзе – 85%). Але поспех не прыходзіць сам па сабе, зазначыла Ларыса Уладзіміраўна, на яго мэтанакіравана працуе ўвесь калектыў. Кожны дзень, і не толькі на ўроках, але і на факультатыўных занятках, якімі ахоплены 100% гімназістаў.
Для таго, каб быць паспяховым, трэба найперш быць здаровым. Менавіта на зберажэнне здароўя першачаргова звяртаюць увагу ў Обальскім яслях-садзе, расказала загадчыца дашкольнай установы Н. М. Спірыдзенка. Наталля Мікалаеўна адзначыла таксама, што ў раёне расце ахоп дзяцей дашкольнай адукацыяй, а ў Обальскім садзіку сёлета адкрываецца новая сёмая група.
Здаровы лад жыцця і гарманічнае суіснаванне з прыродай – прыярытэтныя накірункі Башнёўскай СШ, падзялілася намеснік дырэктара школы Т. В. Жамойдзіна. Экалагічны накірунак школа ўзяла яшчэ ў 1999 годзе, тут вядзецца сур’ёзная інфармацыйна-даследчая дзейнасць, якая развівае ў дзяцей жаданне больш ведаць, лепш вучыцца.
І зноў пра кадры, пра недастатковае фінансаванне. Гэта ў выступленні прафсаюзнага лідара Шумілінскай СШ № 1 настаўніка матэматыкі Т. П. Рафальскай. Хто заўтра прыйдзе працаваць у школу, занепакоена Таццяна Пятроўна, зараз у СШ № 1 сярэдні ўзрост настаўніка набліжаецца да 50 гадоў, у школе не хапае настаўнікаў замежнай мовы, фізікі. Незадаволенасць выказала Таццяна Пятроўна і тым, што настаўнікам па частках усё лета выдаюць адпускныя, гэта нязручна.
Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. В. Бельчыкава спынілася ў сваім выступленні на задачах установы новага тыпу – сацыяльная дапамога і рэабілітацыя дзяцей, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых сітуацыях, абарона правоў дзяцінства.
Ствараць спрыяльныя ўмовы для развіцця асобы, для дадатковай адукацыі прызначаны Шумілінскі цэнтр дзяцей і моладзі. Метадыст цэнтра Т. М. Мураўёва расказала пра асноўныя накірункі дзейнасці цэнтра, а таксама пра планы, якім, на яе думку, зноў жа замінае недахоп кадраў і слабая матэрыяльна-тэхнічная база.
Нашы дзеці павінны жыць і працаваць на роднай зямлі, пераканана намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце ААТ “Прыазёрны мір” Н. М. Юхнавец. Гэту задачу гаспадарка дапамагае рэалізоўваць у тым ліку і ствараючы рабочыя месцы для дзяцей на час канікулаў, паведала Ніна Міхайлаўна. Сёлета, напрыклад, больш за 60% падлеткаў працавалі ў гаспадарцы. Працоўная занятасць дзяцей, іх грамадзянска-патрыятычнае і духоўнае выхаванне, прафарыентацыя – гэта агульная справа школы і гаспадаркі, пераканана ідэолаг.
На канферэнцыі слова ўзяў і дырэктар Віцебскага кадэцкага вучылішча У. У. Шыцько. Уладзімір Ула-дзіміравіч падзякаваў за вылучэнне яго  кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, расказаў пра сваю дзейнасць у якасці дырэктара кадэцкага вучылішча. Ён заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны Ордэнам Пашаны, мае рознабаковыя веды і багатыя практычныя напрацоўкі, якія спадзяецца прымяніць пры рабоце ў Парламенце. У. У. Шыцько павіншаваў настаўнікаў Шуміліншчыны з пачаткам новага навучальнага года.
Віншаванні педкалектыў раёна прымаў і ад прадстаўніка “Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі” Ю. С. Кардычка. Юлія Сяргееўна адзначыла, што Шумілінскі раён годна выглядае на ўзроўні вобласці па развіцці адукацыі, па інавацыйных праектах, што вопыт шумілінцаў годны пераймання.
Звяртаючыся да педагагічнага калектыву Шуміліншчыны як да эліты раёна, якая мае важкі ўплыў на палітычны клімат і сацыяльную стабільнасць у рэгіёне, намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў падкрэсліў мэты адукацыі – вырасціць, выхаваць і абучыць здаровае пакаленне, будучых патрыётаў Радзімы. Дзяржава многае робіць для выканання гэтай мэты, зазначыў Анатоль Мікалаевіч. Штогод у нашым раёне найбольшую ўдзельную вагу расходнай часткі бюджэту мае адукацыя. Сёлета на адукацыю пайшло 40% усіх расходаў раённага бюджэту, а гэта больш за 52 мільярды рублёў. А. М. Зайцаў праінфармаваў таксама, што расходы на аднаго вучня ў нашым раёне складюць 8,5 мільёна рублёў і перавышаюць прадугледжаныя дзяржавай стандарты ў 7 разоў, па дашкольных устновах перавышэнне складае 3,4 раза. Гэтая акалічнасць падштурхоўвае да аптымізацыі сеткі навучальных устаноў, паведаў Анатоль Мікалаевіч, бо ў нас ёсць такія дзіцячыя сады і школы, дзе колькасць персаналу перавышае колькасць дзяцей.
Намеснік старшыні райвыканкама запэўніў, што дзяржава і далей будзе клапаціцца пра развіццё адукацыі ў раёне, ствараць для гэтага неабходныя ўмовы.
Рэзалюцыя педагагічнай канферэнцыі работнікаў адукацыі раёна, якую зачытала вядучы спецыяліст аддзела адукацы Д. І. Кахтэнка, падвяла рысу пад гаворкай.
А ў новы навучальны год педкалектыў раёна ўваходзіць адноўлены – 18 маладых настаўнікаў прынялі педагогі ў сваю сям’ю. Слова ў дарогу маладым, пажаданне будаваць сваю работу на ўзаемапавазе і супрацоўніцтве сказала намеснік дырэктара Шумілінскай СШ № 2 М. А. Вішнякова.
І маладыя не затрымаліся з адказам. Настаўнік Башнёўскай СШ Аляксандр Койра бойка паабяцаў, што маладыя не падвядуць, што ў іх усё атрымаецца.
Завяршылася мерапрыемства ўзнагароджваннем лепшых педагагічных работнікаў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №69 ад 31.08.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *