Праздник улиц Сипко и Володарского прошёл в Шумилино

Актуалии Край шумілінскі

Я тут, прызнаюся, не госць, Я вечны парастак Радзімы
Арганізацыя свята вуліцы вымушае ад аўтараў асабліва карпатлівай падрыхтоўкі. Тут мала – проста развесяліць народ, варта здзівіць цікавымі гістарычнымі, а то і малавядомымі фактамі, расказаць пра людзей, што жывуць ці жылі на вуліцы, адшукаць цікавыя лёсы, адмысловыя здабыткі – і ўсё гэта нязмушана, каб не надакучыла, каб хацелася слухаць.
Нягледзячы на тое, што ў гэты раз свята вуліц імя Сіпко і Валадарскага прайшло ў гарадскім парку,  гледачам ні на хвіліну не давалі забыць, у гонар якіх вуліц ідуць гулянні.  Вечар пятніцы 21 верасня  быў у палоне песень, жартаў, цікавых выступленняў. Але здаралася, што і стрымаць слязу было цяжка. Карацей, тым, хто ні на імгненне,  як старшыня  райвыканкама У. П. Куранны і яго намеснікі, не пакідаў месца святкаванняў, было што паслухаць, каму крыкнуць “брава”.  Удзел у мерапрыемстве прыняў і кандыдат (тады яшчэ) у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У. У. Шыцько. Уладзімір Уладзіміравіч павіншаваў шумілінцаў са святам, пажадаў усяго самага лепшага.
“Самы каштоўны вынік такіх святаў, — прызнаўся ў сваім слове перад гараджанамі намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, — гэта збліжэнне людзей, нараджэнне пачуцця салідарнасці і гонару за сваю вуліцу, за сваю малую радзіму. Кожная эпоха пакідае свой след на абліччы вуліц. З гадамі яны змяняюцца так жа, як і людзі”, — заўважыў Анатоль Мікалаевіч.  Ён гаварыў, што кожны з нас уносіць свой уклад у тое, каб горад і кожная яго вуліца былі прыгожымі, вызначалі сваім выглядам неабыякавых, руплівых  сучаснікаў.
Адміністрацыйныя будынкі прадпрыемстваў і арганізацый, што размясціліся  на вуліцы Сіпко: пракуратура,  ДРБУ – 204, ПМК-70, Ханзе-хольц, а таксама гандлёвыя аб’екты, гарадскі рынак і нават тэрыторыя Шумілінскага возера – упрыгожваюць вуліцу аформленай тэрыторыяй, сучаснымі фасадамі будынкаў, нязменным парадкам. Так і прыватныя гаспадары, а іх, клапатлівых і руплівых, на вуліцах Сіпко і Валадарскага таксама жыве шмат. І ў гонар якіх на свяце прагучала нямала цёплых слоў.  Твой асабісты дом, твая вуліца, твой горад, твая краіна – усё пачынаецца з малога, тут каштоўныя менавіта твае старанні. І лепшыя гаспадары былі адзначаны прама на свяце. Намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў уручыў дыпломы і каштоўныя падарункі сем’ям Забалоцкіх і Калянковічаў з вуліцы Валадарскага (пераможцы конкурсу па добраўпарадкаванні ў намінацыі “Лепшы падворак”). У намінацыі “Лепшы шматпавярховы дом з добраўпарадкаваннем, балконам і пад’ездам” перамог дом №39 па вуліцы Сіпко (старэйшая дома Р. Д. Каўгунова). Алег Пятровіч адзначыў таксама, што не ўсё, што хацелася б, яшчэ зроблена на вуліцах, але планаў па добраўпарадкаванні багата, і ўсе яны будуць абавязкова  здзейсненыя.  Лепшых сваіх работнікаў адзначылі падарункамі і ўхвальнымі словамі прадпрыемствы ПМК-70, ДРБУ-204, Ханзе-хольц.
Цікава, бывае здаецца, няма нічога больш статычнага, чым вуліцы з  іх дамамі, дарогамі, паркамі і скверамі. Выступае навуковы супрацоўнік гісторыка-краязнаўчага музея Святлана Іванова, і раптам становіцца зразумела, як хутка ўсё мяняецца, як знікаюць будынкі, мяняюць сваё прызначэнне, вырастаюць новыя. Так жа і людзі. У гэты вечар наогул многа гаварылі пра людзей, герояў вайны, актывістаў мірнага жыцця, дастойных вартага слова сучаснікаў.  Вядома, успомнілі і Антона Уладзіміравіча Сіпко, у гонар якога названа вуліца, запрасілі на свята ягоную дачку Л. А. Маскалькову (на здымку другая злева).
Работнікам культуры (канцэрт выдатна правялі Галіна Аляксеева і Ларыса Дземідовіч) арганічна ўдалося ўплесці ў канву свайго тэатралізаванага канцэрта ўсё, што хацелася расказаць пра вуліцы, іх гісторыю і жыхароў. Яны прымушалі гледачоў смяяцца і плакаць, сталых – успомніць маладосць, маладых – адчуць сябе патрыётамі, адчуць гонар за свой горад і натуральнае жаданне рабіць яго лепшым год ад году. Нават тая маладая спецыялістка, гераіня прадстаўлення, так шчыра заявіла, што жыць хоча толькі ў Шуміліне, аж падумалася, што можа і сапраўды гэта самае лепшае месца на зямлі…
Канцэрт на сцэне падтрымлівалі і народныя гулянні ў гарадскім парку. Тут усё па выпрабаванай гадамі праграме: атракцыёны і салодкая вата – для дзяцей; шашлыкі і выставы – для дарослых. Свята цягнулася да цёмнага, да гэтага ж часу не сціхаў і дзіцячы гоман. Нельга не адзначыць і тое, што самымі актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства, як зрэшты, і заўжды, аказаліся людзі сталыя. Нешта моладзь ігнаруе такія святы, не знаходзіць часу прайсціся па выставах, набыць сувенір ад Дома рамёстваў, паспытаць страў нацыянальнай кухні ў “Разынкі”, пацікавіцца бібліятэчнымі рарытэтамі. За гэтым нам, чамусьці, не лянота ехаць у Полацк ці Віцебск, а то і далей. А як жа сваё? Яно ж не горшае, а нашых адмысловых майстроў ужо даўно і высока ацанілі і за межамі нашай краіны.
Тыя, хто пабываў на свяце, ужо абавязкова не прапусцяць наступнае такое.
Тэкст і фота Наталлі ЧАРНІЧЭНКІ.
Надрукавана ў №76 ад 25.09.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *