“Калі прыходзіць пошта палявая, салдат цяплом далёкім абагрэе”
Падчас Вялікай Айчыннай вайны лісты-трохкутнікі з фронту былі адзіным, што звязвала салдат з іх сем’ямі. Лісты праходзілі цэнзуру, рваліся, але ўсё ж даходзілі да адрасата.
Родныя зачытвалі іх да дзірак, запамінаючы на памяць. Менавіта дзякуючы лістам салдаты атрымлівалі весткі і словы падтрымкі ад блізкіх людзей. Сваякі чакалі лісты з фронту як самыя дарагія навіны, маліліся аб тым, каб маленькія канверцікі, прапахлыя махоркай, прынеслі добрыя весткі. Папера была ў дэфіцыце, таму лісты складвалі ў трохкутнікі. Атрымлівалася, так сказаць, два ў адным: і канверт, і ліст. Аб чым перажывалі салдаты, што адчувалі, якімі навінамі і трывогамі дзяліліся са сваімі роднымі, расказваюць ваенныя лісты-рэліквіі, якія беражліва захоўваюцца ў Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі і школьных музеях. Мы раскажам пра гэта ў цыкле матэрыялаў пад рубрыкай «Лісты Перамогі».
Сярод нашых землякоў нямала тых, хто прапаў без вестак. Такое ж паведамленне прыйшло і ў вёску Казьяны родным Яўгена Дзмітрыевіча Данеева. Пра салдата захавалася мала звестак. Вядома толькі тое, што Яўген Данееў нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Казьяны, атрымаў павестку на 17 кастрычніка 1942 года і служыў у 700-м стралковым палку 204-й стралковай дывізіі на 1-ым Прыбалтыйскім фронце.
26 чэрвеня 1944 года пры ліквідацыі ўзброенай групоўкі немцаў у Віцебскай вобласці (дакладных звестак не захавалася) захапіў у палон двух немцаў і знішчыў агнём аднаго. За праяўлены гераізм Яўген Данееў быў узнагароджаны медалём «За адвагу». У кастрычніку 1944 года ён прапаў
без вестак. Дзе пахаваны, невядома да сённяшняга часу.
У архівах гісторыка-краязнаўчага музея захоўваецца салдацкі ліст-трохкутнік, які ў свой час перадалі родныя салдата. Ліст пажаўцеў ад часу, але і скрозь гады адрасат бачны добра: Віцебская вобласць, Казьянскі сельсавет, вёска Казьяны, Данеевай Ксеніі В.
У лісце чытаем: «Добры дзень, мілая і родная жонка Ксенія Васільеўна, а таксама родная і мілая дачка Таня! Шлю я вам сваё нізкае паламянае гарачае прывітанне і жадаю вам усяго найлепшага ў вашым жыцці.
Цяпер хачу вам паведаміць, што атрымаў за ўвесь час адзін ліст, які пісала сястра мая, за які хочацца падзякаваць. Пісьмо атрымаў яшчэ, якое пісала мама 24 чэрвеня.
Цяпер паведамляю, што пакуль жывы і здаровы. Зараз мы знаходзімся на літоўскай тэрыторыі.
Больш пісаць няма чаго. Да пабачэння. Моцна цалую родную жонку Ксенію і родную мілую дачку Таню. Чакаю хуткага адказу. Мой адрас палявой пошты – 29824-51.
Пісаў родны муж жонкі Ксеніі».
Ліст датаваны 11 чэрвеня 1944 года. Праз пяць месяцаў пасля гэтага ліста родным прыйшла навіна, што Яўген Данееў прапаў без вестак.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

