«Разам ствараць сучасны і прыгожы раён, камфортны для жыцця»
Вялікае інтэрв’ю з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Юліяй ЗЯНЬКОВАЙ.
Мала знойдзецца сярод нас людзей, якіх не хвалююць пытанні будаўніцтва жылля, рамонту дамоў, добраўпарадкавання двароў і вуліц, наогул перспектывы развіцця роднага горада і раёна. Якім будзе Шуміліна заўтра? Як палепшыцца жыццё сельскіх жыхароў? Калі і колькі сямей справяць наваселлі? У тэме па гэтых і многіх іншых пытаннях кіраўнік самага складанага і гарачага аддзела райвыканкама – начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі Юлія Зянькова. Складанасці і напружанасці ў рабоце дадае і той факт, што аддзел лідзіруе па колькасці ажыццяўляемых адміністрацыйных працэдур – іх больш за 90 відаў!
Юлія Зянькова, нягледзячы на загружанасць, знайшла час сустрэцца і пагаварыць пра ўвод жылля, бягучы і капітальны рамонт жылфонду, асфальтаванне дарог, пра планы і задачы на 2025 год – год, аб’яўлены Прэзідэнтам краіны Годам добраўпарадкавання.
ДАВЕДКА ГП. ДАВЕДКА ГП.
Юлія Міхайлаўна Зянькова родам з в. Прыазёрная. Закончыла Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «інжынер-тэхнолаг-будаўнік». Пачынала працоўную дзейнасць у 2004 годзе ў вытворча-тэхнічным аддзеле УП ЖКГ Шумілінскага раёна. У ліпені 2010 года прынята ў аддзел архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама галоўным спецыялістам, з верасня 2018 года ўзначаліла аддзел. У яе падначаленні – намеснік Ірына Карпава і галоўныя спецыялісты Святлана Масько і Павел Гусакоў.
Па выніках работы за 2023 год прозвішча Юліі Зяньковай занесена на раённую Дошку гонару.
– Юлія Міхайлаўна, з якімі вынікамі раён закончыў 2024 год па напрамках дзейнасці вашага аддзела?
– Раёну быў даведзены шэраг напружаных заданняў. І трэба адзначыць, што практычна ўсе яны былі выкананы. Каб не быць галаслоўнай, прывяду лічбы і факты. Адзін з галоўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, даведзенага аблвыканкамам, – увод у эксплуатацыю агульнай плошчы індывідуальных жылых дамоў. Пры заданні 2500 метраў квадратных фактычна выканана больш за 2600 м кв. Варта зазначыць, што будаваліся дамы як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці, практычна 50 на 50.
Вялікая работа праведзена па рэалізацыі Указа № 116, які прадугледжвае скарачэнне пустуючых жылых дамоў, асабліва ў сельскіх населеных пунктах. За 2024 год было ўцягнута ў гаспадарчы абарот 40 дамоў, з іх 37 – знесена, 4 – прададзены (два – за 1 БВ, адзін – праз аўкцыён, адзін – перапрададзены). На знос дамоў з бюджэту было выдаткавана 60 тысяч рублёў. У асноўным работамі займалася УП ЖКГ Шумілінскага раёна сумесна з сельвыканкамамі.
За 2024 год выканана заданне ва ўводзе плошчы жылых дамоў пасля капрамонту. Праведзены капрамонт 3-х шматпавярховак у райцэнтры, уведзена 3,8 тыс. метраў квадратных. На выкананне работ накіравана з бюджэту 1 мільён 200 тысяч рублёў і каля 800 тысяч адлічэнняў грамадзян. Варта сказаць, што маглі б і больш, але, на жаль, перашкодзілі абмежаванні ў фінансаванні.
А вось заданне па бягучым рамонце прыдамавых тэрыторый шматкватэрных жылых дамоў перавыканалі. Пры плане 6 фактычна адрамантавалі 18 – у гарадскіх пасёлках Шуміліна і Обаль, аграгарадках Башні і Светласельскі. За мінулы год адрамантавана 2,8 тысячы квадратных метраў дахаў на агульную суму каля 110 тысяч рублёў.
Праведзена вялікая работа па замене вулічных свяцільнікаў на энергаэфектыўныя. Заменена 788 свяцільнікаў на святлодыёдныя на агульную суму больш за 95 тысяч рублёў.
Некалькі слоў хочацца сказаць пра арэнднае жыллё, якое ў апошні час вельмі запатрабавана ў жыхароў раёна. Так, у мінулым годзе прадастаўлена 41 арэнднае жылое памяшканне. Таксама было прадастаўлена 14 жылых памяшканняў у рамках Указа № 112 «Аб асаблівасцях выкарыстання арэнднага жылля» (дзе патрабуецца рамонт). Згодна з указам у грамадзян ёсць магчымасць быць вызваленымі пасля правядзення рамонту ад арэнднай платы за жылое памяшканне на суму работ пры выкананні пэўных умоў. Хачу нагадаць, што інфармацыя пра наяўнасць такога жылля размешчана на афіцыйным сайце райвыканкама ў раздзеле «арэнднае жыллё». З заявай на яго атрыманне неабходна ісці ў службу «адно акно» райвыканкама ці ў сельвыканкамы.
У мінулым годзе праведзены значныя работы па рассяленні жыхароў (10 сямей) шматкватэрнага дома па вуліцы Дубасарскага, 6, які быў прызнаны непрыдатным для пражывання і падлягае зносу. У бліжэйшы час работы па зносе будуць завершаны. У планах – разгледзець пытанне аб будаўніцтве на гэтым месцы шматпавярхоўкі.
Асобна хочацца спыніцца і на азеляненні. З кожным годам наша малая радзіма становіцца больш зялёнай і прыгожай. Так, толькі за восень на Шуміліншчыне было высаджана амаль 900 штук дрэў і кустоў. А за ўвесь год высаджана амаль 1300 саджанцаў дрэў і амаль 1000 кустарнікаў. Вуліцы райцэнтра ўпрыгожылі фарзіцыі, ружы-фларыбунды, каліна саржэнта, спірэі розных сартоў, горныя сосны, ціс ягадны, кізільнік…
– Падзяліцеся, калі ласка, планамі на 2025 год. Якім будзе Год добраўпарадкавання на Шуміліншчыне?
– Планы і задачы вельмі напружаныя і грандыёзныя. Улічваючы, што сёлета ў Шуміліне будзе пабудаваны 40-кватэрны жылы дом, большыя планы даведзены раёну па ўводзе ў эксплуатацыю жылля – 4820 метраў квадратных (з улікам 2 тысяч квадратаў новабудоўлі). Задачы даволі сур’ёзныя. Нямала давядзецца папрацаваць з кожным забудоўшчыкам індывідуальнага будаўніцтва.
Даведзена заданне па ўцягненні ў гаспадарчы абарот 41 дома. Работы ўжо распачаліся, у лютым адбудзецца аўкцыён па продажы дома ў райцэнтры па вуліцы Зіны Партновай.
А вось заданне па капрамонце застал ся пакуль на ўзроўні мінулага года – 3,8 тысячы квадратных метраў. Будуць капітальна адрамантаваны з уводам у эксплуатацыю тры дамы ў Шуміліне. Распачнуцца работы таксама на шматпавярхоўцы ў аграгарадку Башні з магчымым уводам у эксплуатацыю пры выдзяленні дадатковага фінансавання. Пакуль на капрамонт выдзелены 2 мільёны 560 рублёў (1 мільён 700 тысяч рублёў – з бюджэту, 860 тысяч –адлічэнні грамадзян). Акрамя гэтага, маюцца распрацаваныя праектна-каштарысныя дакументацыі на капрамонт яшчэ трох шматкватэрных дамоў (вул. Юбілейная, 55, вул. Юбілейная, 57 і Сіпко, 82). На 2025 год запланавана складанне ПКД на капрамонт дома ў Обалі (вул. Леніна, 4а) і ў Добрыне (вул. Маладзежная, 4).
На бягучы рамонт дахаў выдзелена 115 тысяч рублёў субвенцый. У цяперашні час пералік аб’ектаў зацверджаны. Прадоўжыцца замена вулічных свяцільнікаў, на гэтыя мэты выдзелена 50 тысяч рублёў.
Што тычыцца вулічна-дарожнай сеткі. Выдаткавана 200 тысяч рублёў на правядзенне работ у аграгарадку Кардон, які сёлета прыме раённыя Дажынкі. 230 тысяч рублёў за кошт субвенцый пойдзе на рамонтныя работы ў Шуміліне, Обалі, Мікіцісе. 100 тысяч паступіла з рэспубліканскага дарожнага фонду на бягучы рамонт вуліц, якія з’яўляюцца працягам рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог з асфальта-бетонным пакрыццём (размова ра вуліцу Сіпко). З райбюджэту будзе накіравана 150 тысяч рублёў на рамонт прыдамавых тэрыторый шматкватэрных дамоў і 200 тысяч на рамонт вулічна-дарожнай сеткі.
– Юлія Міхайлаўна, якія значныя і маштабныя аб’екты будуць рэалізаваны на тэрыторыі раёна ў гэтым годзе?
– Нямала, скажу я вам. Вядуцца работы па мадэрнізацыі адміністрацыйна-спальнага корпуса ДАЦ «Дружба» ў аг. Амбросавічы; будаўніцтва 40-кватэрнага жылога дома ў Шуміліне па зав. Угнявёнка, 9; узводзіцца збудаванне спецыялізаванага трубаправоднага транспарту ў аг. Кардон і в.Мікалаева; вядуцца работы па рэканструкцыі сетак сувязі РУП «Белтэлекам» у аграгарадку Башні і вёсцы Прыазёрная; работы па рэканструкцыі моста Пагіршчына; запланаваны работы па рэканструкцыі моста на аўтадарозе Н-3986 (пад’езд да вёскі Грышаны) і рэканструкцыя мясцовай лініі электраперадач у Станіславове і Крыцкіх.
– А якія планы па азеляненні?
– На гэтыя мэты ў бюджэце прадугледжаны 203 тысячы рублёў. Планаў і задум шмат. У першую чаргу – дапоўніць пасадкі па горадзе: на Алеі лётчыкаў, у Скверы воінскай славы, у цэнтральным парку і на галоўных вуліцах, закончыць пасадку парка лістоўніц каля АЗС, азеляніць сельскія населеныя пункты.
Распрацаваны план па падрыхтоўцы і правядзенні раённых Дажынак у аграгарадку Кардон. У стадыі распрацоўкі раённы план па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна.
Кожная арганізацыя плануе, як будзе акультурваць і ўпрыгожваць сваю тэрыторыю. Радуе, што з кожным годам і гарадскі пасёлак, і населеныя пункты раёна выглядаюць усё лепш і прыгажэй.
У пытанні добраўпарадкавання намаганнямі толькі органаў улады дасягнуць выніку наўрад ці магчыма. Толькі разам з жыхарамі мы зможам зрабіць так, каб наш горад, наш раён ззялі чысцінёй і парадкам, былі сапраўды камфортнымі для жыцця. Хочацца спадзявацца, што шумілінцы праявяць ініцыятыву і актыўнасць, не толькі захаваюць створаную прыгажосць, але і памножаць.
– Вялікі дзякуй за размову. Поспехаў вам у нялёгкай рабоце.
Алена КАРПУШЭНКА.

