«Ваду з калодзежаў не піць, басанож па зямлі не хадзіць»
26 красавіка 1986 года, калі здарыўся выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, з болем і смуткам згадваюць тыя, хто там працаваў, жыў у населеных пунктах, каму прыйшлося тэрмінова эвакуіравацца і хто ліквідаваў наступствы аварыі.
Сярод апошніх было нямала шумілінцаў. Жыхар райцэнтра Анатоль Якаўлевіч Шарай, які на той час працаваў зваршчыкам райсельгастэхнікі, не задумваўся пра наступствы выпраменьвання і небяспеку работы ў зоне радыяцыйнага забруджвання. Таму калі ў чэрвені 1986 года збіралі брыгаду ад райсельгастэхнікі для паездкі ў Брагін, адразу згадзіўся: трэба – значыць трэба.
Прыехалі па прызначэнні на ўскраіну Брагіна, дзе знаходзіліся прыватныя дамы сядзібнага тыпу, а землі належалі калгасу імя Тэльмана. «Нашу брыгаду ўзначальваў майстар райсельгастэхнікі Віктар Аляксандравіч Мядзвецкі, – згадвае Анатоль Шарай. – Разам са мной прыехалі калегі Юрый Жогаль, Уладзімір Барсук, Фёдар Мялешкін, экскаватаршчыкі Уладзімір Несцярэнка, Васіль Курачкін. Нас адразу папярэдзілі: ваду з калодзежаў не піць, садавіну з агародаў не браць, басанож па зямлі не хадзіць – небяспечна. Ніякага паху мы не адчувалі, таму не заўсёды прытрымліваліся рэкамендацый. Нам трэба было пракладваць ад вежы воданапорныя трубы, устанаўліваць калонкі. З сабой мы прывезлі кіслародныя балоны, зварачнае абсталяванне, трубы нам выдалі ў Брагіне. За дзень пракладвалі па 150-200 метраў водаправоду, ставілі на вуліцах па некалькі калонак праз кожныя сто метраў. Вялі водаправод і ў двары. Жадаючых было нямнога – з горада адсяляліся сем’ямі, пакідаючы свае дамы. Было страшна бачыць пустыя хаты. У адну з іх размясціліся мы».
У тое чарнобыльскае лета ў Брагіне працавала многа салдат: яны забівалі калодзежы, аблівалі вадкасцю (яе называлі бурдой) дамы, дрэвы, зямлю. Гаварылі, што такім чынам прыбівалі радыяцыйны пыл да зямлі – ён станавіўся клейкім і ліпкім. Потым верхні слой зямлі зразалі і вывозілі за горад – закопвалі ў так званых радыяцыйных магільніках. І калі неўзабавае побач сталі засыхаць зялёныя дрэвы, усе зразумелі, наколькі было небяспечна знаходзіцца ў Брагіне.
Анатоль Шарай у складзе брыгады прабыў у Брагіне месяц. Потым іх змяніла другая брыгада шумілінскай райсельгастэхнікі. Зараз Анатоль Якаўлевіч працуе ў ДРБУ-204 вадзіцелем. Не любіць расказваць пра работу ў чарнобыльскай зоне, таму і не ўсе яго калегі ведаюць, што гэты сціплы працавіты чалавек мае статус ліквідатара наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Ларыса ЗАЙЦАВА.

