Не надо ждать, надо действовать, считают лидеры молодёжных объединений Шумилинского района

Главное Молодёжь Общество

Не  трэба  чакаць,  трэба  дзейнічаць

Напярэдадні Дня моладзі і студэнцтва мы сустрэліся з лідарамі раённых маладзёжных суполак і задалі ім некалькі пытанняў. Прадстаўляем гераінь нашага інтэрв’ю.

 Аляксандра ДАЛЕЦКАЯ старшыня Савета працоўнай моладзі Шумілінскага раёна, настаўнік замежнай мовы СШ № 1 г. п. Шуміліна. Закончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Працуе ў школе два гады. Член БРСМ.

Дар’я ШПАКАВА – са снежня 2024 года ўзначальвае Маладзёжны парламент пры Шумілінскім раённым Савеце дэпутатаў. Працуе галоўным спецыялістам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама. Закончыла Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава. Дар’я з’яўляецца намеснікам старшыні камісіі па пытаннях аграпрамысловага комплексу Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Член БРСМ.

– Якую якасць або навык ты больш за ўсё хочаш развіць у сабе ў бліжэйшыя пару гадоў, і чаму менавіта гэта?

Аляксандра: Вырасці ў арганізацыі валанцёрскага руху. Хочацца, каб валанцёры з СШ №1 выйшлі на рэспубліканскі ўзровень. Рухам зацікавілася ва ўніверсітэце, калі ўзначальвала валанцёрскі рух «Добрае сэрца» МДЛУ.
Дар’я: Навыкі аратарства і ўменне ўпэўнена трымацца на публіцы. Калі гэтыя якасці ёсць у чалавеку, то ён можа стаць сапраўдным лідарам і павесці другіх за сабой.

– Якія твае самыя адметныя якасці ці рысы характару, якімі ты асабліва ганарышся?

Аляксандра: Сумленнасць. Як гаворыцца, паступай з іншымі так, як ты хочаш, каб паступалі з табой.
Дар’я: Праматой і шчырасцю. Гэта дапамагае пазбягаць непаразуменні і дае дакладнасць пры камунікацыі з людзьмі.

– Як ты бачыш сябе праз 5 год? Што для цябе важней: зацікаўленасць да справы або стабільнасць?

Аляксандра: Бачу сябе праз пяць год у дэкрэтным водпуску. Адназначна, зацікаўленасць да справы. Калі яе няма, то проста не буду рабіць.
Дар’я: Бачу сябе дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Калі ёсць стабільнасць, ёсць упэўненасць у заўтрашнім дні. Без гэтага працаваць не магчыма.

– Чыё меркаванне (акрамя сям’і) для цябе сапраўды важнае і ўплывае на твае рашэнні?

Аляксандра: Няма такога чалавека. Не залежу ад чужой думкі.
Дар’я: Да думак больш вопытных калег заўсёды прыслухоўваюся. У іх ёсць багаты жыццёвы вопыт.

– Што ці хто дапамагае табе адчуваць сябе па-сапраўднаму ўпэўненай у сабе?

Аляксандра: Мая маці. Яна – прыклад для мяне ва ўсім.
Дар’я: Мае погляды, перакананні.

– Які твой самы вялікі страх, не звязаны з фізічнай небяспекай

Аляксандра: Пражыць сваё жыццё сумна.
Дар’я: Павукі.

– Што для цябе азначае «быць жаноцкай»? Гэта важна асабіста для цябе?

Аляксандра: Для мяне жаноцкасць – гэта найперш унутраная прыгажосць, харызма. Канечне, важна, кожная дзяўчына павінна быць з харызмай.
Дар’я: Вельмі важна. У першую чаргу жаноцкасць – гэта самападача.

– Што для цябе быць патрыётам?

Аляксандра: Любіць сваю Радзіму. Я – настаўнік, і няважна, што замежнай мовы, мне важна зрабіць усё, каб і дзеці пачалі асэнсоўваць, што Беларусь у нас адна.
Дар’я: Любоў да Радзімы, да яе культурнай спадчыны, павага да дзяржаўных сімвалаў, захаванне гістарычнай памяці.

– Якая твая самая недарэчная ці «лянівая» звычка ў быце?

Аляксандра: Заварыла сабе «Дашырак» ва ўпакоўцы, бо дома закончыўся чысты посуд.
Дар’я: Забегла на абедзе на хвілінку папіць кавы. Замест цукру соль насыпала. На палове кубка адчула незнаёмы смак.

– Які твой галоўны «грэх» у ежы, ад якога ты не можаш адмовіцца, нават калі імкнешся харчавацца правільна?

 Аляксандра: Чыпсы. Асабліва з крабам.
Дар’я: Крыху перасоленая ежа.

– Якая твая самая дзіўная звычка ў інтэрнэце ці сацсетках?

Аляксандра: У сацыяльных сетках ніколі нікому не стаўлю лайкі.
Дар’я: Калі гартаю стужку навін, вельмі часта засынаю.

– Апішы сваё ідэальнае спатканне.

Аляксандра: Дом. Канапа. Каханы. Цікавы фільм і выключаны мабільны тэлефон.
Дар’я: У мяне не было ідэальнага спаткання. Але яно абавязкова будзе!

– Якая ў цябе самая смешная звычка, пра якую ведаюць толькі самыя блізкія?

 Аляксандра: Не запраўляю раніцай ложак.
 Дар’я: Ранкам, каб поўнасцю прачнуцца, неабходна, каб мяне лізнуў мой кот.

– Калі б ты была жывёла, якой бы ты была і чаму?

 Аляксандра: Сабакам, бо яны актыўныя і адданыя людзям.
Дар’я: Катом, бо яны па жыцці незалежныя.

Аляксандр ШЭДЗЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *