У раёне ідзе сяўба азімага рапсу
У раёне працягваецца сяўба азімага рапсу. Па словах намесніка начальніка райсельгасхарчу Рамана Прасветава, да работы прыступілі ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Усяго трэба засеяць 2150 гектараў, справіліся ўжо з 703 га (32,7%).
Аднымі з першых пачалі сеяць азімы рапс у ААТ «Ляжні». Работы ідуць на палетках за вёскай Забор’е, дзе на МТЗ з сеялкай працуе мясцовы механізатар Юрый Аўчыннікаў. Для яго гэта работа прывычная, бо рупіцца ў сельскай гаспадарцы больш за трыццаць гадоў. «На сяўбе рапсу працую гадоў дваццаць, – расказаў Юрый. – Сеялку ўстанавіў на мікрасяўбу – зерне ж дробненькае. Затое і расход невялікі – каля 6 кілаграмаў на гектар трэба».
Палеткі каля Забор’я апрацавалі гліфасатамі, узаралі і прадыскавалі. Але месцамі сустракаюцца вымачкі, і гэта тармозіць сяўбу, колы трактара буксуюць. Таму прыходзіцца аб’язджаць нізкія мясціны. Тым не менш за дзень Юрый Аўчыннікаў засявае больш як па дваццаць гектараў.
Начальнік участка Валянціна Яцко расказала, што насенне – суперэліту рапсу – набылі ў СФГ «Раднік» на дзвесце гектараў. А ўсяго будуць сеяць 350 гектараў, бо пры добрай ураджайнасці гэта культура выгадная. За адну тону рапсу на маслаэкстракцыйным заводзе ў Віцебску сёлета плацяць больш за тысячу рублёў.
На раніцу 18 жніўня ў ААТ «Ляжні» засеяна 113 гектараў рапсу, што складае 32% да патрэбнага.
Ларыса ЗАЙЦАВА.


