Рыпіншчына: вярнуліся туды, дзе карані
У маляўнічым кутку каля лесу на беразе Заходняй Дзвіны схавалася вёска Рыпіншчына. Каб сюды дабрацца, трэба даехаць спачатку да аграгарадка Кардон, потым збочыць у Ілава, праехаць па лясной дарозе і толькі тады (праз пяць кіламетраў) пакажуцца першыя хаты вёскі.
У вёсцы няма пастаянных жыхароў, тут пражываюць адны дачнікі. Іх прыцягвае сюды прыгажосць прыроды, рэчка і лес. У Рыпіншчыне няма старэйшыны, але неафіцыйна яго ролю выконвае Сяргей Туманаў, які тут нарадзіўся і вырас – мясцовыя дачнікі клічуць яго бургамістрам. «Пакідала мяне па свеце, але вярнуўся туды, дзе мае карані, родная зямля прыцягвае, – усміхаецца Сяргей Віктаравіч. – Я хлопец вясковы – з 12 гадоў хадзіў за конскім плугам, а сёння абкошваю тэрыторыю дзедаўскай касой, а не трымерам. Кожны год саджаю бульбу на агародзе – яна ж смачней за магазінную». Дарэчы, да Сяргея Віктаравіча зараз прыехалі дзеці і ўнукі.
Васьмігадовая ўнучка Аліса, якая дапамагала выцягваць азімы часнок, расказала, што яна з Брэста, а Рыпіншчына яе здзіўляе прыгожымі валошкамі і белымі гарлачыкамі.
Сяргей Туманаў прайшоў ударную камсамольскую будоўлю на бялкова-вітамінным заводзе ў Наваполацку, вучыўся на тэхніка авіяцыйнага ўзбраення і дэсантнага абсталявання, працаваў у Калінінградскай вобласці, служыў у 339-м ваенна-транспартным авіяцыйным палку ў Журжаве. Неаднойчы быў у камандзіроўках у Амерыцы, на Кубе, Анголе, Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Але самай прыгожай лічыць сваю вёску.
У Рыпіншчыне жыве і яшчэ адзін былы ваенны. Гэта капітан трэцяга рангу Пётр Шавашкевіч. Ураджэнец вёскі, ён служыў на атамнай падводнай лодцы на Паўноўным Ледавітым акіяне і Атлантычным. І вось ужо больш за дваццаць гадоў прыязджае на бацькоўскую сядзібу, “каб паглядзець, як плешчацца рыба ў рэчцы”. Для зручнага спуску да яе ў некалькіх месцах клапатлівымі рукамі дачнікаў зроблены прыступкі. Пётр разам з Сяргеем Туманавым некалькі гадоў таму прывёў у парадак крыж (умацавалі і абабілі для моцы бляхай), які многа гадоў таму быў устаноўлены вясковымі жыхарамі па дарозе да лесу. Кажуць, ён ратуе вёску ад розных напасцяў і злых духаў.
Непадалёк аб сядзібы Пятра Шавашкевіча пабудаваў дом яго брат Аляксандр. Ён разам з Сяргеем Туманавым жыве тут амаль усю зіму, даглядае курэй і пчол.
Вёска і новавёска
Ураджэнцы Рыпіншчыны расказалі, што паміж сабой яны раздзяляюць населены пункт на дзве часткі: вёска і новавёска. У апошняй людзі правялі ці вядуць рэканструкцыю на сучасны лад, пабудавалі ці будуюць дамы, сярод якіх ёсць нават двух – і трохпавярховыя.
За важнай работай – абкосам тэрыторыі – мы заспелі Аляксандра Мініна з Віцебска. На дачу ён прыехаў разам з жонкай Марыяй і васьмігадовай дачкой Агатай. Расказаў, што дзядулеў дом адрамантаваў звонку і ўнутры, прыбудаваў веранду ў скандынаўскім стылі, зрабіў барбекю і лавачкі. Лазню зрубілі пад заказ, прывезлі і ўстанавілі. Агарода сям’я не трымае, прыязджае ў Рыпіншчыну адпачыць душой ад гарадской мітусяніны. Па прыкладзе Аляксандра Мініна адпачывае ў Рыпіншчыне і яго стрыечны брат з Мінска Сяргей Міхайлаў – купіў участак на аўкцыёне і пабудаваў дом. І ён не адзіны, хто будуецца ў вёсцы. У гэтай кагорце – Сяргей Карпушэнка і Сяргей Кісялёў з Віцебска, мнагадзетная сям’я Літоўкаў з Мікалаева.
Адпачынак на лоне прыроды
Святлана Цецерава з мужам Аляксандрам з Віцебска купілі вясковы дом па аб’яве на “куфары” гадоў дзесяць таму. З таго часу праводзяць тут свой водпуск і выхадныя. У хаце і гаспадарчых пабудовах стараліся нічога не перарабляць, каб захаваць аўтэнтычнасць. Побач пабудавалі альтанку, арэлі, разбілі клумбы, паставілі парнік. У вёску любяць прыязджаць парыбаліць і дзеці – ловяць шчупакоў па два-тры кілаграмы. «Дзякуй работнікам Полацкага водаканала, – кажа Святлана. – Яны пракладваюць новыя трубы да калонак і правялі нам ваду ў дом. Я цяпер нават пральную машыну падключыла – гэта шчасце для гаспадыні. У Рыпіншчыне не перашкодзіла б паставіць кемпінгавыя домікі і арганізаваць так званы атэльны турызм – ніводны прадпрымальнік да гэтага не дадумаўся». На думку Святланы, усе дачнікі ў вёсцы працавітыя. Але сорам тым, хто атрымаў дом у спадчыну і носа ў вёску не кажа, нават абкасіць лянуецца.
Асноўны занятак рыпіншчынскіх дачнікаў – адпачынак на лоне прыроды, рыбалка, ціхае паляванне. Да лесу ўсяго з паўкіламетра будзе, а там сёлета лісічак уволю, можна будзе і брусніц назбіраць. А вось агароды саджаюць адзінкі, на ўсю вёску ўсяго два мотаблокі налічыш.
Дачнікі з Рыпіншчыны адмовіліся ад паслуг аўтамагазіна. Вырашылі паберагчы дзяржаўныя грошы – у кожнага ж свой асабісты аўтамабіль, у райцэнтр ці горад ездзяць рэгулярна, вось і прывозяць прадукты. У гарадах і дактароў наведваюць, і лекі купляюць. Паштовая машына ў дачную вёску прыходзіць толькі па патрэбе – лісты хіба завезці. А гэта здараецца рэдка.
З гісторыі
Кажуць, што раней у вёсцы быў маёнтак пана Рыпінскага, ад яго прозвішча і пайшла назва населенага пункта. А яшчэ непадалёк ёсць так званая Чарняўская гара – там знаходзілася сядзіба пана Чарняўскага.
Няма ў Рыпіншчыне старажылаў, якія б дакладна ведалі гісторыю вёскі. Але многае нам паведалі ўраджэнцы, якія раней за 5 км хадзілі ў Кардонскую школу. І не было ніякага падвозу, хіба што мясцовы жыхар Уладзімір Лузгін у непагадзь запрагаў коніка і выручаў дзетвару.
Падчас вайны Рыпіншчына была спалена немцамі. Застаўся адзін дом, дзе быў апорны пункт ворагаў. Людзі капалі акопы каля самай рэчкі, там і хаваліся падчас бамбёжак.
Пасля вайны вёска адбудавалася. І ў 70-ыя гады тут налічваліся 24 хаты, усе трымалі кароў (іх у гурце было 26). Рыпіншчына і суседнія вёскі – Ілава і Халны – аб’ядноўваў адзін калгас «Дзвіна». Кіраваў ім Герасім Максімавіч Абраменка (удзельнік Першай сусветнай вайны). У калгасе гадавалі авечак, кароў і свіней. Дарога ў бок лесу з абодвух бакоў была агароджана – на гэтым шляху ганялі пасвіць жывёлу.
У 70-я гады праз Рыпіншчыну на Полацк па Заходняй Дзвіне хадзіў параход. І мясцовыя жыхары дабіраліся да горада менавіта водным шляхам, бо да аўтобуснага прыпынку ісці было далекавата. Параход быў з музыкай, і капітан заўсёды уключаў сірэну, калі падплываў да вёскі.
Самае яркае свята, якое адзначалі раней усёй вёскай, – Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Прырэзаць бычка ці парася да гэтага дня, нагатаваць смачных страў было абавязковым атрыбутам.
ЦІКАВЫЯ ФАКТЫ ПРА РЫПІНШЧЫНУ
У Рыпіншчыне жывуць дачнікі з Віцебска, Шуміліна, Наваполацка, Мінска, СанктПецярбурга, Масквы.
У вёсцы 20 дамоў, яшчэ тры будуюцца.
Толькі на адным падворку ёсць куры і пчолы.
Самы старэйшы дачнік размяняў восьмы дзясятак, самым маленькім – па восем гадоў.
Акрамя звычайнай гародніны, у Рыпіншчыне вырошчваюць кавуны і дыні.
У пяці гаспадароў ёсць гумавыя ці пластыкавыя лодкі.
Глыбіня Заходняй Дзвіны каля вёскі – каля васьмі метраў, шырыня – з добрых метраў сто, таму пераплываць раку ўплаў ніхто не адважваецца.
У Рыпіншчыне няма калодзежаў, замест іх – 2 калонкі.
У канцы вёскі ёсць штучны вадаём, дзе ловяць рыбу.
Апошнюю дачу купілі ў 2024 годзе.
Ёсць тры зямельныя ўчасткі, якія можна купляць для будаўніцтва дома.
Ларыса ЗАЙЦАВА.










