«Абучаць не трэба – сеў і паехаў»
Падчас жніва мабілізавалі свае сілы прадпрыемствы і арганізацыі раёна. Прадстаўнікі многіх калектываў прыйшлі ў сельсгаспрадпрыемствы, каб працаваць слесарамі, аператарамі зернесушылак, вадзіцелямі ці механізатарамі.
Сярод памочнікаў – Мікалай Кандраценка, механізатар Мішневіцкага лясніцтва. Калі прапанавалі дапамагчы на ўборачнай у ААТ «АграБаравінка», то з ахвотай згадзіўся. Камбайн ведае добра, за плячыма – немалы вопыт. Амаль два дзясяткі гадоў адпрацаваў на палетках у КУСГП «Мішневічы». Мы сустрэліся з Мікалаем на палетках у Сянькове, дзе ўбіралі пшаніцу. «Трэці год дапамагаю сельгаспрадпрыемствам, а такая складаная дажджлівая ўборачная ўпершыню, – кажа механізатар. – На нізкія палеткі не заехаць. Побач дзяжурыць МТЗ-3022, гэта вымушаная мера, бо без буксіра не атрымліваецца. Тым не менш аптымізму не губляем. Будзем убіраць усе палеткі, як бы цяжка і складана не было».
У ААТ «Прыазёрны мір» сустрэліся з Аляксандрам Званком, які працуе вартаўніком у Амбросавіцкай школе, і вось ужо на працягу многіх гадоў падчас уборачнай прыходзіць на дапамогу сельгаспрадпрыемству. «У маладосці працаваў механізатарам у калгасе «Праўда», якім кіраваў Васіль Васільевіч Юхнавец, – заўважыў Аляксандр Званок. – Маю немалы вопыт, таму абучаць мяне не трэба – прыйшоў, сеў і паехаў».
Мікалай Кандраценка, Аляксандр Званок і іншыя механізатары-памочнікі стараюцца – працуюць з ранку да цёмнага. Перад усімі стаіць адна агульная задача – як мага хутчэй і без страт убраць ураджай.
Ларыса КІСЯЛЁВА


