Гульні, віктарыны, выставы – у “храме кнігі”
Нягледзячы на развіццё камп’ютарных тэхналогій, бібліятэкі сёння па-ранейшаму застаюцца цэнтрам духоўнай культуры, лічыць бібліятэкар Лаўжанскай сельскай бібліятэкі Ганна Лук’янава.
Ганна Лук’янава раней жыла ў Обалі і працавала там у мясцовай бібліятэцы. Калі па сямейных абставінах пераехала ў Мікіціху, рупілася ў сельскай гаспадарцы. Два гады таму зноў уладкавалася ў бібліятэку, але ўжо ў Мікіцісе, і адзначае, што час змяніўся, патрэбы ў людзей іншыя, таму і формы бібліятэчнай работы памяняліся. Калі раней вяскоўцы прыходзілі ўзяць пачытаць кнігу, то зараз толькі гэтым людзей не прывабіш. Сёння трэба быць спецыялістам, які крочыць у нагу з часам. І Ганна Іванаўна ўсё для гэтага робіць. Ёй хапае арганізатарскіх здольнасцей, пачуцця адказнасці, любові да кніг, якіх сама чытае вельмі многа.
У бібліятэку запісана 285 чытачоў. Для іх, а таксама для ўсіх вяскоўцаў Ганна Іванаўна праводзіць розныя мерапрыемствы, супрацоўнічае з мясцовай школай, сельскім цэнтрам культуры і вольнага часу, філіялам музычнай школы. Самыя актыўныя – дзеці, яны з задавальненнем прыходзяць у бібліятэку Ганна Лук’янава вельмі любіць працаваць з дзецьмі на розныя забаўляльныя мерапрыемствы: гульнятэкі, часы зносін, гульні-падарожжы, творчыя майстэрні, віктарыны. Дарослых запрашаюць на фальклорныя пасядзелкі, святы народнага календара, тэматычныя сустрэчы, канцэрты, дні сямейнага адпачынку. Так, у ліпені прайшло мерапрыемства з нагоды дня ўтварэння раёна, на якое сабраліся ветэраны працы.
Аказвае бібліятэка і платныя паслугі – ксеракапіраванне, набор тэкстаў на камп’ютары, паслугі ў праграме «Эталон», выдаванне кніг з так званага камерцыйнага фонду.
«Задача бібліятэкара – зрабіць так, каб людзі ішлі ў бібліятэку і адчувалі, што іх тут чакаюць, ім тут рады, – кажа Ганна Іванаўна. – Тут шчырыя зносіны, можна пасядзець за кубкам гарбаты, згадаць былое, параіцца па бытавых праблемах, ну, а заадно і кнігі цікавыя ўзяць пачытаць. Я стараюся працаваць так, каб наведвальнікам было камфортна знаходзіцца “ў храме кнігі”, каб людзі адсюль выходзілі з добрым настроем».
Ларыса ЗАЙЦАВА.

