Прадстаўляем даследаванне вучаніцы Кардонскай СШ імя Героя Беларусі А. І. Дубко, праведзенае пад кіраўніцтвам настаўніка Наталлі Баранавай, якое атрымала 3 месца на 18-й міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гг. у гістарычнай памяці народа”.

Выгнанне ў Германію мірных жыхароў маёй малой радзімы як доказ праявы генацыду
У доўгім ланцугу злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў асаблівую ролю іграе прымусовы вываз у Германію мірных грамадзян – мужчын, жанчын і дзяцей. Немцы называлі іх “остарбайтары” – “усходнія рабочыя”. За лёсамі гэтых рабочых хаваецца трагедыя мільёнаў людзей, якія не па сваёй волі апынуліся на акупаваных немцамі тэрыторыях. Для многіх з іх смерць была неад’емнай часткай жыцця.
Мяне зацікавіла, ці былі ў маёй вёсцы Мішкавічы людзі, якіх загналі на прымусовыя работы ў Германію? Як склаўся іх лёс?
З моманту апошніх выстралаў Вялікай Айчыннай вайны прайшло больш за 80 год – гэта значны тэрмін у параўнанні з чалавечым жыццём. З кожным годам застаецца ўсё менш тых, хто быў удзельнікам ці сведкай тых жудасных падзей. Таму захаваць памяць пра людзей, для якіх вайна была рэальнасцю, становіцца асабліва актуальным.
Як сведчаць дакументы, 7 лістапада 1941 года ў Берліне адбылася сакрэтная нарада, на якой Г. Герынг даў указанне аб выкарыстанні савецкіх людзей на прымусовых работах. У сакрэтным цыркуляры ад 4 снежня 1941 года, у прыватнасці, гаварылася: “Нямецкія кваліфікаваныя рабочыя павінны працаваць у ваеннай прамысловасці; яны не павінны капаць зямлю і разбіваць камяні, для гэтага існуе рускі”. 12 красавіка 1942 года Ф. Заўкель разаслаў сваю “праграму галоўнага ўпаўнаважанага па выкарыстанні рабочай сілы”, у якой гаварылася: “Неабходна мабілізацыя грамадзянскіх кваліфікаваных рабочых і работніц з савецкіх абласцей ва ўзросце старэй за 15 год для выкарыстання іх на рабоце ў Германіі. Каб разгрузіць крайне занятую нямецкую сялянку, фюрар даручыў мне даставіць у Германію з усходніх абласцей 400-500 тысяч адборных, здаровых і моцных дзяўчат».
Прымусовы вываз ішоў пастаянна, але можна вылучыць тры найбуйнейшыя хвалі: вясна і лета 1942 года, калі была вывезена пэўная колькасць гарадскога насельніцтва; з другой паловы 1943 года, калі на тэрыторыі гаспадарчай інспекцыі “Цэнтр” пачалі вываз працаздольных 1925-1926 гадоў нараджэння; з восені 1943 і ў першай палове 1944 года, калі пачалося адступленне германскай арміі і праводзілася масавае выгнанне мірнага насельніцтва з Беларусі.
Перад адпраўкай у Германію людзей змяшчалі ў часовых зборных лагерах у Глыбокім, Маладзечне, Баравусе (пад Полацкам), Віцебску, Оршы, Слуцку, Мінску, Баранавічах, Барысаве, Магілёве, Бабруйску.
Усходнія рабочыя перавозіліся выключна ў таварных вагонах. У Германіі яны павінны былі насіць нашыўкі з надпісам “остарбайтар”. Іх размяшчалі ў лагерах, абнесеных калючым дротам. Права свабоднага перамяшчэння, нават у вольны ад работы час, было абмежавана. Любыя кантакты з іншымі людзьмі забараняліся. Парушэнне гэтых правілаў часта каралася смерцю.
Узровень смяротнасці сярод прымусовых работнікаў быў высокі. У цэлым на прымусовыя работы ў Германію з акупаваных тэрыторый СССР было загнана каля 5,3 мільёна чалавек. Пасля вайны рэпатрыіравана на Радзіму 2,7 мільёна чалавек, 2,1 мільёна загінулі ў няволі. З Беларусі на прымусовыя работы было загнана больш за 380 тысяч чалавек. Усе, хто выжыў, пранеслі страшныя ўспаміны аб фашысцкім рабстве праз усё жыццё.
Расследаванне Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па справе аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны пачалося ў сакавіку 2021 года. Згодна з абагульненымі звесткамі аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Сіроцінскага (цяпер Шумілінскага) раёнаў загінуў 1881 грамадзянін, загнана на прымусовыя работы 811, расстраляна – 445. На тэрыторыі тагачаснага Мішкаўскага сельсавета ўсяго пацярпела 119 чалавек, з іх загнана на прымусовая работы 74, расстраляна 45 чалавекі. У архіўных матэрыялах захаваліся імёны 73 чалавек, якіх заганялі ў Нямеччыну. На жаль, сёння ўжо нікога з іх не засталося ў жывых.
Піянерамі тагачаснай Мішкаўскай сярэдняй школы былі сабраны матэрыялы для альбома “Калі гаворыць памяць”, сярод якіх ёсць і ўспаміны мірных жыхароў, якія былі на прымусовых работах у Германіі.
З УСПАМІНАЎ ПАТАПАВАЙ (КАЗЛОЎСКАЙ) ЛІЗАВЕТЫ СТАНІСЛАВАЎНЫ (1926 Г. Н.):
“У чэрвені 1943 года прыехалі ў вёску немцы і пачалі збіраць усіх маладых жанчын, дзяцей, юнакоў і дзяўчат, якія былі ў Мішкавічах і іншых вёсках, для адпраўкі ў Германію. Пасадзілі нас у машыны. Крык, шум, слёзы. Ніхто не хацеў уязджаць з родных мясцін. Прывезлі нас на вакзал, пасадзілі ў таварныя вагоны, і мы паехалі. У дарозе не кармілі, уся ежа – тое, што ўзялі з дому. Колькі ехалі, не памятаю. Прывезлі нас у горад Таўнбердоф, а пасля трапіла ў асабняк да фермера. У яго было рабочых чалавек 70. Працавалі з ранку да цёмнага. Капалі бульбу, убіралі буракі, моркву. Кармілі нас дрэнна. Некаторых рабят забілі за непадпарадкаванне, за спазненне на работу, за знойдзеныя ў кішэні моркву ці яблык.
Зімой працавала на вінзаводзе і трапіла пад цялежку. Быў у мяне пералом рэбраў і зрушэнне пазванкоў. З тых часоў горб і застаўся на спіне. Потым мяне перавялі да іншага гаспадара. Там працавалі на ферме, даглядалі жывёлу, убіралі ў доме, гатавалі ежу, даглядалі дзяцей. Летам сушылі сена, даглядалі агарод.

У лютым 1945 года пачулі першыя гукі кананады. Гэта набліжаўся фронт. 15 лютага ў маёнтку свайго гаспадара я сустрэла ў групе разведкі нашага мішкаўскага дырэктара школы (Чаплінскага) і жанчыну-лейтэнанта з Улы. Радасці не было канца! Абдымаліся і плакалі ад шчасця. Дамоў дабіраліся больш пешшу…”.
Пасля вайны Л. С. Патапава працавала ў сельскай бібліятэцы.
З УСПАМІНАЎ КАРНЯКОВАЙ (ХАЛМАЧОВАЙ) АНТАНІНЫ ІВАНАЎНЫ:
“Перад вайной скончыла Бараноўскую сямігодку. Мяне і маіх сябровак загналі ў Германію летам 1943 года. Вязлі нас у таварных вагонах. Страшна было. З намі былі і маці з маленькімі дзеткамі. Душна у вагонах. Не кармілі нас зусім. Маленькія дзеці плакалі. Трапіла я ў горад Дрэздэн. Мой лагерны нумар 1390. Спачатку працавала на заводзе па вырабе шкла, а потым перавялі на ваенны завод, дзе рабілі дэталі. Праз перакладчыка нам давалі заданні. На работу хадзілі строем. Елі дрэнна – хлеб давалі напалову з пілаваннем, баланду. Есці хацелі ўсе. На заводзе працавалі і нашы ваеннапалонныя, але размаўляць з імі нам забаранялі. Жылі ў бараках па 20 чалавек. Нам дазвалялі пісаць лісты дамоў. Але хіба напішаш усю праўду…

Дрэздэн часта бамбілі, і мы разумелі, што хутка будзе канец вайны. Нас пагналі ў Чэхію. Самі чэхі сустракалі нас дружалюбна, кармілі хто чым прама ў калонах. Нарэшце трапіла да самой лініі фронту. Нас прымусілі рыць акопы, супрацьтанкавыя равы. Кармілі вельмі дрэнна. Вызваленне прыйшло каля граніцы з Польшчай. Я працавала ў ваенным паштова-сартавальным пункце. Пазней нас перагналі ў Аўстрыю, потым у Венгрыю, Румынію. Толькі адтуль нарэшце трапілі дамоў. Для мяне гэта было шчасце. А здарылася гэта ў кастрычніку 1945 года…”.
Пасля вайны А. І. Карнякова працавала ў калгасе імя Чапаева, выйшла замуж, нарадзіла і вырасціла чацвёра дзяцей.
З УСПАМІНАЎ ЦЮЛЯНДЗІНАЙ (ІВАНКОЎСКАЙ) ВОЛЬГІ ПЯТРОЎНЫ:
«На пачатак вайны мне было 15 год. Хутка ў вёску прыйшлі немцы. А потым пачалі заганяць у Германію на работы. З размеркавальнага пункта я трапіла ў горад Бохум, глыбока ў Германіі. Спачатку працавала на заводзе. Жылі мы ў казармах, дзе не было ні вады, ні ацяплення. Кармілі нас дрэнна: елі хлеб з пілавання, прымешанага да мукі, і каніну з фронту. Працавалі па 12-14 гадзін, часам і больш. Вельмі цяжка было. Многія не вытрымлівалі.
Потым мяне адправілі працаваць да фермера. У яго даглядалі жывёлу, сена сушылі, нарыхтоўвалі дровы, працавалі на агародзе. У гаспадара было тры кані, 5 кароў, куры, гусі, качкі. Працавалі шмат. Думала не дажыву. Такая я была змучаная і схуднелая. У лютым 1945 года прыйшло доўгачаканае вызваленне. Як мы радаваліся, плакалі, калі ўбачылі салдат з чырвонымі зорачкамі. Дамоў дабіраліся дзе пешшу, дзе на машыне. Па дарозе сустрэлася з нашымі, мішкаўскімі. Так разам і дабраліся…”.
Пасля вайны В. П. Цюляндзіна працавала ў Віцебску, выйшла замуж і вярнулася ў Мішкавічы, працавала ў калгасе паляводам, прыбіральшчыцай у школе.
* * *
Я расказала ўсяго пра тры лёсы маіх землякоў, якіх загналі ў Германію, чыё жыццё апаліла вайна. У нашай краіне няма ніводнай сям’і, якая б не пацярпела ад вайны. З кожным годам вайна ўсё далей і далей ад нас. Мы, нашчадкі ваеннага пакалення, якія жывуць пад мірным небам, павінны ведаць і не забываць пра значэнне і каштоўнасць Перамогі, цаніць подзвігі нашых дзядоў і памяць пра тых, хто перажыў тыя страшныя гады.
КАЗЛОЎСКАЯ Марыя, вучаніца Кардонскай СШ імя Героя Беларусі А. І. Дубко.
Для иллюстрирования материала использованы фотографии из альбома «Когда говорит память», собранные пионерами Мишковской СШ, и фото из открытых источников.









