Люди и судьбы: учитель математики Лузгина

Людзі і лёсы Образование

Н. В. Лузгина

Шчасце – гэта гармонія з сабой
Прафесійную будучыню Ніны Уладзіміраўны Лузгіной, напэўна, перадвызначыў лёс.
– У выпускным класе я ўсур’ёз захапілася матэматыкай, – успамінае  Ніна Уладзіміраўна, –  гэтаму паспрыяла мая настаўніца матэматыкі Валянціна Пятроўна Мачульская. Яна і параіла мне паступаць у Віцебскі педагагічны інстытут (зараз ВДУ імя П. М. Машэрава) на фізіка-матэматычны факультэт, і я паступіла.
Першым працоўным месцам маладога матэматыка стала Мішневіцкая сярэдняя школа, куды Ніна Уладзіміраўна  прыехала ў 1977 годзе. Асаблівых цяжкасцей у выкладчыцкай справе не ўзнікала, яна з захапленнем і адказнасцю выкладала любімы прадмет у сельскай школе. А з 1981 года Н. У. Лузгіна выкладае матэматыку ў Шумілінскай сярэдняй школе №1.
– Настаўніца я строгая, – характарызуе сябе Н.У. Лузгіна, – але канфліктаў з дзецьмі у мяне ніколі не было, бо для мяне ўсе дзеці роўныя: і здольныя, і тыя, каму прадмет даецца цяжка.
Настаўніца дзіўным чынам спалучае ў сабе строгасць і шчырасць, патрабавальнасць і дабрыню, імкненне захапіць сваім прадметам і ўменне зразумець праблемы вучня. Чалавек адказны і аптымістычны, яна і ў іншых таксама паважае мэтанакіраванасць і чалавечнасць. За гэта яе любяць вучні, паважаюць калегі.
Галоўнае захапленне Н. У. Лузгіной – выконваць тэставыя заданні, рашаць алімпіядныя задачы. Чалавеку, для якога захапленне стала справай жыцця, можна па-добраму пазайздросціць! І ад такой адданасці справе нараджаецца высокі плён. Апошняе дзесяцігоддзе нязменна радуюць поспехі яе вучняў, уражвае высокі працэнт паступлення ў вышэйшыя навучальныя установы – каля 75%. Выдатная падрыхтоўка дапамагае яе вучням упэўнена адчуваць сябе на алімпіядах, займаць прызавыя месцы як у вобласці, так і ў рэспубліцы, атрымліваць дыпломы ў розных рэспубліканскіх і міжнародных дыстанцыйных алімпіядах.
Любяць вучні сваю настаўніцу, наведваюць яе, дасылаюць паштоўкі, нават вершы ўласнага сачынення – гэта прызнанне і ўдзячнасць за веды, якія яны атрымалі.
А вось вольнага часу застаецца няшмат. Праводзіць яго любіць, гартаючы часопісы і газеты, перачытваючы творы класікаў і сучасных аўтараў. Любімы пісьменнік – Іван Шамякін.
Але нядоўгія хвіліны адпачынку зноў змяняюць справы і школьныя клопаты. Адказнасць і добрыя вынікі работы ацэнены не толькі калектывам школы. За высокія дасягненні ў рабоце Ніна Уладзіміраўна Лузгіна разам са сваімі выхаванцамі неаднаразова атрымлівала запрашэнне на штогадовы прыём у старшыні райвыканкама. У 2008 годзе яна ўдастоена пачэснага звання “Жанчына года Шуміліншчыны” ў намінацыі “Жанчына ў сістэме адукацыі і навукі”. Узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, шэрагам грамат раённага і абласнога ўзроўняў. Але не гэта для яе галоўнае. Ёй проста хочацца добра рабіць сваю справу, не чакаючы за гэта ўзнагарод. А шчасце для Ніны Уладзіміраўны Лузгіной – гэта гармонія з сабой і задавальненне тым, што маеш.
Вольга ДРОЗД, няштатны карэспандэнт.
Надрукавана ў №3 ад 11.01.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *