Галоўнае – не здавацца перад выпрабаваннем лёсу
Гэта гісторыя пра тое, як жыццё Васіля Салапанава з Обалі падзялілася на дзве часткі – да аварыі і пасля яе, як мужчына змагаецца з хваробай і не апускае рукі, нягледзячы на ўсе цяжкасці.
Аўтамабільная аварыя, якая адбылася дзесяць гадоў пад Пінскам, поўнасцю перавярнула жыццё Васіля Салапанава. Прыгожы спартыўны мужчына, аптыміст, майстар на ўсе рукі трапіў на бальнічны ложак з рознымі траўмамі і пераломамі. Пагражала ампутацыя рукі, і толькі вопытныя ўрачы яе ўратавалі. А праз год Васілю Уладзіміравічу быў пастаўлены несуцяшальны дыягназ – пухліна галаўнога мозга. Доўгія месяцы лячэння ў інстытуце неўралогіі і неўрахірургіі ў Мінску, у анкалагічным дыспансеры, неаднаразовыя аперацыі, боль, страх, расчараванне – усё гэта прыйшлося перажыць Васілю Салапанаву. Было цяжка змірыцца з думкай, што цяпер многае не зможа са свайго мінулага жыцця – займацца ўсходнім адзінаборствам, будаўнічымі работамі ў розных гарадах, вадзіць аўтамабіль… Але мужчына не апусціў рукі, не здаўся перад выпрабаваннем лёсу, а навучыўся жыць з усімі дыягназамі і бестэрміновай другой групай інваліднасці.
Купілі з жонкай дачны дом у Шыліне, дзе Васіль праводзіў большую частку года. Кажа, што ўвесь час працаваў, хадзіў, рухаўся. Гадаваў парасяці, даглядаў пчол. Сам пабудаваў парнік, працаваў з трымерам, абразаў пладовыя дрэвы. Ішоў, часам пераадольваючы боль і нязручнасці, стараўся спраўляцца сам, меў каласальнае цярпенне, бо казаў, што “не хочацца быць слабым”.
«Урачы патлумачылі, што выдаліць усю пухліну ў галаве немагчыма па той прычыне, што левы бок можа поўнасцю паралізаваць. Таму пастаяннае комплекснае лячэнне і рэабілітацыя – гэта адзіны для мяне паратунак, – кажа Васіль Уладзіміравіч. – Мне зараз 45 гадоў. Па сучасных мерках малады мужчына. Разумею, што ранейшае жыццё не вернеш, і гэты факт трэба прыняць. Зараз жыву ў Обалі, у Шыліна ездзім з жонкай праз дзень карміць ката і сабаку, парасяці нядаўна прырэзалі. Аднаго мяне родныя баяцца пакідаць у вёсцы, бо нядаўна перанёс інсульт, часта зашкальвае ціск, нярэдка выклікаем “хуткую дапамогу”. Разы тры на год лячуся ў бальніцы – прымаю патрэбныя кропельніцы, тады крыху лягчэй. Вельмі ўдзячны сваёй жонцы Таццяне за дапамогу, падтрымку і разуменне – яна вывучылася на вадзіцеля легкавога аўто, каб нам ездзіць на дачу. У маёй сітуацыі вельмі важна і падтрымка сваякоў і сяброў – не кідае стрыечны брат Юра, запланавалі з ім на наступны год ушчыльную заняцца рыбалкай, купілі розныя вуды. У мяне многа сяброў і знаёмых, з якімі пастаянна на сувязі. Люблю чытаць газеты і часопісы, глядзець навіны, гуляць у камп’ютарныя гульні».
Пасля нашай размовы Васіль Салапанаў пайшоў у абход па обальскіх магазінах, бо купляць прадукты – гэта яго непасрэдны абавязак. Да таго ж, фізічная актыўнасць патрэбна ў любых абставінах. Васіль любіць жыццё, людзей, сваю сям’ю і сяброў, і гэта дае стымул і сілу волі змагацца з хваробамі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
«Не замыкайцеся ў сабе!»– раіць псіхолаг аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ТЦСАН Вікторыя НЕСЦЯРЭНКА ўсім, хто трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю. У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва можна атрымаць псіхалагічную кансультацыю любому жыхару раёна. Спецыялісты навучаць, як змагацца са страхамі і трывожнасцю, як пераадолець негатыўныя эмоцыі і аднавіць душэўныя сілы. Праводзяць нейрагімнастыку, каб зняць псіхаэмацыянальнае напружанне і мышачныя зацісканні. Гэтыя і іншыя метады дапамагаюць адчуць душэўную раўнавагу і сілы. Звярнуцца да псіхолага ТЦСАН можна і ананімна.
Па рабочых днях працуе тэлефон даверу 5-71-95

