Письма Победы. 900 дней на переднем крае

80 лет Великой Победы Беларусь помніць Край шумілінскі

900 дзён на пярэднім краі

З ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Васілём Фёдаравічам Пчолкіным работнікі Шумілінскага гісторыка-краязнаўчага музея ў 70-80-ыя гады трымалі цесную сувязь.

Родам з Курска, Васіль Фёдаравіч Пчолкін пасля вайны працаваў галоўным спецыялістам Дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах у Маскве. Займаўся і грамадскай работай – быў адказным сакратаром савета ветэранаў вайны Міністэрства сувязі СССР. Па даўняй традыцыі ветэраны 51-й стралковай дывізіі, сярод якіх і наш герой, кожныя пяць гадоў наведвалі месцы былых баёў, ускладвалі кветкі да помнікаў Вялікай Айчыннай вайны, бывалі ў музеях Віцебскай вобласці, у тым ліку ў Шуміліне.

Ветэран расказваў пра сябе работнікам музея, нават пісаў нататкі пра баі на Віцебшчыне ў раённую газету. Яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Шуміліна.

Гвардыі сяржант В. Ф. Пчолкін 1922 г. н. служыў у 154-м стралковым палку 51-й стралковай дывізіі. Быў кулямётчыкам і аўтаматчыкам, радыстам. Удзельнік вызвалення Полацка і Віцебска, ваяваў на тэрыторыі Латвіі і Літвы. За храбрасць, праяўленую на полі бою пад Полацкам, высокую дысцыпліну і выдатную работу на радыёстанцыі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі. 900 дзён Васіль Пчолкін правёў на пярэднім краі, 200 – у абарончых баях, 150 – у наступальных аперацыях, 180 – у шпіталях. У студзені 1944 года 154-ы полк апынуўся ў акружэнні. 5 дзён без ежы, вады, цяпла пакінулі след на здароўі, у выніку – абмаражэнне ног. Умелыя рукі дактароў выратавалі іх ад ампутацыі.

Васіль Фёдаравіч падарыў гісторыка-краязнаўчаму музею франтавы ліст, які пісаў сястры Марыі, калі ваяваў на тэрыторыі Латвіі. Датаваны ліст 15 кастрычніка 1944 года.

На пажаўцелым ад часу і крыху пацёртым трохкутнічку чытаем: палявая пошта 44791 “Д”, Масква, вул. Халтурынская, д. 56/61, кв. 2, Пчолкінай Марыі Ф.

«Добры дзень, родная Марыя. Сёння раптам зноў пайшоў дождж, але мы на гэты раз апярэдзілі яго: яшчэ ўчора з вечара выкапалі сабе надзейны бліндаж. Я жывы і здаровы. У трох кіламетрах ад нас, днём і ноччу, не перастаючы ні на хвіліну, ідуць страшэнныя баі. Пакуль у іх не ўдзельнічаем, бо нашу часць адвялі крыху адпачыць. Цэлы тыдзень, ні хвіліны не адпачываючы, мы адваявалі ў баях па прарыве магутнай абароны немцаў. Дзякуючы нашым намаганням іншыя часці змаглі выйсці да Балтыйскага мора. Цяжка дасталася салдатам, якія ўвесь гэты час не ведалі адпачынку – усё наперад і наперад. Нават вочы некалі было заплюшчыць. А зараз, калі ўсіх немцаў сагналі ў адну кучу, супраціўленне вырасла да мяжы. Баі часта пераходзяць у ярасныя контратакі. Пастаянна б’е артылерыя, і цяжкія снарады часта прылятаюць да нас, іншы раз і пералятаючы далей… Таму і тут неспакойна. Іх авіяцыя, безумоўна, слабейшая за нашу. Але па начах робіць частыя візіты па нашых тылах. Засяродзіцца для масіраванага ўдару вораг не ў стане, але кідае па пары бомбаў. То тут, то там чуюцца выбухі.

Учора загінуў агульны любімец палка – афіцэр-артылерыст Лёва Ляпуноў. Малады, вясёлы і смелы масквіч. У яго сястра вучыцца ў інстытуце. Ды і сам ён марыў пра радыёсістэмы. Прыйдзе, бывала, да нас, прынясе які-небудзь прыёмнік і возіцца разам з намі. Разумным быў чалавекам. Сёння мы ўрачыста яго пахавалі непадалёк ад мора ў латвійскім сяле.

Дарагая Марыя, ты скажаш, да чаго цяпер усё гэта: пашана, урачыстасць. Канечне, яны ўжо і непатрэбныя. Але што зробіш, калі так атрымалася… Ды і ў многіх такі лёс. Усе мы на вайне, і многіх чакаюць небяспека і нягоды. І хто ведае, што ў кожнага з нас наперадзе… Хутка выходзім па “перадок”. Карыстаючыся выпадкам, памыліся сёння ў лазні.

Усяго добрага, мая родная. Моцна цалую. Твой брат Вася. Прывітанне тату, маме, Грані і ўсім іншым».

У гісторыка-краязнаўчым музеі захоўваецца і фотаздымак Васіля Пчолкіна, які ён падарыў, калі прыязджаў у Шуміліна. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны пайшоў з жыцця ў 2002 годзе.

Ларыса ЗАЙЦАВА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *