На Обольском керамическом подвели итоги прошлого года, наметили планы на текущий год

Экономика

Цэгла з Обалі  – у Таджыкістан і Расію
У пятніцу на Обальскім керамічным заводзе прайшоў справаздачны сход, на якім прысутнічалі старшыня ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама У. М. Белавус і старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў В. Р. Юсікаў. Сход не толькі прымусіў калектыў задумацца над тымі праблемамі, што існуюць на заводзе, над тым, як узняць вытворчасць на новы ўзровень, што ў сваю чаргу прывядзе і да павышэння заробкаў, а і  даў упэўненасць у тым, што ў Обальскага керамічнага ёсць будучыня і што ён можа рэнтабельна працаваць.
У сваёй справаздачы дырэктар ОКЗ П. І. Манак агучыў лічбы, параўнаў іх з мінулагоднімі вынікамі, расказаў пра планы мадэрнізацыі завода. Трэба адзначыць, што за мінулы год па пераважнай большасці паказчыкаў абальчане спрацавалі з плюсам да 2011 года. Але сцвярджаць, што керамічны поўнасцю выйшаў з крызісу – рана. І ў пацвярджэнне – яскравы аргумент: завод мінулым годам не дасягнуў паказчыкаў 2010 года.
Аб’ём вытворчасці таварнай прадукцыі ў фактычных цэнах за мінулы год склаў 44830 мільёнаў рублёў, што ў 1,5 раза больш, чым у 2011 годзе. Разам з гэтым вытворчыя магутнасці прадпрыемства выкарыстоўваліся ўсяго толькі на 35%. За мінулы год абальчане вырабілі 27480 тысяч штук цэглы, гэта амаль на 25% менш, чым у 2011 годзе (праўда, даведзены планам паказчык быў перавыкананы на 10%). У тым ліку ў цэху №1 выраблена 9847 тысяч штук цэглы (на 38,5% менш), у цэху №2 – 17630 тысяч штук цэглы (на 14,3% менш).
За 2012 год страты ад рэалізацыі зменшыліся з -12796 мільёнаў рублёў да -3322,3 мільёна рублёў. Пры гэтым рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала -5,6%. Чыстыя страты за год склалі 8916,5 мільёна рублёў і зменшыліся больш чым у два разы. Знакавым стала другое паўгоддзе: страты зменшыліся з -2871,1 мільёна рублёў у першым паўгоддзі да -451,2 мільёна рублёў у другім.
Экспарт цэглы склаў 262%. На заводзе назіраецца зніжэнне матэрыялаёмістасці (на 27,5% да ўзроўню 2011 года) і энергаёмістасці (-34,3%).
У 2012 годзе інвестыцыі склалі 3323 мільёны рублёў, гэта таксама больш чым у 2011 годзе.
Але не страчваюць актуальнасці два найбольш вострыя пытанні для ОКЗ: заработная плата і запазычанасць. Што тычыцца заработнай платы, то назіраецца тэндэнцыя да яе павышэння. Але тэмпы павышэння не могуць задаволіць завадчан. Так, за снежань сярэднямесячны заробак склаў 2 мільёны 321 тысячу рублёў. Сёлета плануецца павысіць зарплату да 4,4 мільёна рублёў. Шмат увагі заработнай плаце ўдзяліла ў сваім выступленні галоўны эканаміст ОКЗ  А. М. Скамарохава.
Запазычанасць ОКЗ на 1 студзеня 2013 года склала 48 мільярдаў 527 мільёнаў рублёў (з іх за паліўна-энергетычныя рэсурсы – звыш 30 мільярдаў рублёў). За мінулы год па старых даўгах было заплачана 6 мільярдаў 753 мільёны.
Для пераадольвання крызіснага становішча на прадпрыемстве распрацавана праграма мер па аднаўленні завода і стварэнні ўмоў для прыцягнення інвестыцый.  Пытанне мадэрнізацыі прадпрыемства з’яўляецца першачарговым. У 2012 годзе ў цэху №1 былі ўстаноўлены новыя прас для вытворчасці цэглы пластычнага фармавання, глінарасціральнік і вакуумная помпа. У гэтым годзе плануецца мадэрнізацыя цэха №2.
Без мадэрнізацыі завода немагчыма яго будучыня. Гэта падкрэсліў у сваім выступленні старшыня ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама У. М. Белавус. Уладзімір Мікалаевіч гаварыў пра неабходнасць прыцягнення на прадпрыемства інвестыцый і акцыянаванне завода.
Запасы вырабленай прадукцыі на 1 студзеня склалі 61% да сярэднямесячнай вытворчасці. У мінулым годзе на экспарт пайшла прыкладна адна трэцяя частка рэалізаванай прадукцыі. Сёлета гэты паказчык плануецца давесці да 50-60%. Такія лічбы ў сваёй справаздачы агучыў начальнік камерцыйнага аддзела А. І. Манак. Практыка мінулага года паказала, што ўласны дылер значна павялічвае аб’ёмы продажу. Таму сёлета плануецца пашырэнне дылерскай сеткі ОКЗ. Акрамя Масквы, іх плануюць адкрыць у Смаленскай і Бранскай абласцях. Неабходна далейшае пашырэнне геаграфіі збыту обальскай цэглы. Так, у мінулым годзе ўдалым было партнёрства з Таджыкістанам, куды пачалі прадаваць обальскую прадукцыю. У гэтым годзе плануюць цэглу пастаўляць у Цюменскую вобласць, Інгушэцію і Казахстан. Адкрыццё новых рынкаў збыту дасягаецца за кошт удзелу ОКЗ  у шматлікіх спецыялізаваных выставах, таксама добрую рэкламу дае і сайт керамічнага.
На справаздачным сходзе пра вынікі работы прафсаюзнай арганізацыі расказала старшыня прафкама ОКЗ Г. А. Воранава. Насычаным атрымалася выступленне старшыні абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў В. Р. Юсікава.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №8 ад 29.01.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *