Открытый турнир по греко-римской борьбе памяти тренера-преподавателя Петра Ганущенко прошёл в Шумилино

Главное Спорт, туризм

На дыванах – сіла, у сэрцы – памяць

28-29 сакавіка спартыўная зала Шумілінскай СДЮШАР сабрала небывалую колькасць гасцей. Тут у другі раз прайшоў адкрыты раённы турнір па грэка-рымскай барацьбе, прысвечаны памяці трэнера-выкладчыка Пятра Васільевіча Ганушчанкі. На спаборніцтвы заявіліся юныя барцы-класікі Віцебскай і Мінскай абласцей – больш за 160 удзельнікаў. Гэта быў не проста турнір, а дзень памяці, удзячнасці і прысвячэння.


Асоба Пятра Ганушчанкі для Обалі і ўсёй Шуміліншчыны сапраўды легендарная. У 1981 годзе ён прыехаў у гарадскі пасёлак і адкрыў секцыю па грэка-рымскай барацьбе. За сорак гадоў праз яго рукі прайшлі сотні выхаванцаў, не адно пакаленне. П. В. Ганушчанка выхаваў 14 майстроў спорту, больш за 60 кандыдатаў у майстры. Яго вучні станавіліся чэмпіёнамі Беларусі, перамагалі на міжнародных турнірах. Тыя, хто яго ведаў, кажуць, што Пётр Васільевіч быў не толькі трэнерам – ён быў настаўнікам жыцця, чалавекам, які вучыў не здавацца, трымаць слова і шанаваць сяброўства.
На цырымоніі адкрыцця старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч падкрэсліў, што справа трэнера жыве – выхаванцы Шумілінскай СДЮШАР працягваюць радаваць добрымі вынікамі. Мікалай Аляксеевіч зазначыў, што асабіста быў знаёмы з Пятром Васільевічам – і гэта быў чалавек з вялікай літары. Старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларуская федэрацыя барацьбы» Аляксандр Арэшонак дадаў, што дзякуючы Пятру Ганушчанку обальскіх барцоў добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
На цырымоніі ўрачыстага адкрыцця каштоўнымі падарункамі былі адзначаны Сардор Юсупаў, Яўген Ліпчанка і Ягор Заўялаў – выхаванцы Шумілінскай СДЮШАР, якія годна выступаюць на рэспубліканскіх і міжнародных стартах.

А самі барцы – шумілінскія, обальскія і міхіціхінскія – ужо разміналіся на дыванах. Побач з імі трэнеры Юрый Сцяпанаў і Уладзіслаў Грачухін давалі апошнія наказы. Юрый і Уладзіслаў, якія самі былі выхаванцамі Пятра Васільевіча, гаварылі коратка і па-спартыўнаму: «Справа гонару выступіць годна. Выйсці і перамагчы, нягледзячы ні на што».
Адзін з лепшых юных барцоў абальчанін Данііл Кляцкоў стаяў трохі ўбаку, сабраны і сур’ёзны. Ён прызнаўся, што гэты турнір для яго – адзін з самых складаных. «Як барца мяне ўсяму навучыў Пётр Васільевіч, – зазначыў Данііл. – Пастараюся на дыване зрабіць усё, што ўмею. Дзеля любімага трэнера».




Спаборніцтвы ішлі на двух барцоўскіх дыванах адначасова. Гэта надало турніру мабільнасці, ды і заўзятарам было куды цікавей. Зала была поўная – прыйшлі бацькі, сябры, былыя выхаванцы. Кожны паядынак сустракалі гучнымі апладысментамі. Хлопцы не шкадавалі сябе – барацьба была сапраўднай, мужчынскай, бязлітаснай.
ъъ

Па выніках спаборніцтваў шумілінцы не падвялі. Выхаванцы Шумілінскай СДЮШАР паказалі моцны вынік: першыя месцы – Ягор Барсукоў, Данііл Кляцкоў, Мікіта Козік, другія месцы – Максім Лашкоў і Мікалай Любіч, трэція месцы – Рычард Буткус, Анатоль Зянькоў, Яўген Котаў, Яраслаў Усаў і Захар Гудкоў. На ўрачыстым закрыцці пераможцы і прызёры атрымалі кубкі, медалі і дыпломы, якія ўручалі дачка Пятра Ганушчанкі Ала, знакамітыя выхаванцы Пятра Васільевіча Ягор Ганушчанка, Арцём Сачыўка і Уладзіслаў Грачухін.




Аляксандр ШЭДЗЬКО.
СЛОВА – УДЗЕЛЬНІКАМ
Аляксандр Арэшонак, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларуская федэрацыя барацьбы»:
– Турнір адназначна ўдаўся. Ад імя федэрацыі хачу падзякаваць дырэктару Шумілінскай СДЮШАР Алегу Асташонку і ўсяму калектыву за цудоўную арганізацыю, за тую атмасферу, якая тут панавала.
Анатоль Кучынскі, трэнер з Сянно:
– Мы з Пятром Ганушчанкам сорак гадоў таму разам рабілі першы турнір у Обалі. Пачыналі, як кажуць, з нуля. А сёння я прыехаў сюды са сваімі выхаванцамі – на турнір памяці свайго сябра. І ведаеце, мне вельмі прыемна, што Шуміліншчына памятае, захоўвае тое, што ён зрабіў. Дзякуй вам за гэта.
Ягор Барсукоў, двухразовы пераможца турніру:
– Па-іншаму і быць не магло. Гэта мой трэнер. І калі тут быць не першым – гэта значыць, здрадзіць трэнеру.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *