Бурю эмоций и море смеха подарила зрителям комедия народного театра Шумилинского РЦК «Ох, уж эти женщины!»

Культура Новости

Бура эмоцый і мора смеху

У Дзень смеху народны тэатр Шумілінскага раённага цэнтра культуры прадставіў гледачу эксцэнтрычную камедыю «Ох, ужо гэтыя жанчыны!».

Перад паказам на роднай сцэне прэм’ера адбылася на абласным конкурсе аматарскіх тэатраў «Тэатральная вясна‑2026», дзе спектакль узяў намінацыю «Лепшы акцёрскі склад». А гэта значыць, што стаўкі рэжысёра Таццяны Багданавай – здзівіць акцёрскай гульнёй – поўнасцю апраўдаліся.

У гэтым і мы ўсе, без жартаў, упэўніліся вечарам 1 красавіка. Смелая, незвычайная, абсалютна новая для Шуміліна пастаноўка перанесла нас у хвацкія 90‑я.

Дзеянні разгарнуліся ў доме алігарха Алега Палыча. Яго ролю, нягледзячы на   свой малады ўзрост, выдатна выканаў Андрэй Трафімаў. Як правіла, вакол бізнэсмэнаў заўсёды ўецца мноства жанчын. Так было і ў гэтым сюжэце. Гераінямі гісторыі сталі дзве наіўныя і вясёлыя сяброўкі Іра і Таня. У ролю гувернанткі бездакорна ўжылася дэбютантка ў тэатральнай творчасці Наталля Іванова, а прэтэндэнтку на пасаду повара з веданнем мангольскай мовы цудоўна выканала Святлана Марціненкава.

Тандэм дзвюх жанчын, якія спаборнічаюць за ўвагу свайго шэфа, разбавіла сквапная і падступная Ізольда. Каханую Алега Палыча, якая хоча  займець яго грошы, вытанчана сыграла непараўнальная Дар’я Сцяпанава.

Так у доме алігарха не на жарт разгарнуўся цэлы камічны дэтэктыў. Асабліва пасля з’яўлення на парозе сапраўднага кілера, у якім Таня пазнала свайго каханага Васіля. З гэтым камедыйным вобразам на ўсе 100% справіўся Аляксей Цімафееў.

Іскрамётны гумар, дакладныя акцёрскія знаходкі, ніякіх спецэфектаў (акрамя кетчупа і віртуальнага паху піражкоў), музычнае суправаджэнне, якое падыходзіць па настроі кожнай сцэне, танцавальныя партыі стварылі лёгкую і нязмушаную атмасферу для прагляду спектакля. Час праляцеў неўпрыкмет! У знак удзячнасці і падзякі зала падарыла бурныя авацыі ўсім акцёрам і галоўнаму рэжысёру.

«Вельмі прыемна, што глядач нас любіць і з задавальненнем прыходзіць на нашы спектаклі. Асабліва радасна, што і ў гэты раз, як толькі мы падрыхтавалі афішу, білеты сталі разлятацца, як гарачыя піражкі. Як рэжысёр, лічу гэтую пастаноўку прафесійным поспехам, а напярэдадні свайго дня нараджэння – лепшым падарункам. Усе акцёры – вялікія малайцы! Яны выклаліся па максімуме і справіліся з асноўнай задачай – глядач пайшоў задаволеным!», – падзялілася рэжысёр Таццяна Багданава.

Дар’я ЧАПУРНОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *