Гражданская инициатива ОО «ЭкоБум» по развитию туризма в Шумилинском районе получила поддержку и средства на реализацию

Мир увлечений Общество Спорт, туризм

 “Падарожжа па “беларускім Меркурыі” — так называецца грамадзянская ініцыятыва, прапанаваная раённым грамадскім аб’яднаннем “ЭкаБум”, якая перамагла ў адкрытым конкурсным адборы, што праводзіць Віцебская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў.

У мінулым годзе перамаглі, атрымалі фінансаванне і былі паспяхова рэалізаваны ў раёне дзве грамадзянскія ініцыятывы: “Новае жыццё валуна Вялікі камень” і “Марсіянскі пейзаж як на далоні”. У ходзе рэалізацыі першага добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол помніка прыроды “Вялікі камень”, размешчанага каля вёскі Горкі Дабейскага сельсавета. Рэалізацыя другога дазволіла ўстанавіць аглядавую вежу ў вёсцы Вішня Обальскага сельсавета на ўскрайку Обальскага балота ў заказніку “Казьянскі”.

Грамадзянская ініцыятыва “Падарожжа па “беларускім Меркурыі” працягвае “касмічную” тэму Обальскага балота і накіравана на развіццё экалагічнага турызму ў заказніку “Казьянскі”. Дырэктар Інфармацыйнага турыстычнага цэнтра Шумілінскага раёна кіраўнік ГА “ЭкаБум” Ірына Кулікава расказала:

– Грамадзянская ініцыятыва “Падарожжа па “беларускім Меркурыі” вылучана ў мэтах далейшага развіцця турызму ў заказніку і папулярызацыі балотынгу як асобнага віду экстрэмальнага турызму. Яна прадугледжвае рэалізацыю па двух напрамках. Першы – гэта падрыхтоўка сучаснай віртуальнай відэаэкскурсіі з выкарыстаннем экшн-камеры 360 градусаў. Для дэманстрацыі фільма-прэзентацыі плануецца выкарыстоўваць VR-акуляры, набытыя пры рэалізацыі ініцыятывы “Новае жыццё валуна “Вялікі камень”, што дазволіць атрымаць адчуванне рэальнага знаходжання на балоце, убачыць “беларускі Меркурый” з вышыні. Другі напрамак прадугледжвае ўстаноўку з удзелам грамадзян на маршруце па балоту ў найбольш цікавых месцах альтанак на драўляных платформах для адпачынку і назірання за прыродай. Для ўзмацнення эфекту “прыцягнення” на аб’ект і зручнасці праходжання маршруту плануецца набыць 10 пар балотаступаў, а таксама арганізацыю для турыстаў майстар-класаў па іх вырабе з прыродных матэрыялаў. Кошт рэалізацыі праекта ацэньваецца ў 30 тысяч рублёў. Дзякуючы перамозе ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў на рэалізацыю праекта будзе выдзелена 27 тысяч рублёў.

“Рэалізацыя ініцыятывы “Падарожжа па “беларускім Меркурыі” накіравана на непасрэдны ўдзел грамадзян у развіццё турызму ў Шумілінскім раёне і павелічэнне яго ўкладу ў эканоміку раёна. А VR-інтэрактыўны тур-прэзентацыя як лічбавы рэсурс будзе спрыяць развіццю экалагічнага турызму ў раёне і папулярызацыі такога экстрэмальнага яго віду як балотынг”.

Болотоступы

Да слова.

Адкрыты конкурс праектаў грамадзянскіх ініцыятыў Віцебская асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў праводзіць штогод. Сёлета ў конкурсе на першым этапе ўдзельнічалі 75 праектаў з усіх рэгіёнаў вобласці, у тым ліку 5 з Шумілінскага раёна. Па выніках папярэдняга адбору былі адабраны 43 праекты, з іх 2 – шумілінскія. Абарона праектаў перад экспертамі адбылася 28 сакавіка. У выніку незалежныя эксперты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый выбралі 27 праектаў з 19 раёнаў вобласці. Агульная сума фінасавай падтрымкі з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў на іх рэалізацыю складзе 550 тысяч рублёў.

Сярод праектаў-пераможцаў – праекты па добраўпарадкаванні крыніц, месцаў масавага адпачынку, паркаў, стварэнне спартыўных і дзіцячых пляцовак, рэканструкцыя помнікаў і памятных мясцін, іншых грамадска значных аб’ектаў як у вёсках і аграгарадках, так і ў гарпасёлках і райцэнтрах.

ДАВЕДКА  ГП.

Рэспубліканскі заказнік “Казьянскі” размешчаны ў Шумілінскім і Полацкім раёнах. Быў створаны ў 1960 годзе, яго плошча складае 28 469 гектараў. Заказнік уяўляе сабой мазаічны комплекс верхавых і адкрытых нізінных балот, хваёвых лясоў, заліўных лугоў, азёр і ўключае ўсе характэрныя ландшафты Паазер’я.

Балота мае асаблівую каштоўнасць як месца прабывання многіх рэдкіх відаў раслін і жывёл. Вясной і восенню тут можна назіраць масавую міграцыю птушак. Фларыстычныя жамчужыны заказніка – паўночныя архідэі і буйная плантацыя  марошкі – рэлікта апошняга ледавіковага перыяду.  “Казьянскі” ўключаны ў Сусветны спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння, мае статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі (гняздуюцца 175 відаў птушак, 44 з іх занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.

Унікальным з’яўляецца балотны градова-азёрны комплекс – вялікая колькасць дробных азёр, дзе на плошчы 5 кв. км знаходзіцца больш за 400 азярцоў. Менавіта гэты комплекс з вышыні выглядае як марсіянскі ці меркурыянскі пейзаж з вялікай колькасцю кратараў

Сяргей ЕРМАЛАЕЎ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *