Шумілінскія «Шорлі» і «Пузіроўку» любяць і ў Расіі

ТАА «ВЕЖА» заснавана прадстаўнікамі дзвюх краін – Беларусі і Расіі. Работнікі шумілінскага прадпрыемства штогод удзельнічаюць у выставе «Продэкспа», што праходзіць у Маскве. І зараз «ВЕЖА» мае заяўкі ад розных гандлёвых расійскіх сетак на пастаўку прадукцыі.
На днях на ТАА «ВЕЖА» праходзіў аўдыт – прыязджалі прадстаўнікі расійскай гандлёвай сеткі «ВкусВилл», якая штогод з’яўляецца буйным заказчыкам «Шорлі», «Пузіроўкі» і іншых напіткаў. Расіянам важна было на свае вочы ўпэўніцца ў правільнай і бяспечнай тэхналогіі вытворчасці. Міжнародны аўдытар высока ацаніла арганізацыю работы на вытворчасці. Падзякавала не толькі спецыялістам, але і рабочым цэха. Кантралёр харчовай прадукцыі Любоў Буза расказала пра тое, як яе работа ўплывае на бяспечнасць прадукцыі, як на прадпрыемстве працуюць па сістэме «НАССР». Любоў Уладзіміраўна рупіцца ў цэху больш за дваццаць гадоў, на спецыяльным апараце‑аўтамаце візуальна правярае якасць бутэлек для разліву прадукцыі. Праз яе рукі за змену праходзіць па 12‑18 тысяч бутэлек. Яны ідуць для разліву больш як паўсотні відаў розных напіткаў на аснове яблычнага соку.
«Гандлёвая сетка «ВкусВилл» нядаўна заказала безалкагольныя сідры з рознымі смакамі (яблычны класічны, яблык‑вішня, маліна‑бузіна), – расказала дырэктар ТАА «ВЕЖА» Святлана Мікалайчык. – Зараз ідзе ўзгадненне камерцыйнай прапановы, афармляюцца неабходныя дакументы. У канцы красавіка на прадпрыемстве пачынаюць выпускаць сідр безалкагольны са смакам манга – такую прадукцыю заказалі прадстаўнікі расійскага маркетплейса «Яндэкс. Лаўка» спецыяльна для чэмпіянату свету па футболе. Ужо распрацавана этыкетка аранжавага колеру з футбольным мячом, узгадняецца дакументацыя. Мяркуем выпусціць такой прадукцыі 50 тысяч бутэлек. Наталяць смагу ім будуць балельшчыкі чэмпіянату свету па футболе».
Таксама новая прадукцыя для «ВЕЖЫ» – газіраваныя напіткі «Клубніцы» і «Ваніль», пры вырабе якіх выкарыстоўваюцца натуральныя араматызатары. Такіх напіткаў (20 тысяч бутэлек) нядаўна заказала гандлёвая сетка «Еўраопт». Навінкай для беларускага рынку стане карэйскі напітак «Соджу», пры вырабе якога выкарыстоўваецца эфірнае масла з рознымі смакамі. Зараз прадукцыя праходзіць сертыфікацыю. Плануецца, што ўсе выпушчаныя 18 тысяч бутэлек разыдуцца па гандлёвых сетках.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
