Добрае сэрца і дзвіж – гэта па-нашаму
Упершыню ў раёне ў СШ № 1 г. п. Шуміліна прайшоў злёт-конкурс валанцёрскіх, валанцёрска-цімураўскіх атрадаў школ.
Каманды расказалі пра свае напрамкі работы і добрыя справы.
Каманда «Добрае сэрца» з Амбросавіцкай СШ даказала, што валанцёры 21 стагоддзя клапоцяцца пра птушак, праводзяць мерапрыемствы па здаровым ладзе жыцця з малодшымі школьнікамі. У абласным марафоне добрых спраў занялі першае месца ў намінацыі «Ад усёй душы».
Вучні каманды «БашніДзвіж» паведамілі, як прыбіраюць на беразе возера, на прыпынках, дапамагаюць сталым, рэалізуюць праект пра гісторыю аг. Башні.
Удзельнікі каманды «Юнацтва» Мішневіцкай БШ расказалі пра патрыятычнае, экалагічнае выхаванне і здаровы лад жыцця, чыстыя двары і абочыны, новыя пасадкі дрэў, дапамогу сталым.
Каманда «Па закліку сэрца » СШ № 1 г. п. Шуміліна дае сталым людзям адчуваць сябе адзінокімі, выступае на абарону братоў нашых меншых, прыбірае ў лесе.
Каманда «Дары дабро» СШ № 2 г. п. Шуміліна расказала пра адзін дзень з жыцця валанцёраў: пра дапамогу нямоглым, гульнявую праграму з малодшымі школьнікамі, выраб шпакоўняў для лясгаса, збор корму для прытулка «Добрык».
Ініцыятывы «Чысты двор», «Марыць і дзейнічаць», «Сэрца аддаю людзям», «Дзеці– дзецям» на рахунку каманды «Праменьчык дабра» з Мікіціхінскай СШ.
Пра тое, што дапамога слабейшаму – не абавязак, а лад жыцця, распавялі прадстаўнікі каманды «Валанцёры без межаў» Обальскай СШ. У валанцёрскага атрада «Добрае сэрца» Кардонскай СШ таксама шмат карысных спраў – яны ўбіраюць воінскія пахаванні і помнікі, высаджваюць кветкі.
Па выніках злёту-конкурсу перамагла каманда СШ № 2 г. п. Шуміліна «Дары дабро».
Былі вызначаны лепшыя каманды ў розных намінацыях: «Паспяховы старт» – каманда Мікіціхінскай СШ, «Разам зможам усё» – Амбросавіцкай БШ, «Дабро ў кадры» – Башнеўскай БШ, «Экалагічнае валанцёрства» – Кардонскай СШ, «Прапаганда валанцёрскага руху» – СШ № 1 г. п. Шуміліна, «Сацыяльнае валанцёрства» – Мішневіцкай БШ, «Пакаленне дабра» – Обальскай СШ.
Дыпломы аддзела па адукацыі райвыканкама камандам уручылі арганізатары мерапрыемства – работнікі РЦДіМ, падарункі – першы сакратар РК ГА БРСМ Вікторыя Ратнікава.
Ларыса КІСЯЛЁВА.





