Гісторыя Сіроцінскага храма
Пра храм Прасвятой Багародзіцы ў мястэчку Сіроціна раённая газета пісала неаднойчы, але як выглядала царква, ніхто не бачыў да апошняга часу. У сакавіку ў інтэрнэце з’явіліся фотаздымкі Сіроцінскай царквы, зробленыя немцамі ў канцы 1943 года, і цяпер мы можам пабачыць, як выглядаў храм.
ЗАСНАВАНА ГРАБНІЦКІМІ
Шмат звестак пра Сіроцінскую царкву можна знайсці ў “Полацкіх епархіяльных ведамасцях”, у “Гісторыка-юрыдычных матэрыялах”, іншых адкрытых крыніцах.
У гістарычных дакументах захавалася інфармацыя, што «Міхаіл Казімір Грабніцкі, падстолій ваяводства Полацкага…, жадаючы, каб без спынення праводзілася служба перад праслаўленым цудамі вобразам Сіроцінскай Божай Маці, маёнтак Сіроцін, які называўся раней Стараселле, у вядомых межах аддзяліў ад свайго спадчыннага маёнтка Мосаржа і духоўным завяшчаннем 1698 года лютага 14 завяшчаў Сіроцінскай царкве ордэна Васіля Вялікага, якая была заснавана папярэднімі ўладальнікамі маёнтка Багуцкімі».
Яго сын Карл запрасіў туды базільянаў, пабудаваў царкву ў імя Нараджэння Прасвятой Божай Маці і пры ёй манастыр.
Даведка. Старажытны шляхецкі род Грабніцкіх вядомы ў Віцебскім і Полацкім паветах з XVI стагоддзя. Ім належалі дзясяткі тысяч гектараў зямельных угоддзяў, маёнткі, фальваркі, вёскі, у ліку якіх былі Обаль, Грабніца, Мосарж, Сіроціна.
Царква была пабудавана прыгожая, трывалая, таму прастаяла 160 гадоў да першага рамонту ў 1861-1862 гадах.
Святар Яўфімій Іаанавіч Гнядоўскі, які 21 год (з 1869 па 1890) служыў у Сіроцінскай царкве, апісвае, што падчас рамонту 1861 года велічны будынак з дзвюма высокімі і стройнымі вежамі і невялікім купалам над галоўным алтаром быў ператвораны ў нешта нявызначанай архітэктуры: знішчылі вежы і купал, замянілі дах, на франтоне ўзвялі непрыгожую званіцу, пабудавалі васьмігранны дашчаны купал, унутры храма разьбу і пазалоту замянілі грубымі сталярнымі вырабамі. Да рамонту пад царквой быў склеп памешчыкаў Грабніцкіх – будаўнікоў гэтага храма.
У 1894 годзе храм пафарбавалі звонку і ўнутры, адрамантавалі дах.
У 1899 годзе настаяцель айцец Іаан Яўфімавіч Гнядоўскі (ён у 1891 годзе змяніў бацьку Я. І. Гнядоўскага і служыў да смерці ў 1914 годзе) у дакладзе пра стан храма ў Полацкую епархію апісвае царкву як драўляны абшаляваны будынак у форме чатырохканцовага крыжа на каменным фундаменце. Памеры храма: вышыня 3 сажані (1 сажань роўны 2,13 м) і да краёў 12 сажаняў, даўжыня 6 і шырыня 5 сажаняў. У царкве тры алтары, аддзеленых ад храма іканастасам, галоўны – у імя Нараджэння Прасвятой Божай Маці; другі – у імя Богаяўлення Гасподняга; трэці – у імя Свяціцеля Мікалая. У храме ёсць цудатворная ікона Прасвятой Божай Маці. На званіцы знаходзіцца шэсць званоў вагой ад 20 пудоў да 32 фунтаў (ад 330 да 13 кг). У царкоўнай бібліятэцы знаходзіцца 117 кніг. Святар адзначае, што царква “не столькі небагатая, колькі бедная”. Настаяцель згадвае каменную капліцу каля царквы і будынак двухкласнай царкоўна-прыходскай школы, пабудаваны ў 1894 годзе.
Даведка. Пры ўтварэнні Сіроцінскага прыходу да яго былі прыпісаны мястэчка Сіроціна і 20 вёсак. У 1899 годзе ў прыходзе налічвалася 2853 душы, у тым ліку 2614 праваслаўных (1342 мужчын і 1272 жанчыны) і 239 раскольнікаў. Таксама пражывала каля 2000 яўрэяў, былі католікі і мусульмане.
ЗАХАЦЕЛІ КАМЕННЫ ХРАМ
Прыступіўшы да служэння, Іаан Гнядоўскі пачаў клапаціцца пра ўзвядзенне новага храма ў Сіроціне. У 1895 годзе прыходскі савет абавязаў прыхаджан уносіць штогод на будаўніцтва царквы 50 капеек з душавога надзелу, што ў год складала 288 рублёў 50 капеек. Сродкаў было недастаткова, таму ў 1897 годзе сяляне згадзіліся дадаць яшчэ па 25 капеек у год, сума збору склала 432 рублі. Калі сабралі 4 тысячы рублёў, настаяцель прапанаваў капітальна адрамантаваць існуючы драўляны будынак, але прыхаджанам хацелася мець каменную царкву. Запрошаны з Віцебска архітэктар Т. В. Кібардзін агледзеў царкву і склаў план і каштарыс рамонту храма. Перабудова храма патрабавала 10 тысяч рублёў. Казна і Полацкая епархія грошы выдаткаваць не змаглі. Вырашылі звярнуцца да прыхаджан храма памешчыка Аляксандра Фёдаравіча фон-Розана і яго маці Алены Отаўны фон-Розан, якія ахвяравалі 5 тысяч рублёў, частка з якіх пайшла на ўладкаванне пад царквой фамільнага склепа баронаў фон-Розан.
20 мая 1907 года адбыліся таргі на падрадныя работы, якія ўзяў рыжскі цэхавы майстар К. І. Зомер на суму 6900 рублёў. Іканастас настаяцель заказаў у г. Казельску Калужскай губерні В. Г. Мацвееву за 1800 рублёў. Акрамя гэтага ў Кастраме Забеўкіну быў заказаны звон у 32 пуды.
Новая царква ў Сіроціне была пабудавана за пяць месяцаў і асвечана 24 лістапада 1907 года. Амаль 30 гадоў яна служыла прыхаджанам і радавала іх велічным выглядам.
ТРАГІЧНЫ ЛЁС
Пра далейшы лёс Сіроцінскай царквы расказаў відавочца падзей Рыгор Мееравіч Скаблоў, 1929 года нараджэння, які наведваў Сіроціна ў 2007 годзе. Ён узгадаў, што царква была закрыта ў 1938 годзе, а за два тыдні да гэтага крымінальнымі элементамі быў разрабаваны склеп. Труны былі ўскрыты, украдзены адзенне і каштоўнасці. Следства не праводзілася. У сярэдзіне чэрвеня калгасныя актывісты і камсамольцы пачалі скідваць званы, выносіць царкоўныя рэчы і іконы на вуліцу. Вынеслі і кінулі на дарогу распяцце. Кіраваў работай тагачасны старшыня калгаса, які пад’язджаў на кані і цікавіўся, як ідуць справы.
Сведка тагачаснага рабаўніцтва Лідзія Сцяпанаўна Суханава расказвала, што восенню ў царкве адкрылі клуб, але існаваў ён нядоўга. Туды ніхто не хадзіў, таму ў храме размясцілі збожжасховішча.
Пры вызваленні Сіроціна, у ходзе баявых дзеянняў 1943-1944 гадоў, пры абстрэле вёскі ў царкву трапіў снарад, і яна згарэла.
Зараз прастаражытны храм нагадваюць руіны фундамента і склепа.
Уладзімір КУРЫЛОВІЧ, в. Сіроціна.



