Вартавы дома – маленькі, але надзейны
У краіне стартавала маштабная інфармацыйная кампанія пра неабходнасць устаноўкі ў доме аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка.
Летась дзякуючы пранізліваму сігналу апавяшчальніка выратаваліся 67 чалавек, у тым ліку 14 дзяцей. За тры месяцы гэтага года дзякуючы прыбору выратаваны 46 чалавек, з якіх 8 – дзеці, паведамляе сайт МНС. Падлічана, што з 2002 года, калі ў Беларусі пачалося масавае ўкараненне аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў, былі выратаваны жыцці амаль трох тысяч чалавек.
«Часцей за ўсё пажар адбываецца ноччу, калі людзі спяць, і ў сне дастаткова некалькіх удыхаў з’едлівага дыму, каб не прачнуцца. На раннім этапе выявіць задымленне дапамагае аўтаномны пажарны апавяшчальнік, – адзначае начальнік РАНС Дзмітрый Гушчын. – Прыбор рэагуе на пэўную канцэнтрацыю дыму і падае гучны гукавы сігнал, які можа абудзіць спячага чалавека і тым самым выратаваць яго. АПА ўстанаўліваюць на столі, ён працуе ад батарэйкі, не патрабуе дадатковых правадоў, і разам з тым сур’ёзна павышае бяспеку дома. Для ўстаноўкі апавяшчальніка ў кватэры ці доме ніякія дазволы не патрабуюцца».
Падрыхтавала Алена КАРПУШЭНКА.

