Свае кадры – свая будучыня
Школы раёна ўсё часцей сутыкаюцца з недахопам настаўнікаў па матэматыцы і фізіцы – прадметах, без якіх сёння нікуды.
Педагогі раёна перакананы: самыя надзейныя кадры – свае, мясцовыя. Тыя, хто вырас тут, ведаюць школы, ведаюць людзей, адчуваюць родны раён. Таму яны і праводзяць метанакіравана прафарыентацыйныя экскурсіі ў навучальныя ўстановы. Часам дастаткова аднаго натхняльнага дня, каб убачыць сваю будучыню крыху выразней.
Так, нядаўна па ініцыятыве дырэктараў школ і аддзела па адукацыі райвыканкама для групы выпускнікоў была арганізавана паездка ў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава на факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій.
На факультэце іх сустрэлі цёпла і гасцінна – паказалі аўдыторыі, лабараторыі, далі магчымасць пагутарыць са студэнтамі і выкладчыкамі, прыадчынілі таямніцу, што пасля трэцяга курса можна перавесціся на індывідуальнае наведванне і адначасова ўладкавацца працаваць у школу. Магчыма, менавіта гэтая экскурсія стане для кагосьці першым крокам да выбару педагагічнай прафесіі з рашэннем застацца ў родным раёне.
Шчыра кажучы, асвятляючы гэтую тэму, міжволі ўспомніла сябе – такую ж разгубленую выпускніцу сярэдняй школы, якая стаяла на парозе выбару. Першапачаткова я збіралася паступаць у Гомельскі кааператыўны інстытут на факультэт бухгалтарскага ўліку і фінансаў (цяпер гэта Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі): здавалася, што гэта надзейна, практычна, правільна. Ужо і накіраванне ляжала ў кішэні. Але ў апошні момант дырэктар школы Аляксандр Карпавіч Кірпічэнка выклікаў у кабінет і сказаў: «Ты занадта камунікабельная і жывая для лічбаў, табе трэба ісці ў педагогі – ты ўмееш тлумачыць і чуць людзей». Гэтыя словы прымусілі мяне сур’ёзна задумацца… Я ў апошні момант выбрала беларускую філалогію і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт і з задавальненнем адвучылася. Праз год работы выкладчыкам зразумела, што мяне цягне далей, туды, дзе слова становіцца справай. Так я прыйшла ў журналістыку, у раённую рэдакцыю, дзе працую вось ужо 28 гадоў. Таму кожны раз, калі я бачу, як выпускнікі робяць свае першыя крокі да будучай прафесіі, я ўспамінаю тую размову і тое раптоўнае рашэнне. Часам дастаткова адной фразы, аднаго чалавека, які ўбачыць у табе крыху больш, чым ты сам.
Алена КАРПУШЭНКА.

