«Буду даяркай, як бабуля!»

У раёне нямала прыкладаў, калі ад маці дачкам, а потым і ўнучкам перадаецца любоў да прафесіі, веды і вопыт. Адна з дынастый, дзе прафесія перадаецца па жаночай лініі – Новікавы-Кавалёвы з ААТ «Ляжні».
Яны выбралі для сябе нялёгкую, але патрэбную працу ў жывёлагадоўлі. Пачынальнікам была Алена Іванаўна Цярэнцьева, якая амаль 45 гадоў адпрацавала даяркай у Верхнядзвінскім раёне. На той час яшчэ даілі кароў уручную, і ўнучка Алена, якую назвалі ў гонар бабулі, прыбягала дапамагаць на ферму. Яшчэ тады, у школьныя гады, дзяўчына зрабіла свой выбар: «Буду працаваць, як бабуля!». Бацькі не настойвалі на іншай прафесіі. Алена Новікава працавала аператарам машыннага даення ў Верхнядзвінскім раёне, а ў 2002 годзе па сямейных абставінах пераехала разам з дзецьмі на Шуміліншчыну, у вёску Ляжні. Сельгаспрадпрыемства выдзеліла сям’і дом сядзібнага тыпу. «А я пайшла рабіць тое, што ўмею і што мне падабаецца – даіць кароў, – усміхаецца Алена Алегаўна. – Зараз даглядаю 58 кароў, сярод самых прадукцыйных, якія даюць да дваццаці літраў малака за дзень – Афелія, Хурма і Берта. Даглядаю і паўтара дзясятка цялят, выпойваю іх малаком, сачу, каб заўсёды былі камбікорм і вада». Стаж у Алены Новікавай у жывёлагадоўлі зайздросны – 31 год. На ферме працуе і муж Мікалай, зараз падвозіць ваду на пашу каровам і цялятам.
Сваю любоў да жывёлы Алена Алегаўна перадала дачцэ Аляксандры, якая працавала спачатку на вагавой сельгаспрадпрыемства, часта дапамагала маці на ферме. А пяць гадоў таму перайшла пад матуліну апеку. Спачатку даіла кароў, а потым кіраўніцтва ААТ «Ляжні» прапанавала стаць брыгадзірам. Чатыры гады Аляксандра Кавалёва адказвае за ферму Ляжні-3, дзе знаходзяцца 240 кароў, і за Ляжні-4 (200 цялят на дарошчванні).
«Мой калектыў дружны, усе стараюцца, – заўважыла Алена Алегаўна. – Робім адну справу. Арганіку ад фермы адвозіць сын Ігар, кармы падвозіць зяць Сяргей Скітоў, муж Аляксандры».
Зараз на ферме Ляжні-3 дояць 17 кг малака на карову, гэта адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
