Студотряд, который дышит лесом.

Главное Молодёжь Общество Экология

Студатрад, які дыхае лесам

Замест бясконцага скролінгу ў TikTok і лайкаў у Instagram – зямля пад рукамі. Замест гукаў паведамленняў з месэнджараў – шолах травы і птушыныя спевы. Менавіта так выглядае рабочы дзень 13 шумілінскіх падлеткаў, якія з 1 ліпеня ўзяліся даглядаць маленькія дрэўцы. Дзеці – члены экалагічнага студатрада «Экамір» імя Героя Савецкага Саюза Д. М. Мінчугова, іх месца работы – лясны гадавальнік Шумілінскага лясгаса ў Полцеве.

Сярод байцоў атрада – адзінаццацікласнікі СШ № 1 г. п. Шуміліна Кірыл Коцікаў і Піліп Быкаў, Вікторыя Васёха, а таксама адзінаццацікласнікі СШ № 2 Ульяна Таргашына і Іван Прыгун. Першыя дні даваліся нялёгка: «Нават не думаў, што цэлы дзень можна правесі без мабільнага тэлефона», – усміхаецца Кірыл Коцікаў. – Але цяпер не баюся ні нагнутай спіны, ні ранішняй расы».

Ульяна Таргашына знайшла тут сваю зону спакою: «Тут так ціха, што чуеш, як расце трава… Працаваць адно задавальненне». Дзяўчына прызналася, што не супраць папрацаваць тут і ў жніўні.

Начальнік гадавальніка Уладзімір Арлоў прагназуе, што ў гэтым сезоне кожны студатрадавец можа атрымаць вельмі добры заробак. «Дзяўчаты і хлопцы працуюць з душой і аддачай», – кажа ён, паказваючы на палі роўных радоў саджанцаў.

Фініш работы студатрада – 31 ліпеня. Падлеткі вернуцца да звыклага жыцця, але хочацца спадзявацца, што нешта ў іх зменіцца, бо калі ты трымаў у руках маленькі сеянец і ўсведамляў, што ад цябе залежыць яго жыццё, – ты пачынаеш інакш глядзець на свет. Магчыма, менавіта так нараджаюцца сапраўдныя лесаводы. А можа, проста добрыя людзі, якія разумеюць, што лес – гэта не рэсурс, а сябар, які патрабуе клопату.

Аляксандр ШЭДЗЬКО



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *