Раненька ўстанеш – кароў падоіш
У пяць гадзін раніцы, калі над полем толькі рассейваецца туман, аператары машыннага даення ўжо на рабоце. І даяркі фермы Мосарава ААТ «АграБаравінка» паднімаюцца ў чатыры гадзіны раніцы, а то і раней.
Прыкладна ў такі час прачнулася і карэспандэнт раённай газеты, каб трапіць на ранішнюю дойку – прыехаць на пашу каля Тропіна, дзе на кругласутачным утрыманні знаходзіцца статак фермы Мосарава. Свежае паветра, раса на траве, цішыня, якую зрэдку парушае мычанне кароў, ствараюць асаблівую вясковую атмасферу. Каровы, якіх нядаўна пастухі перагналі на новы ўчастак, марудна скубуць траву – бачна, што накормленыя.
Пяць гадзін раніцы. Калектыў фермы Мосарава прыступіў да работы.
«Вельмі важна падмыць вымя кароў, здаіць першыя струмені малака, а потым ужо падключыць даільны апарат», – каменціруюць свае дзеянні аператары машыннага даення Вольга Сіўцова, Галіна Гурына і Вольга Рошчына. Яны сваю работу ведаюць дасканала, бо ў прафесіі не навічкі: Вольга Сіўцова працуе на ферме паўтара дзясятка гадоў, а Галіна Гурына і Вольга Рошчына – па сем гадоў.
Ранішняя дойка займае каля трох гадзін. У кожнай даяркі – свая «брыгада». Як распазнаць “сваіх” кароў сярод мноства чорна-пярэстых, якія здаюцца ўсе аднолькавымі, – гэта рэбус толькі для карэспандэнта. Аператары машыннага даення кажуць, што кожная жывёла мае свае знакі адрознення, а навічкам, якія нядаўна ў статку, павязваюць на рогі стужку пэўнага колеру. Каровы пазнаюць «сваю гаспадыню» па голасе і знешнім выглядзе.
У даенні зацікаўлены не толькі даяркі, аддаць малако, каб не насіць лішні груз, хоча і сама жывёла, таму і становіцца каля перасоўнай даільнай устаноўкі ў чаргу. Абслугоўвае ПДУ механізатар Уладзімір Багданаў. Ён не толькі сочыць, каб сістэма працавала без збояў, але і дапамагае даяркам выліваць у бачок малако, якое па трубаправодзе бяжыць далей – у цыстэрну, што на прычэпе трактара.
«На ферме Мосарава знаходзіцца 287 кароў, якія раздзелены на два статкі, – расказала загадчыца фермы Алена Мікалаева. – За дзень доім 3300 кілаграмаў малака, што складае 180% да аналагічнага перыяду мінулага года. Сакрэт поспеху – у стараннасці калектыву, захаванасці тэхналогій, якасным камбікорме, які каровы атрымліваюць кожны дзень. У нас талковыя заатэхнік Марыя Барысава і асемянатар Сяргей Арцем’еў, цесна працуем з райветстанцыяй, спецыялісты якой прыязджаюць па першым званку. А калі здараюцца экстранныя сітуацыі з расцёламі, дык нават і ноччу. Самыя малочныя каровы пасля ацёлу даюць па 24 літры малака за дзень. У сакавіку нарадзілася па 60 цялятак, у чэрвені – 36. На пашы знаходзяцца 27 цёлак пад пакрыццё, якіх даяркі паступова прывучаюць да перасоўнай даільнай устаноўкі».
Амаль у восем гадзін раніцы дойка фінішуе. Даяркі мыюць абсталяванне і едуць дадому адпачываць да вячэрняй дойкі, якая пачнецца ў 17.00. Праца работнікаў фермы часам застаецца незаўважнай, але менавіта дзякуючы іх старанню, адказнаму стаўленню да абавязкаў, цярпенню і клопату мы маем на стале малако, смятану, сыр і тварог.
Ларыса ЗАЙЦАВА.






