Некоторые школьники и студенты во время каникул зарабатывали деньги

Молодёжь Сельское хозяйство

Зарабляюць грошы на рукзакі і падарункі

Спецыялісты зернесушыльнага комплексу КУСГП «Мішневічы» не ўяўляюць сваёй работы падчас жніва без падмогі дзяцей. Як і кожны год, некаторыя вучні мясцовай школы сёлета ўладкаваліся на некалькі тыдняў падчас летніх канікулаў папрацаваць у мясцовую гаспадарку.

Плённа працуюць на зернесушылцы ў КУСГП «Мішневічы» і школьнікі, і студэнты.

«На зернесушылцы работы заўсёды ўволю, – кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Цікавенка. – Дзецям давяраем няцяжкую работу: падмесці, прыбраць. Сярод нашых памочнікаў ёсць сыны і дочкі нашых сённяшніх работнікаў, унукі ветэранаў працы. Хлопцы і дзяўчаты з дзяцінства прывучаны да работы і вельмі добра нам дапамагаюць».
Трымаем накірунак на мішневіцкі зерняток, дзе працуюць падлеткі. Яны з рыдлёўкамі і мётламі ў руках падграбаюць зерне, якое ляжыць на пляцоўцы, да кучы. Знаёмімся. Самы старэйшы сярод хлопцаў – Мікіта Сямёнаў. «Я на другім курсе, вучуся ў каледжы на рэгуліроўшчыка радыёэлектроннай апаратуры і прыбораў, – расказаў хлопец.– На зернесушылцы працую трэці год. Летась за месяц зарабіў каля 300 рублёў, сёлета, мяркую, будзе не менш».
Загадчыца склада Вольга Кліменцьева расказала, што сёлета дзеці (іх усяго дзесяць чалавек) працуюць у дзве змены. Так зручней спраўляцца з работай, бо зерне прывозяць з палеткаў з раніцы да позняга вечара. «Работай школьнікаў задаволена, – кажа Вольга Кліменцьева. – Выконваюць усе неабходныя работы. Нядаўна, напрыклад, прасявалі праз сіта насенне цімафееўкі. Пасля дажджу, калі камбайны часова не працавалі, дзеці наводзілі парадак на зернетаку».
Мы пацікавіліся ў хлопцаў, што яны хочуць купіць на заробленыя ў сельгаспрадпрыемстве грошы.
– Напэўна, куплю мабільны тэлефон, – кажа Арцём Азарка.
– А ў маіх планах няма канкрэтных планаў, куплю, што захачу, – усміхаецца Вадзім Юпатаў.
– А я рыхтуюся да школы, – расказаў Кірыл Сямёнаў. – Куплю сабе новы рукзак і сваёй сястры Вераніцы. А малодшай сястры, пяцігадовай Крысціне, таксама абяцаў са свайго заробку падарунак – мяккую цацку. Абавязкова куплю – няхай радуецца малая.
Вось такія хлопцы-памочнікі працуюць у КУСГП «Мішневічы» – шчырыя і руплівыя, якія клапоцяцца пра сваіх бацькоў і малодшых сясцёр.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Апублікавана ў №66 ад 25.08.2020 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *