В сельхозорганизациях Шумилинского района приняты дополнительные меры по сохранности телят в сильные морозы

Сельское хозяйство

Цялятам – цёплае малако,  каровам – дадатковыя канцэнтраты

Сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна прынялі дадатковыя меры па доглядзе і захаванні маладняку буйной рагатай жывёлы ва ўмовах рэзкага паніжэння тэмпературы паветра, паведаміў начальнік райсельгасхарчу Уладзімір Пушноў.

Каб на свае вочы паглядзець, у якіх умовах утрымліваецца жывёла, як яе кормяць, карэспандэнт раённай газеты накіравалася ў ААТ «Ляжні» на ферму Ляжні-1 падчас ранішняй дойкі. Каля фермы жывёлаводы насыпалі ў мяшкі апілкі, якімі падсыпаюць стойлы і праходы, каб было суха. «Сёння з раніцы ў Ляжнях мінус 27 – месцамі “прыхапіла” паілкі, іх разаграваем кіпенем, – патлумачылі работнікі фермы. – Ад таго ў кароўніку і стаіць пара, нібыта туман».

Працаваць у мароз жывёлаводам намнога складаней, бо прыбавілася работ і па ўцяпленні, і па падагрэве выпайкі для цялят. Прафілакторый для маладняку знаходзіцца ў памяшканні фермы. У ім зараз 24 цяляці – яны ўтрымліваюцца тут ад нараджэння і пакуль не набяруць вагу да паўсотні кілаграмаў. Падчас нашага прыезду сваіх падапечных-малочнікаў выпойвала праз соску аператар машыннага даення Ганна Ермаковіч. Яна працуе ў жывёлагадоўлі дваццаць гадоў і не помніць такога, каб больш месяца запар прыціскалі вялікія маразы. «Што рабіць – прыходзіцца працаваць і ў такіх умовах, жывёла ж сама сябе не накорміць, – усміхаецца Ганна Рышардаўна. – Нованароджаныя першыя дні знаходзяцца пад ацяпляльнымі лямпамі. Тыдзень выпойваю іх малодзівам тры разы на дзень, якое папярэдне падаграваю. Яшчэ тры разы поім цялят цёплай вадой. Падсцілка глыбокая дзеля цеплыні, з паўметра будзе. Яшчэ цялятам з трэцяга дня жыцця насыпаем у кармушкі камбікорм».

У сувязі з вялікімі маразамі павялічаны і рацыён харчавання кароў (іх на ферме 171), бо каровы ў холад спажываюць больш энергіі, расказаў дырэктар ААТ «Ляжні» Дзмітрый Людчык. Сенажу прывозяць больш, каб заўсёды ляжаў на кармавых сталах. Даюць па кілаграму канцэнтратаў на галаву жывёлы плюс па 300 грамаў на надоены літр малака.

Суцяшае ляжнеўскіх жывёлаводаў тое, што па прагнозах надвор’я чакаецца пацяпленне. Ды і да вясны засталося нямнога.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *