У пачатку працоўнага шляху асабліва важна адчуваць побач надзейнае плячо. Менавіта ў такой атмасферы падтрымкі і даверу прайшла сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам Шумілінскага раёна – размова, якая дапамагае зрабіць першыя крокі ў прафесіі ўпэўненымі і ўсвядомленымі.
У гэтым годзе Шумілінскі раён прыняў 85 маладых спецыялістаў. Найбольш шматлікай стала будаўнічая галіна – 20 навічкоў. У ахову здароўя прыйшлі 15 чалавек, па 14 папоўнілі сферу адукацыі і сельскую гаспадарку, 11 – лясную гаспадарку. У прамысловасць накіраваны 4 маладыя спецыялісты, у культуру – 2, па аднаму работніку прыбылі ў РАНС, РАУС, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і цэнтральную аптэку. Усе яны сталі ўдзельнікамі дыялогавай пляцоўкі «Платформа будучыні», якая прайшла ў раённым цэнтры культуры.
Маладых спецыялістаў віталі старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ларыса Жукава. Мадэратарам сустрэчы выступіла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і юрыдычнай работы райвыканкама Алеся Шавяка, якая задала тон жывой, адкрытай і шчырай размовы.
Моладзь акунулася ў атмасферу гісторыі, культуры і традыцый Шуміліншчыны, пачула ад першых асоб раёна аб магчымасцях росту, развіцця, адпачынку. Спікеры дзяліліся не толькі прафесійнымі парадамі, але і асабістымі гісторыямі: як пачынаўся іх шлях, як спраўляліся са складанасцямі, сумяшчалі працу і сям’ю, якія якасці дапамагаюць быць паспяховымі. Маладыя спецыялісты атрымалі адказы і на практычныя хвалюючыя пытанні – напрыклад, аб парадку атрымання арэнднага жылля.
Кіраўнік раёна гаварыў проста і адкрыта, запэўніў моладзь у падтрымцы на этапе адаптацыі: ад працоўных пытанняў да арганізацыі вольнага часу.
«На Шуміліншчыне, – падкрэсліў ён, – створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі – важна толькі не баяцца вучыцца, спрабаваць і выкарыстоўваць магчымасці, якія адкрываюцца перад моладдзю».
Ірына Іванаўна прадоўжыла тэму развіцця патэнцыялу маладых людзей, расказаўшы аб сацыяльным і культурным жыцці раёна, месцах для адпачынку, творчасці і ініцыятыў. Ларыса Іванаўна дала практычныя парады па вывучэнні калектыўных дагавораў і юрыдычных аспектаў працоўных адносін – тых нюансаў, якія асабліва важныя ў пачатку кар’еры.
Раён сустрэў моладзь цёпла і па-дамашняму – з верай у іх сілы, каштоўнымі парадамі і шчырымі пажаданнямі поспехаў. Кіраўніцтва раёна пажадала маладым спецыялістам у першую чаргу быць шчаслівымі сёння, расці прафесійна, не баяцца пытацца і быць актыўнымі ў сваіх пачынаннях.
У завяршэнне сустрэчы маладыя спецыялісты далучыліся да раённага мерапрыемства «У адзінстве наша сіла», прысвечанага Дню народнага адзінства.
Алена КАРПУШЭНКА.






