Гаспадары шумілінскіх лясоў
Ёсць прафесіі, якія мы ўспамінаем толькі ў пэўныя дні. А ёсць такія, чыя праца штодзённа і нябачна робіць наша жыццё лепшым. У трэцюю нядзелю верасня сваё прафесійнае свята адзначаюць тыя, хто стаіць на варце зялёнага багацця нашай краіны, – работнікі лесу. Для Шуміліншчыны гэта свята асаблівае, бо тут, сярод векавых соснаў і бярозавых гаёў, працуе калектыў Шумілінскага лясгаса – прадпрыемства, якое па праву можна назваць гаспадаром мясцовых лясоў.
Сёння Шумілінскі лясгас – не проста ўстанова. Гэта вялікая і дружная сям’я, у якой працуюць 338 чалавек. Пад іх нястомным кантролем знаходзіцца каля 140 тысяч гектараў ляснога фонду. Лесаводы добра разумеюць, што лес – гэта не толькі драўніна, але і чыстае паветра, крыніца чыстай вады і дом для шматлікіх жывёл. Менавіта таму ў ліку асноўных задач калектыву – абарона, ахова і ўзнаўленне лясных багаццяў.
Праца шумілінскіх лесаводаў не застаецца незаўважанай. Яны неаднаразова станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў і спаборніцтваў.
Сённяшні выпуск прысвечаны лепшым работнікам лясгаса.
Мішневіцкае лясніцтва

Тут працуюць людзі, для якіх лес – не проста праца, а справа жыцця.
Майстар лесу Сяргей Малай 15 гадоў штодзень крочыць па знаёмых сцежках, дзе ведае кожнае дрэва, кожную палянку. Яго праца – гэта не толькі ахова і нагляд, але і сапраўдная любоў да роднай прыроды.

Але ў любым калектыве патрэбны не толькі моцныя рукі, але і спакойны розум. Такі, як у бухгалтара Таццяны Пятровай. Яе веды і вопыт, упэўненасць і спакой трымаюць у парадку ўсе лічбы і дакументы лясніцтва.
Трудаўское лясніцтва

Ляснічы Віталь Глазкін штодзень пачынае сваю раніцу з абходу. Пад яго кіраўніцтвам Трудаўское лясніцтва не проста жыве – яно расце. Толькі за гэты год тут пасадзілі 14 тысяч гектараў новага лесу. За гэтымі лічбамі – не справаздача, а будучыня.

Побач з Віталём шчыруе памочнік ляснічага Андрэй Кліменціонак. Ён у лясніцтве ўжо 7 год. Сам з Лепеля, пасля адпрацоўкі мог з’ехаць, але застаўся. І прычына ў яго простая, без лішніх слоў: “Занадта прыгожыя мясціны”.
Казьянскае лясніцтва

Больш чым 30 год працуе ў лясной гаспадарцы вальшчык лесу Васіль Кірылаў. Прафесіянал, ведае ўсе тонкасці работы. Як кажуць калегі, няма такой працы, з якой не справіцца Васіль.
Дрэваапрацоўчы цэх “Паўночны”

Калі заходзіш у дрэваапрацоўчы цэх першае, што адчуваеш, – пах. Свежая смалістая драўніна, а яшчэ – рытм.
Сяргей Міхайлаў – станочнік. Ён можа на слых вызначыць, калі станок «стаміўся» ці калі трэба крыху нешта падправіць. Яго рукі адчуваюць дрэва лепш за любыя інструкцыі. Ён укладвае ў кожную дошку частку свайго майстэрства.

Але каб усе зладжана працавала, неабходны арганізатар. У «Паўночным» гэта Алеся Парашчук, майстар цэху. Яна арганізоўвае работы так, што ніводная хвіліна не марнуецца. Кантралюе якасць, сочыць за тэрмінамі, вырашае пытанні – спакойна, упэўнена, па-гаспадарску.
Прадукцыя «Паўночнага» едзе не толькі па Беларусі. Яе ведаюць у Расіі і ва Узбекістане.
Лесапункт “Шумілінскі”
На шумілінскім лесапункце жыццё не спыняецца ні на хвіліну.. І за кожным кубаметрам драўніны стаіць праца людзей.

Андрэй Лабоўкін – машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны. Яго стыхія – гушчар, бруд, бездарожжа. Там, дзе звычайная тэхніка не пройдзе, яго магутная машына ідзе напралом. За змену Андрэй вывозіць каля 150 кубоў драўніны.

Драўніну трэба даставіць на перапрацоўку. І тут у справу ўступаюць вадзіцелі. Міхаіл Цвяткоў штодзённа пераадольвае каля 300 кіламетраў па лясных дарогах і трасах. Побач з ім – Аляксандр Марозаў, вадзіцель са стажам. Ён даўно зразумеў, што лес не церпіць мітусяніны. Тут патрэбныя вытрымка, уважлівасць і любоў да сваёй справы.

У вытворчым участку ёсць пасада, без якой не выйдзе ў лес ніводная машына. Загадчык гаспадаркі Аксана Самковіч сочыць, каб тэхніка, а гэта каля 20 адзінак, была запраўлена, запчасткі – пад рукой, а тэрыторыя – добраўпарадкавана. Праца загадчыка не гучная, але неабходная, бо ад яе залежыць рытм лясніцтва і яго знешні выгляд.
Обальскае вопытна-вытворчае лясніцтва

Майстар лесу Васіль Юрчанка ў лясной гаспадарцы амаль 30 гадоў. Не любіць гучных слоў, кажа, што лес усё адчувае: і клопат, і абыякавасць. І аддае станоўчыя эмоцыі толькі тым, хто прыходзіць з любоўю.
Мікалаеўскае лясніцтва

Ёсць людзі, для якіх лес – гэта не прафесія, а радзіма. Валерый Еранькоў якраз такі. Яго ўчастак – ваколіцы роднай вёскі Падоры. Ён ведае тут кожную сцяжынку, бо хадзіў па іх яшчэ хлопчыкам, следам за бацькам, які быў лесаводам. Валерый не проста абраў прафесію – ён прадоўжыў справу жыцця свайго бацькі. Сёння ён сам сочыць за лесам. Гэта не проста праца – гэта спадчына.
Мікіціхінскае лясніцтва

Віктар Кірыдон – вальшчык лесу са стажам больш за 25 гадоў. За дзень нарыхтоўвае да 18 кубаметраў драўніны. Цяжкая праца, але ён не скардзіцца. “Проста прывык да лесу”, – кажа Віктар. За гэтым «проста» – любоў да роднай зямлі і вернасць справе.
Дрэваапрацоўчы цэх “Шуміліна”

Станочнік Сяргей Аўсяннікаў ведае, як паводзіць сябе кожная парода дрэва, як наладзіць станок пад канкрэтную задачу. Таму прадукцыя выходзіць роўная, без браку. Яна ідзе на рэалізацыю як па Беларусі, так і за мяжу.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.


