«Миссия миротворцев очень ответственная», подчеркнула председатель Шумилинской районной организации «Белорусский фонд мира» Людмила Шевцова

2026 - Год белорусской женщины Главное Край шумілінскі Людзі і лёсы Новости Общество

«Місія міратворца вельмі адказная»

21 верасня ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень міру. У 2026 годзе Беларускі фонд міру святкуе 65-гадовы юбілей. Больш за шэсць дзесяцігоддзяў арганізацыя аб’ядноўвае тысячы неразнадушных людзей дзеля адной агульнай мэты  – увасабленне ў жыццё ідэй гуманізму, міласэрнасці ў імя міру, дружбы і ўмацавання адзінства ў нашым грамадстве.

Гісторыя фонду міру пачалася 27 красавіка 1961 года. Тады ў СССР быў зацверджаны Савецкі фонд міру, які ўзначальваў вядомы пісьменнік Барыс Палявы, у 70-я гады было створана беларускае аддзяленне Савецкага фонду міру. А з 24 жніўня 1991 года Беларускі фонд міру стаў самастойнай арганізацыяй, старшынёй якой быў абраны Марат Ягораў – ветэран Вялікай Айчыннай вайны, журналіст, літаратар, народны дыпламат, пасол міру і чалавек з адкрытай душой. Першым чалавекам, які ў Шумілінскім раёне заняўся міратворчай дзейнасцю, стала Ганна Карнавушанка, доўгі час узначальвала арганізацыю Галіна Пеніна, у 2007 годзе эстафету прыняла Валянціна Паршыкава, у маі 2012 года фонд узначаліла Людміла Шаўцова, якая да гэтага часу з’яўляецца нязменным лідарам.

Кожны перыяд часу ўносіў свае карэктывы ў работу. Пры фінансавай падтрымцы Фонду міру ў нашым раёне была выдадзена кніга «Памяць», наладжаны сувязі з галандскай арганізацыяй «Дапамажы дзецям». Раённая арганізацыя была лідарам у краіне па прыцягненні фінансавых ахвяраванняў. Нязменнымі ў рабоце была і застаецца дзейнасць па фінансаванні работ, звязаных з увекавечваннем памяці загінуўшых у гады вайны, добраўпарадкаваннем памятных месцаў у рамках праграмы «Памяць», падтрымка творчай моладзі, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот. У зоне асаблівай увагі застаюцца былыя непаўналетнія вязні фашысцкіх канцлагераў і іншых месцаў прымусовага ўтрымання.

Візітнай карткай Фонду міру з 2009 года стала рэспубліканская акцыя «Дзіця міру». У 2010 годзе 21 верасня на Шуміліншчыне з’явіліся на свет першыя малыя – Ульяна Далжанкова і Кацярына Караленка (Шуміліна) і Кірыл Жыжоў (аг. Мікіціха), якія сталі ўладальнікамі гэтага звання. Зараз у раёне пражывае 9 дзяцей і падлеткаў з сімвалічным званнем «Дзіця міру».

У рамках праграмы «Народная і дзіцячая дыпламатыя» Віцебскай вобласці належыць першынство ў развіцці дзейнасці маладзёжнага блока праз арганізацыю цэнтраў дзіцячай міратворчасці «Школ міру». У нашым раёне стаць значнай часткай праекта пашчасціла Обальскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза З.М. Партновай. Гэты статус для ўстановы адукацыі стаў высокай ацэнкай шматгадовай работы педагогаў і вучняў школы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення. Школьны міратворчы атрад налічвае 25 вучняў.

Сёння раённая арганізацыі ГА «Беларускі фонд міру» на чале з Людмілай Шаўцовай працягвае захоўваць традыцыі мінулых гадоў і актыўна падтрымліваць новыя ініцыятывы, праекты, акцыі рэспублікі, вобласці і рэгіёна.

  «Для дасягнення пастаўленай мэты не трэба ісці цяжкай дарогай — простае рашэнне заўсёды знаходзіцца на паверхні, – лічыць Людміла Васільеўна. – Місія міратворца вельмі адказная. Неабходна з належнай павагай ставіцца да той справы, якой служыш, «гарэць» яго інтарэсамі, умець аб’яднаць і накіраваць намаганні міратворчага актыву на рэалізацыю сацыяльных і грамадска-палітычных задач».

Напярэдадні Дня міру Людміла Шаўцова выказвае падзяку ўсім людзям добрай волі, хто не застаецца ў баку і фінансава падтрымлівае праграмы Фонду міру, уносячы свой пасільны ўклад – народныя сродкі ідуць на добрыя справы. «Дабрабыту, удачы ва ўсім, міру і дабра. Хай кожны дзень прыносіць радасць і шчасце!», – пажадала Людміла Васільеўна.

Цікава. «МІР — гэта МАМА І РАДЗІМА» — падтрымала версію аднаго з удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу сачынення «Шчасце жыць у мірнай краіне» абласны лідар Фонду міру Таццяна Туманава. Для старшыні шумілінскай раённай арганізацыі Люмілы Шаўцовай МІР — гэта МАРА І РЭАЛІЗАЦЫЯ.

Дар’я ЧАПУРНОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *