17 верасня ўся Беларусь у адзіным парыве адзначыла дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. Галоўным цэнтрам прыцягнення для жыхароў паўночнага рэгіёна стала самае сэрца Віцебска – Летні амфітэатр. Менавіта тут разгарнуўся маштабны патрыятычны форум «Час выбраў нас! Сіла ў адзінстве!», які стаў яркім сведчаннем згуртаванасці і вернасці традыцыям. Актыўны ўдзел у грандыёзным свяце прыняла дэлегацыя раёна на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Русланам Матвейчуком.
Пляцоўка каля Летняга амфітэатра ператварылася ў сапраўдны эпіцэнтр цёплых сустрэч калег і сяброў. Сюды з’ехаліся людзі з усіх куткоў вобласці, каб у сяброўскай атмасферы пагутарыць, абмяняцца вопытам, падзяліцца свежымі ідэямі. Грамадскія аб’яднанні, палітычныя партыі і арганізацыі на выставе-прэзентацыі прадставілі свае самыя яркія праекты, накіраваныя на развіццё вобласці і ўсёй краіны. Госці свята актыўна пакідалі на інтэрактыўных дошках шчырыя пажаданні, ахвотна ўключаліся ў гульні, віктарыны і майстар-класы. Гэтая ажыўленая пляцоўка аб’яднала пакаленні і дазволіла кожнаму ўдзельніку зарадзіцца магутнай стваральнай энергіяй перад пачаткам святочнага канцэрта.
«Для нас, моладзі, Дзень народнага адзінства – гэта пра тое, што можна быць рознымі, але пры гэтым заставацца разам. У нас могуць быць розныя погляды на жыццё, інтарэсы, але гэтае свята нагадвае пра тое, што калі здарыцца нешта сур’ёзнае, мы можам аб’яднацца і дапамагчы адзін аднаму. Гэта пра рэальную падтрымку, калі сусед дапамагае суседу, калі валанцёры едуць туды, дзе чакаюць іх дапамогі. У гэтым і ўся сутнасць — быць адзінымі!», – падзяліліся сваімі меркаваннямі актывісты БРСМ Шуміліншчыны Лізавета Шчарбіна і Дар’я Шымко, якія былі ў складзе дэлегацыі.
Кульмінацыяй святочнага марафона стаў канцэрт у Летнім амфітэатры, трыбуны якога захліснула хваля магутнай, жывой, адзінай энергіі. Звяртаючыся да прысутных, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў цёпла павіншаваў жыхароў рэгіёна з дзяржаўным святам, падкрэсліўшы: «Адзінства – гэта аснова жыцця, моц нашага народа, здольнага звярнуць горы». Урачысты пасыл лідара абласнога дэпутацкага корпуса падхапілі творчыя калектывы. Больш за 500 артыстаў Прыдзвіння выйшлі на галоўную сцэну вобласці, каб натхніць гледачоў сваімі нумарамі на новыя здзяйсненні на карысць нашай дзяржавы.
Фінальным акордам вечара стала выступленне народнай артысткі Беларусі Вікторыі Алешка. Яе яркі вакал і запальная энергетыка паставілі прыгожую кропку ў святкаванні Дня народнага адзінства ў амфітэатры. Бурныя авацыі гледачоў доўга не змаўкалі, сотні чырвона-зялёных сцягаў працягвалі лунаць у руках беларусаў, якія ганарацца за сваю краіну. Удзельнікі форуму выносілі з сабой галоўны пасыл дня: пакуль мы адзіныя – мы непераможныя!
Дар’я ЧАПУРНОВА.










